Ідуць у садзік бойка, жвава, бо тут утульна и цікава

Общество

“І жэніцца, і родзіць вёска слаба…” – пісаў у сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя Ніл Гілевіч. Не лепшыя справы і сёння. У аграгарадку Сугвазды ўжо і школы няма. Праўда, памяшканне не пустуе. Новыя гаспадары паклапаціліся пра чысціню і ўтульнасць у былых класных пакоях і на падворку, тут зноў звініць вясёлы дзіцячы смех, на кухні гатуецца “першае”, “другое” і вітамінны кампот. З цеплынёй ставяцца вяскоўцы да гэтага астраўка маленства пасярод іх дарослай суполкі…

Сямейны дзіцячы сад – з’ява ў рэспубліцы адносна новая. У Сугваздах у такім статусе дашкольная ўстанова працуе нядаўна. Але і выхавацелі, і чатырнаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак ужо зрадніліся. Малым было прасцей, бо яны прадстаўнікі шматдзетных сямей і амаль усе паміж сабою брацікі і сястрычкі. Для іх калі і дабавілася кантактаў з чужымі людзьмі, то не так шмат, каб асабліва звяртаць на гэта ўвагу ці ўпадаць у стрэс.

Абстаноўка, набліжаная да дамашняй – вось што вылучае сямейны сад сярод іншых дашкольных дзіцячых устаноў. Зразумела, што чым больш звыклае асяроддзе для маленькага чалавека, тым менш ён атрымлівае эмацыянальных траўм. Да таго ж малодшыя пераймаюць навыкі ў старэйшых аднагрупнікаў, цягнуцца за імі, а на практыцы, як вядома, вопыт назапашваецца куды лепш. Дзеці не толькі разам гуляюць, але і наведваюць музычныя і спартыўныя заняткі, даглядаюць кветкі ў аранжарэі, далучаюцца да асноў здаровага ладу жыцця.

Кіруе сямейным садзікам “Светлячок” дырэктар Вольга Уладзіміраўна Старыкевіч, дапамагаюць ёй выхавацель Станіслава Іванаўна Шэўчык, яна ж і музычны кіраўнік, памочнік выхавацеля Яўгенія Генадзьеўна Пашкоўская, повар Таццяна Валянцінаўна Богдан.

Усе яны прыхільнікі патрыятычнага падыходу ў выхаваўчым працэсе. Садзік упрыгожаны ў нацыянальным стылі, дзеткам чытаюцца кніжкі на роднай мове, развучваюцца беларускія народныя песні і танцы.

У дадзенай дашкольнай установе, як і прынята ў добрай сям’і, усе ладзяць між сабой. Дзеці, бацькі, выхавацелі разам на святах, мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах. Гэта дапамагае яшчэ больш зблізіцца, дарослым адшукаць новыя шляхі партнёрства, а дзецям – развіваць і раскрываць свае здольнасці.

Выхаванцы сугваздаўскага сямейнага садзіка “Светлячок” гадуюцца ў “царскіх” умовах: за імі наглядаюць любячыя нянечкі, пад рукой – безліч цацак, пакоі прасторныя, светлыя, цёплыя, побач – родныя брацікі і сястрычкі. А вось супрацоўнікі ўстановы не пазбаўлены цяжкіх думак, хвалявання. Гэта не толькі адказнасць за жыццё, здароўе дзетак, за правільны падбор выхаваўчых метадаў і прынцыпаў, але і перажыванне ці будзе праз год-другі запатрабаваны іх педагагічны вопыт, гэты ўтульны будынак, па-гаспадарску ўпарадкаваны двор. Сёлета, напрыклад, сямёра малых пойдуць у школу, а на змену ім прыйдзе толькі двое.

Пустуючы дзіцячы сад у вёсцы – сумны помнік неапраўданым спадзяванням. У той жа час месцаў у дашкольных установах Валожына не хапае. Адна гарадская дзяўчынка, мама якой працуе ў Сугваздах, кожны дзень прыязджае сюды і з задавальненнем ходзіць у вясковы сад. Магчыма, хтосьці возьме гэта сабе за прыклад…

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий