Прафiлактыка, папярэджванне

Закон и порядок

На чарговым пасяджэнні раённага каардынацыйнага савета разглядалася пытанне прафілактыкі п’янства і алкагалізму, а таксама ўчыненне ў сувязі са злоўжываннем алкаголю злачынстваў супраць жыцця і здароўя на глебе сямейна-бытавых канфліктаў.

Дакладчыкам выступіў намеснік старшыні райвыканкама П. І. Бібік. Тлумачэнні давалі начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх А. К. Карачун, старшыня Івянецкага пасялковага выканкама Т. Я. Ліпніцкая, старшыня Дорскага сельвыканкама Р. Б. Іваноўская, дырэктар сельскагаспадарчага ліцэя У. І. Мітрошчанкаў, старшыня Яршэвіцкага сельвыканкама В. Я. Шчасноўская.

Пры падвядзенні вынікаў былі вызначаны асноўныя накірункі работы дзяржаўных органаў і арганізацый.

Аддзелу адукацыі падчас летніх канікулаў даручана праверка месцаў масавага прабывання падлеткаў на факт выяўлення непаўналетніх, якія знаходзяцца ў грамадскіх месцах ноччу без суправаджэння дарослых, а таксама тых школьнікаў, хто ўжывае спіртныя напіткі і піва. Супрацоўнікі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму павінны правесці дадатковую работу па заключэнні дамоў на аказанне спартыўных паслуг для працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый райцэнтра. А каб здаровы лад жыцця сярод насельніцтва набываў папулярнасць – распаўсюдзіць лістоўкі, агітацыйныя плакаты і іншыя віды сацыяльнай рэкламы.

Часам фіксуюцца выпадкі парушэння заканадаўства аб забароне рэалізацыі спіртных напіткаў, слабаалкагольных напіткаў і піва непаўналетнім. Каб выкараніць гэту з’яву, аддзел эканомікі райвыканкама павінен забяспечыць належны кантроль за дзейнасцю аб’ектаў рознічнага гандлю.

Выдатныя вынікі даюць правядзенні “Дзён цвярозасці”. Такая практыка павінна прадоўжыцца.

Усе адміністрацыйныя справы ў адносінах асоб, якія парушаюць антыалкагольнае заканадаўства, павінны разглядацца галосна, па месцы жыхарства. Выкананне гэтага патрабавання даручана сельвыканкамам, РАУС, суду Валожынскага раёна. Адказныя службовыя асобы павінны выяўляць тых, хто нідзе не працуе, злоўжывае спіртным, схільны да антыграмадскіх паводзін.

Распрацаваны графік, згодна з якім сумесныя рэйды па ліквідацыі ачагоў самагонаварэння правядуць супрацоўнікі праваахоўных органаў, работнікі МНС і іншых структур.

Пра факты распівання алкагольных напіткаў на рабочых месцах і ў рабочы час неабходна тут жа паведамляць у дзяжурную часць РАУС для прыцягнення вінаватых асоб да адказнасці. Неабходна ўзмацніць кантроль за допускам у рэйсы вадзіцеляў транспартных сродкаў на прадмет ўжывання алкаголю.

Каб павялічыць прафілактычнае ўздзеянне працоўных калектываў на правапарушальнікаў неабходна размяшчаць на стэндах сведчанні пра іх учынкі.

Не павінны заставацца ў баку і саветы грамадскіх пунктаў аховы парадку. Ім даручана штоквартальна аналізаваць стан крымінагеннай абстаноўкі, падбіраць меры індывідуальнай прафілактыкі да асоб, якія ўхіляюцца ад грамадска-карыснай працы, займаюцца вырабам і рэалізацыяй самагону.

Медыкі раёна павінны арганізаваць службовыя праверкі па кожным факце забойства, нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Праводзіць раз’ясняльную работу, лекцыі і індывідуальныя гутаркі аб шкодным уздзеянні алкаголю.

Пры разглядзе грамадзянскіх спраў аб скасаванні шлюбу суд Валожынскага раёна будзе паведамляць аб фактах насілля ў сямейна-бытавой сферы з мэтай правядзення адпаведнай прафілактычнай работы.

Пракуратура Валожынскага раёна арганізуе і правядзе з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх фарміраванняў вучэбны семінар па пытаннях выканання заканадаўства, накіраванага на прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў, узмацненне барацьбы з п’янствам і алкагалізмам.

Па прапанове начальніка РАУС І. У. Шакуна прынята рашэнне аб рабоце “гарачай” тэлефоннай лініі. Па нумары 55-6-05 можна патэлефанаваць у пракуратуру раёна і паведаміць пра факты вырабу, рэалізацыі і набыцця самагону.

Валерый ПЯРКОЎСКІ,

пракурор Валожынскага раёна.

Увага!

У пракуратуры працуе  “гарачая лінія”! Тэлефануйце ў рабочы час і паведамляйце пра факты вырабу, рэалізацыі і набыцця самагону па нумары: 55-6-05.

 



Добавить комментарий