Сямейны прычал у Вайганах

Официально

Прыватная ўстанова сацыяльнага накірунку адчыніла свае дзверы ў Багданаўскім сельсавеце.

Старасць не зважае на заслугі і тытулы. Ёй трэба плаціць па самым высокім тарыфе: сваім здароўем. А ў адказ нярэдка застаецца адчайная бездапаможнасць, слабасць.

Калі ты адзін у доме, кватэры, то міжволі агортвае зразумелы неспакой, а часам і страх перад буду-чыняй у глыбокай нямоглай старасці. Калі ёсць добра выхаваныя, міласэрныя дзеці, то яны абавязкова возьмуць старых бацькоў пад сваё клапатлівае крыло. Руку пасільнай дапамогі працягнуць і штатныя сацыяльныя работнікі. Прытуляць адзінокіх грамадзян пачцівага ўзросту і дамы-інтэрнаты для састарэлых. Падобныя сацыяльныя ўстановы дзесяцігоддзямі функцыянуюць у нашай краіне.

Пашырыць сферу паслуг на гэтай ніве вырашыла і прадпрымальніца з Маладзечна Алена Валянцінаўна Дубовік. Па яе ініцыятыве ў вёсцы Вайганы Багданаўскага сельсавета нядаўна адкрыты прытулак для інвалідаў, састарэлых людзей. Па словах гаспадыні, гэта пакуль адзіная прыватная ўстанова ў нашай краіне.

Раней у гэтым будынку размяшчалася школа. Пасля афіцыйнага закрыцця былая навучальная ўстанова пуставала нядоўга. Алена Валянцінаўна загарэлася ідэяй пераабсталяваць зачыненую школу ў прытулак “Сямейны прычал”.

У гэтых мясцінах А. В. Дубовік (Завадская) не чужая. Некалі сама вучылася ў Вайганаўскай школе. Тут шмат гадоў працаваў настаўнікам матэматыкі яе бацька. У Вайганах жыве маці, якая і цяпер працуе на мясцовым ФАПе.

…Былыя вучэбныя кабінеты праз пэўны час пасля рамонту і прадуманай перапланіроўкі змянілі свой афіцыйны выгляд на цёплую хатнюю атмасферу. Абсталяваны прасторныя, утульныя пакоі для пражывання. Закуплены і ўстаноўлены ўвесь неабходны камплект корпуснай мэблі, сантэхнічнага абсталявання, бытавой тэхнікі. Другім домам прэтэндуе стаць гэты прытулак для 45-ці яго пастаяльцаў. Сфарміраваны штат абслугоўваючага персаналу ў складзе 22 чалавек.

У двухпавярховым будынку прадугледжана ўсё неабходнае для пражывання, харчавання і адпачынку людзей пачцівага ўзросту, інвалідаў і састарэлых людзей. Спіс прэтэндэнтаў на афіцыйнае засяленне ўжо гатовы. Заяўкі паступілі з розных куткоў Беларусі. Зразумела, што пры фарміраванні кантынгенту перавага аддаецца жыхарам раёна. У ліку першых запісаўся ў “Сямейны прычал” Якаў Дарафеевіч Сінічын. Ён не так даўно пераехаў з суседняй Літвы ў Вайганы на пастаяннае месца жыхарства.

Для Алены Валянцінаўны адкрыццё прытулку – гэта новая справа. Таму, магчыма, у паўсядзённай рабоце будуць і нейкія памылкі, няўпэўненыя крокі. Чакае пэўны перыяд адаптацыі і 45 старых людзей, месцам прапіскі якіх цяпер стане вёска Вайганы. Да новых “казённых” сцен некаторым нялёгка будзе прывыкнуць, ды і будучы дагэтуль адзінокімі, псіхалагічна няпроста апынуцца адразу ў вялікай сям’і, дзе цяпер з’яднаны 45 розных лёсаў, густаў, звычак пад адным дахам…

Гаспадыня “Сямейнага прычалу” шчыра імкнецца, каб гэты двухпавярховы будынак стаў камфортным і нават родным домам для вялікай сям’і яго пастаянных жыхароў.

Зразумела, за пражыванне ў гэтай установе давядзецца плаціць па ўстаноўленых тарыфах згодна з заключаным дагаворам паміж двума бакамі.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий