Такія каварныя насякомыя

Общество

Чалавеку праз укусы кляшчоў перадаюцца сур’ёзныя інфекцыйныя захворванні.

Найбольш распаўсюджаны клешчавы энцэфаліт – вострае віруснае захворванне, якое праяўляецца дрыжыкамі, млоснасцю, галаўным болем, галавакружэннем, ныючымі болямі ў мышцах. Ліхаманкавы стан трымаецца 4-5 дзён, пасля чаго часова знікае, але праз 1-2 тыдні аднаўляецца ў выглядзе паражэння мазгавых абалонак.

Хвароба лайма – вострае бактэрыяльнае захворванне, якое пераходзіць у хранічнае. Для яго характэрны скурныя высыпанні. У многіх хворых пашкоджваюцца суставы, сэрца, нервовая сістэма, турбуюць пульсуючы галаўны боль, расстройствы сну і памяці, болі, тыпічныя для радыкуліту.

Як сябе абараніць?

Калі вы збіраецеся ў лес, апранайце галаўны ўбор, на ногі – боты або запраўце штаны ў шкарпэткі, ушчыльніце манжэты гумкай. Кляшчы звычайна напаўзаюць знізу. Неабходна апранацца так, каб не даць ім магчымасці патрапіць пад адзенне.

Адзенне светлых тонаў дапамагае своечасова заўважыць кляшча падчас сама- і ўзаемааглядаў праз кожныя 1-2 гадзіны знаходжання ў лесе.

Варта апрацаваць адзенне рэпелентам – сродкам, які адпуджвае кляшчоў.

На ўчастках своечасова скошвайце траву, не дапускайце ўтварэння звалак, перыядычна праводзьце санітарныя рубкі.

Калі клешч аказаўся хітрэйшым

Убачыўшы кляшча, які прысмактаўся, трэба звярнуцца ў лячэбную ўстанову, дзе каварнае насякомае правільна выдаляць. Урач назначыць прафілактычнае лячэнне і далейшы нагляд.

Знятага кляшча можна даставіць для бактэрыялагічнага даследавання ў занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ў Маладзечна (вуліца Чкалава, 2А). Даследаванне платнае. Аднак яно не дыягнастычнае і не выключае пры адмоўным выніку ўзнікнення захворвання на працягу наступных 1-2 месяцаў пасля ўкусу пераносчыка.

Калі на працягу двух месяцаў пасля ўкусу кляшча з’явілася стомленасць, мышачныя, галаўныя болі, адзначалася павышэнне тэмпературы цела, на месцы ўкусу з’явіўся скурны сып у выглядзе колцападобных чырванаватых плямаў, варта неадкладна звярнуцца да ўрача.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг ДУ «Валожынскі РЦГіЭ».

 



Добавить комментарий