Кошт неасцярожнасці

Закон и порядок

Адзін з нядаўніх спякотных чэрвеньскіх надвячоркаў нечакана і ашаламляльна ўскалыхнуў Сівіцу чорнай навіной: пад коламі сельскагаспадарчай тэхнікі загінуў чалавек…

Няшчасны выпадак адбыўся на аўтадарозе Проўжалы-Загорцы. Атрымаўшы заданне ачышчаць сівіцкія палі ад камення, малады механізатар гаспадаркі зранку прычапіў да “МТЗ 82.1” адпаведны агрэгат і выехаў на працу.

Заканчваючы дзень, у чарговы раз сабраўся вывезці і выгрузіць камяні. Рухаючыся па аўтадарозе, трымаўся бліжэй да абочыны, каб не ствараць перашкоды сустрэчнаму транспарту. Ехаў каля пашы, дзе ў той час пасвіўся гаспадарчы статак пад доглядам 32-гадовага жывёлавода. Як на тую бяду, мужчына прылёг менавіта на той абочыне, дзе ехала сельскагаспадарчая тэхніка і, напэўна, задрамаў. Трактар чалавека мінуў, але шматтоннай вагой на пастуха ўз’ехала кола каменяўборачнай машыны…

Падрабязныя абставіны здарэння высвятляюць супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў. Яны і паведамілі рэдакцыі вынікі папярэдняга расследавання. Па ўсім выходзіць, што пры кіраванні транспартам мела месца банальная неасцярожнасць. Супраць механізатара ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий