Кулінарныя шэдэўры без сакрэтаў

Общество

Дзесяць страў – ад бананавага торта да фруктовага жэле – дэманстраваліся падчас майстар-класа “Кулінарны шэдэўр”, які ладзіўся на базе аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў, што ў райцэнтры.

Праводзілі майстар-клас зусім не тытулаваныя шэф-повары і зусім не для кулінараў. Галоўнымі кухаркамі тут былі ўдзельніцы клуба “Залатая восень” – жанчыны на заслужаным адпачынку, не страціўшыя энергіі і актыўнасці.

Зінаіда Уладзіміраўна Крутэнка – былы сакратар Валожынскага сельвыканкама, Ала Дамінікаўна Альхова, якая працавала інжынерам-меліяратарам у Валожынскім ПМС, Валянціна Пятроўна Наумовіч – былы аператар аўтазаправачнай станцыі, Ніна Уладзіміраўна Азарэвіч, якая пайшла на пенсію з пасады намесніка дырэктара аб’яднання грамадскага харчавання. Усе яны не толькі гаспадыні з багатым кулінарным вопытам, але і нястомныя энтузіясткі, гатовыя бескарысліва дзяліцца святам і радасцю з тымі, хто іх не мае.

З сакрэтамі гастранамічнага свету яны знаёмілі падлеткаў-сірот і падлеткаў з нядобранадзейных сем’яў – удзельнікаў клуба “Фрэгат” Валожынскага сельгасліцэя, а таксама маладых інвалідаў.

Жанчыны вучылі гатаваць дэсерты з даступных кожнаму інгрэдыентаў. Запаўнялі тарталеткі разнастайнымі салодкімі начынкамі, паказалі, як з дапамогай вафельных каржоў хутка прыгатаваць шакаладна-бананавы торт. Моладзь з задавальненнем дапамагала гаспадыням. Асабліва актыўнымі былі юнакі. Некаторыя ліцэісты прызналіся: хочуць асвоіць універсальныя рэцэпты, каб, запрасіўшы дзяўчыну на спатканне, прыемна здзівіць яе прысмакамі ўласнага прыгатавання. А хтосьці з хлопцаў марыць стаць знакамітым поварам. Дарэчы, Аляксандр Пракаповіч, выпускнік ліцэя, зараз працуе афіцыянтам у рэстаране Палаца Рэспублікі ў Мінску.

У зале на сталах для ўзору дэманстравалася загадзя прыгатаваная выпечка: эклеры, пячэнне з тварагом, пячэнне пясочнае, мучныя “Грыбочкі”, “Пеўнічкі”, “Вавёрачкі” і іншыя ласункі. У талерках красавалася апетытнае жэле з кавалачкамі фруктаў, у шкляных гарлачыках – бярозавік і вішнёва-малінавы морс. Умелыя кулінаркі падрабязна тлумачылі працэс прыгатавання кожнай стравы. Затым гаспадыні і моладзь гатавалі ўніверсальную закуску – яйцо, фаршыраванае грыбамі з зелянінай.

Пакаштаваць кулінарныя шэдэўры госці змаглі ў канцы майстар-класа падчас чаяпіцця.

Ініцыятарам мерапрыемства стаў Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Арганізавала майстар-клас Алена Антонаўна Зянько, спецыяліст па сацыяльнай рабоце.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий