У добры шлях, выпускнікі!

Общество

У аўторак над плошчай Свабоды Валожына зноўку залуналі непаўторныя светла-сумныя гукі развітальнага вальса. Гэта школы раёна развітваліся са сваімі выпускнікамі. Зіхатліва-юныя роўнымі радамі яны стаялі перад імправізаванай сцэнай, і цяпер толькі нітачка сардэчных, шчырых слоў-наказаў была мяжой між імі сённяшнімі і ўсім астатнім доўгім дарослым жыццём…

Сёлета на Валожыншчыне закончылі адзінаццаць класаў 542 юнакі і дзяўчаты. 250 лепшых былі запрошаны на раённае мерапрыемства. Як справядліва заўважыла ў сваёй уступнай прамове начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Г. В. Сматрова, за плячамі ў кожнага з гэтых маладых людзей – адзінаццаць прыступак-гадоў, першы і апошні званок, выпускныя экзамены. І выказала спадзяванне, што атрыманыя падрыхтоўка, добрыя веды дапамогуць нядаўнім дзецям дастойна пераступіць у даросласць, знайсці свой шлях і прынесці карысць грамадству.

Сёлетні год выдаўся багатым на медалістаў. 18 выпускнікоў школ раёна ў пацвярджэнне выдатнай вучобы атрымалі залатыя медалі, яшчэ два – сярэбраныя. Першыя ўзнагароды юнакам і дзяўчатам уручыў  старшыня раённага выканаўчага камітэта У. А. Наумовіч. Да кожнай граматы прыкладалася і прэмія ў памеры пяці базавых велічынь. Урачыста падымаліся разам са сваімі таленавітымі дзецьмі на імправізаваную сцэну і шчаслівыя бацькі: на іх тварах так і свяціўся гонар за сваіх крывінак, у якіх у той дзень адбыўся першы “зорны” час. Акрамя таго, многія выпускнікі ў памятныя скарбонкі разам з традыцыйнымі перавязнымі стужкамі пакладуць Падзякі начальніка аддзела адукацыі “За высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці”, а іх таты і мамы – Падзячныя лісты за дастойнае выхаванне дзяцей і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Падчас выпускнога балю заслужаныя ўзнагароды і апладысменты атрымалі таксама і пераможцы абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў, аглядаў, спартыўных спаборніцтваў.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий