З глядацкім прызнаннем

Молодежный курьер

Вярнулася дадому ўдзельніца рэгіянальнага фестывалю-конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля” юная івянчанка Татэвік Грыгаран.

Сёлетні фэст, які прайшоў у Маладзечне, быў юбілейным – 15-м па ліку. І ўдвая больш урачыстым і патрабавальным да выканаўцаў, бо гэтай падзеяй завяршыўся Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі. Не дзіва, што і журы было адпаведнае, кампетэнтнае і вельмі дасведчанае, узначаліў якое кампазітар і выканаўца Алег Елісеенкаў.

Песенную Валожыншчыну напачатку мелі намер прадставіць перад шаноўнай публікай тры юныя таленавітыя выканаўцы раённай эстрады, аднак абставіны для дваіх канкурсантак склаліся не зусім спрыяльна, і на сцэне Маладзечанскага амфітэатра заблішчэла толькі адна наша зорачка – 16-цігадовая Татэвік Грыгаран з гарадскога пасёлка Івянец. І хоць яна ўпершыню прымала ўдзел у мерапрыемстве падобнага маштабу, звонкі і чысты голас не здрадзіў юнай спявачцы. Яна прадставіла на суд слухачоў і журы два творы – “Прыроды чысты храм” на словы і музыку А. Атрашкевіч і “Feelling good” з рэпертуару гурта “Muse”. Шумныя апладысменты пацвердзілі поспех, а канчаткова замацавалі яго члены журы, прысудзіўшы маладой івянчанцы дыплом “За высокую сцэнічную культуру” і, як дадатак, каштоўны падарунак. Павіншуем, будзем спадзявацца, будучую зорку з добрым пачынам! Што да самога фестывалю-конкурсу, то ў наступным годзе ён пройдзе ўжо ў Валожыне.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий