Старонкі гісторыі

Культура

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Заходняя Беларусь да верасня 1939 года знаходзілася ў складзе буржуазнай Польшчы. З усталяваннем польскай улады быў адноўлены палітыка-адміністрацыйны падзел краіны, страчаны ў 1795 годзе ў выніку Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. На ўсёй тэрыторыі ўтварылася 17 ваяводстваў: 6 цэнтральных, 5 заходніх, 6 усходніх.

Навагрудскае ваяводства (з землямі Валожыншчыны) уваходзіла ў групу ўсходніх ваяводстваў. У 1921 годзе плошча ваяводства складала 22692 кв. км, а насельніцтва – 800761 чалавек.

Ваяводствы падзяляліся на паветы, паветы на гміны. У склад Валожынскага павета ўваходзілі гміны: Бакштанская, Валожынская, Вішнеўская, Забрэзская, Івянецкая, Лугамавіцкая, Налібоцкая, Пяршайская, Трабская, Юрацішкаўская.

Ракаў з навакольнымі вёскамі ўваходзіў у склад Маладзечанскага павета. У Ракаве пражывала 3526 чалавек, было 545 жылых дамоў.

 

Сярэдні дзённы заробак рабочых у 1934 годзе складаў 2 злотых.

Што можна было купіць за гэтыя грошы і якім было матэрыяльнае становішча насельніцтва, можна ўявіць, параўнаўшы дзённы заробак рабочага і цэны на жыццёва неабходныя тавары ў Валожынскім павеце таго часу:

1 сшытак каштаваў 5 грошаў;

1 яйка – 5 грошаў;

1 шклянка гарбузных семак – 10 грошаў, або 2 яйкі;

1 фунт солі (400 г) – 20 грошаў;

1 кг солі (чорнай) – 50 грошаў;

1 бутэлька гарэлкі – 2 злотых;

1 бутэлька газы – 20-30 грошаў;

1 кг селядцоў (сардзін) – 1-1,5 злотых;

1 булачка – 10 грошаў;

1 кг сітняга хлеба – ад 50 грошаў да 1 злота;

пара хромавых ботаў – да 100 злотых;

касцюм мужчынскі – суконны (толькі матэрыял) – 75-120 злотых.

Землі на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства былі пераважна малаўрадлівыя. Па-рознаму беднае сялянства шукала выйсце з гаротнага жыцця. У Івянецкай гміне працавалі на цагельні або на заводах па вырабе кафлі, у Вішнеўскай, Забрэзскай – у лесе, на чыгунцы, будавалі масты, на румах вязалі плыты і сплаўлялі іх па Бярэзіне (жыхары Бакштаў), па Нёмане аж да чыгуначнай станцыі Нёман (Лідскага павета).

Беднае насельніцтва выязджала ў Амерыку, частка моладзі праз граніцу пераходзіла ў Савецкі Саюз.

 

Лясная гаспадарка давала даходы памешчыкам, прыбытак яўрэям-лесагандлярам і заробкі сялянам, занятым на лесараспрацоўках. Сваю лесапілку ва ўрочышчы Баравікоўшчына меў з 1860 года граф Венядзікт Тышкевіч. Працавала яна з красавіка па кастрычнік, калі было магчыма выкарыстоўваць вадзяны рухавік у 12 конскіх сіл. У 1889 годзе аб’ём вытворчасці склаў 2400 дошак на суму 120 рублёў. Працаваў на гэтай лесапілцы па 6 гадзін у дзень усяго адзін рабочы, атрымліваючы па 3 рублі ў месяц.

 

Казённая медыцынская дапамога доўгі час абмяжоўвалася драўлянай сельскай лячэбніцай у Валожыне на 10 ложкаў, пабудаванай у 1892 годзе. Заслаўская і Ракаўская воласці абслугоўваліся сельскім урачэбным участкам з бальніцай у Заслаўі, Івянецкая і Пяршайская – прыёмным пакоем у Івянцы. Да 1908 года земская бальніца адкрылася ў Івянцы. На працягу года ў яе паступіла 269 хворых, іх лячэнне абышлося ў 3304 рублі. У пачатку ХХ стагоддзя ў Валожыне, Вішневе, Івянцы, Пяршаях і Ракаве існавалі аптэкі. У мястэчках практыкавалі прыватныя ўрачы.

 



Добавить комментарий