Засцерагчы зялёную спадчыну

Закон и порядок

Штогод у свеце ўзнікае каля 200 тысяч лясных пажараў, якія пашкоджваюць каля 0,5% агульнай плошчы лясоў і выкідаюць у атмасферу мільёны тон прадуктаў гарэння.

У нашай краіне, акрамя лясных, значную шкоду прыносяць тарфяныя пажары. Агульная плошча ляснога фонду Беларусі складае больш за 9400 тысяч гектараў або 45% яе тэрыторыі, тарфяныя балоты займаюць больш за 10%.

Аналіз дынамікі лясных пажараў у краіне сведчыць аб тым, што экстрэмальныя пажарныя сезоны назіраюцца з перыядычнасцю 2-3 разы ў дзесяцігоддзе. Самымі пажаранебяспечнымі былі 1992 і 2002 гады.

Узнікненне пажараў у лясным фондзе адбываецца па віне насельніцтва ў 73% выпадкаў, з-за сельгаспалаў – 20%, і толькі 7% – па іншых прычынах.

Валожынскі лясгас жыхарам і гасцям раёна нагадвае: паводле “Правілаў пажарнай бяспекі ў лясах Рэспублікі Беларусь” падчас пажаранебяспечнага сезона забараняецца:

· разводзіць вогнішчы ў хвойных маладняках, на ўчастках пашкоджанага лесу (буралом), тарфяніках, у месцах з падсохлай травой;

·       пакідаць непатушанымі крыніцы гарэння, тлення (запалкі, акуркі і інш.);

·       выкарыстоўваць на паляванні пыжы з лёгкаўзгаральных або тлеючых матэрыялаў;

·       пакідаць прамасленыя альбо прамочаныя лёгкаўзгаральныя матэрыялы, паперу, тканіну, вату і інш.;

·       запраўляць паліўныя бакі машын у нявызначаных месцах, а таксама падчас работы рухавіка выкарыстоўваць машыны і механізмы з пашкоджанымі бакамі, правадамі.

·       выпальваць сухую траву на землях ляснога фонду.

У выпадку ўзнікнення 4-5 класа пажарнай небяспекі і колькасці пажараў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы могуць абмяжоўваць і ўводзіць забарону на знаходжанне насельніцтва ў лясах.

Андрэй ЗАВАЦКІ,

інжынер па ахове і абароне лесу Валожынскага лясгаса.

« Валожынскі лясгас звяртаецца да жыхароў і гасцей  раёна з заклікам не парушаць Правілаў пажарнай бяспекі, а ў выпадку выяўлення ляснога пажару тэлефанаваць дзяжурнаму лясгаса па тэлефонах: 55-77-3, 55-0-93 або ў МНС па тэлефоне 101.

 



Добавить комментарий