Тэлефон міліцыі — 102

Закон и порядок

ПАДВЁЎ ВЕЛАСІПЕД…

Трагічнае ДТЗ са смяротным зыходам зафіксавана ў вёсцы Дзясятнікі. Жыхар Багданава, які працуе механізатарам у ААТ «Багданаўскае», кіраваў трактарам МТЗ-3522 з самаробнай платформай для перавозкі саломы і наехаў на мінчаніна-дачніка.

Апошні рухаўся на веласіпедзе па правай абочыне дарогі ў спадарожным накірунку да чыгуначнай станцыі «Багданаў», аднак не ўтрымаў руль, зваліўся і трапіў пад колы трактара. Ад атрыманых траўм веласіпедыст памёр прама на месцы здарэння. Па факце ДТЗ вядзецца следства.

КРАДУЦЬ У ВЁСКАХ…

Не спыняюцца крадзяжы з дачных участкаў. Два з іх нядаўна зафіксаваны ў вёсцы Міхалова. На першым злодзей сарваў навясны замок з гаспадарчай пабудовы і скраў электрагенератар, балгарку, будаўнічы ўзровень і маскітную сетку на суму 4 мільёны 260 тысяч рублёў. На другім невядомы праз акно будаўнічага вагончыка вынес бензагенератар, дзве вуглашліфавальныя машынкі, перфаратар, электрапілу, зварачны апарат, 3 упакоўкі абразных кругоў, а з узламанага гаража – кіслародны балон. Агульны ўрон склаў 18 мільёнаў 380 тысяч рублёў. А вось на дачы садаводчага таварыства «Вясёлка», што непадалёк Туркаўшчыны, злодзей паквапіўся на DVD-прайгравальнік, незманціраваны блок аўтаномнай ахоўнай сігналізацыі, 4 балоны мантажнай пены і 30 метраў электракабеля. А ў прыдачу прыхапіў шматлікія прадукты харчавання і банныя прыналежнасці. Увесь «набытак» каштаваў 1661500 рублёў. Па фактах крадзяжоў узбуджаны крымінальныя справы.

…І Ў ГОРАДЗЕ

У райцэнтры крадзяжы зафіксаваны ў адной з дашкольных устаноў, дзе з жаночых сумак адразу дзвюх работніц прапалі кашалькі з грашамі. Адбылося гэта раніцай прыкладна з 8.30 да 9.30. Сумкі ў гэты час знаходзіліся ў падсобным памяшканні без нагляду, а дзверы не былі замкнёныя. Урон для адной з жанчын склаў 250 тысяч рублёў, для другой – 300 тысяч. У адзін з чацвяргоў на гарадскім кірмашы ахвярай злодзея з вёскі Філіпіняты стаў работнік ПУП «Мэбля Леў». Апошні і не заўважыў, як пазбавіўся мабільнага тэлефона «Nokia-300».

НЕ РАЗМІНУЛІСЯ…

ДТЗ з удзелам жывёлы адбылося на 40-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гродна каля чатырох гадзін ночы. Жыхар Навакузнецка ехаў у накірунку сталіцы. Раптам з лесу з кювета выскачыў лось і кінуўся пад машыну. Наехаўшы на жывёлу, вадзіцель не ўтрымаў руль, з’ехаў у той жа кювет і ўдарыўся ў дрэва. Мужчына атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму, шматлікія рваныя раны левай кісці, сінякі на твары і быў шпіталізаваны ў райбальніцу.

ЛЯСНЫЯ «ЗНАХОДКІ»

Пры адпрацоўцы адміністрацыйнага ўчастка Валожынскага сельсавета ў лясным масіве непадалёк вёскі Баркі супрацоўнікі міліцыі знайшлі самагонны апарат кустарнай вытворчасці. Апарат канфіскаваны і перададзены на захаванне ў Пяршайскае лясніцтва да разгляду матэрыялу ў судзе Валожынскага раёна. Такі ж апарат знойдзены і на тэрыторыі Івянецкага сельсавета — у лясным масіве паблізу хутара Млынкі. Гэта «знаходка» здадзена ў Каменскае лясніцтва. Па абодвух фактах праводзіцца праверка.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий