Старанныя гаспадары — прыгожая сядзіба

Общество

У вёсцы Дубіна Узбалацкага сельсавета набярэцца не адзін дзясятак сядзіб, вонкавы выгляд якіх сведчыць пра старанне гаспадароў. У ліку такіх і дом № 88 на вуліцы Сонечнай Васіля Мікалаевіча САКА – вадзіцеля ААТ “Агра-Дубінское”.

Нягледзячы на загружанасць вытворчымі справамі, яны разам з жонкай Жаннай Антонаўнай трымаюць марку руплівых, акуратных і старанных вяскоўцаў. Вялікі газон каля дома падкошаны, праполаты, аздабляюць сядзібу кветкі, тэрыторыю ўчастка абрамляе пафарбаваная агароджа.

На гэты жылы дом нашу ўвагу звярнулі аднавяскоўцы, яны шчыра пахвалілі гэту сям’ю за клопат пра добраўпарадкаванне. Прайшоўшыся цэнтральнай вуліцай Дубіны, і сапраўды кінецца ў вочы выключная дагледжанасць многіх прыватных сядзіб. Гэта цешыць душу! Узбочыны своечасова падкошаны, няма смецця на вуліцы, стыхійных звалак. Зрэшты, так і павінна быць у населеным пункце, тым больш што сёлетні год праходзіць у Мінскай вобласці пад знакам добраўпарадкавання і высокай санітарнай культуры.

Але знаёмячыся з Дубіной, з новымі мікрараёнамі гэтай вёскі, усё ж міжволі заўважыш і адзін істотны недахоп. Ля новых пабудоў амаль не сустрэнеш зялёнага прыроднага аздаблення, пладовых дрэў. А старыя сядзібы літаральна патанаюць у пышных прысадах. Дык няўжо ў далёкае мінулае назаўсёды канула і добрая традыцыя садзіць дэкаратыўныя кусты, яблыні, вішні, іншыя віды дрэў ля жылых дамоў?! На жаль, падобная тэндэнцыя назіраецца не толькі ў Дубіне…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий