Той штраф не атрымаў, хто меры прынімаў

Закон и порядок

Інспекцыя Дзяржпажнагляду РАНС у маі гэтага года правяла 8 планавых і 2 пазапланавыя праверкі суб’ектаў гаспадарання.

На аб’ектах ААТ «Суднікаўскі» па віне кіраўніцтва ў цэлым не выконваецца супрацьпажарны рэжым. Парушаецца ён службовымі асобамі і на асобных працоўных участках. Газазварачныя работы праводзяцца без спецыяльнага допуску.

У рамонтных майстэрнях і гаражах захоўваюцца балоны з газам, ёмістасці з-пад лёгкаўзгаральных матэрыялаў і гаручых вадкасцей, тэрыторыя непасрэдна ў месцы запраўкі забруджана гаручымі вадкасцямі і не ачышчаецца ад сухой травы. І пры гэтым паўсюдна на тэрыторыі і ў памяшканнях работнікі кураць. Не прыбіраюцца працоўныя месцы на пілараме, а тут таксама дапускаецца курэнне. На аб’ектах няма першасных сродкаў пажаратушэння, пад’езды да іх захламлены. Тая ж карціна і на малочнатаварных фермах. Да таго яны не забяспечаны маланкааховай. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты кіраўнік гаспадаркі, юрыдычная асоба і 5 службовых асоб. Агульная сума штрафу склала 9 мільёнаў рублёў.

Амаль тыя ж парушэнні выяўлены і пры праверцы КСУП «Сакаўшчына-агра». Тут не праводзіцца перазарадка вогнетушыцеляў, не ўкамплектаваны пажарныя шчыты, не вывешаны таблічкі з указаннем адказных асоб за пажаранебяспечны стан будынкаў.

З моманту папярэдняй праверкі ААТ «Багданаўскае» ў красавіку мінулага года становішча змянілася ў лепшы бок: усе будынкі абсталяваны маланкааховай, акрамя дрэваапрацоўчага цэха і складоў у пасёлку Багданаў. На гэта выдаткавана 36 мільёнаў рублёў. Усе аб’екты забяспечаны і першаснымі сродкамі пажаратушэння: выраблена 8 пажарных шчытоў, закуплена па 8 пажарных сякер, вёдзер, лапат, багроў і 50 вогнетушыцеляў. На гэты інвентар зрасходавана больш за 15 мільёнаў рублёў. На дзвярах складскіх і вытворчых памяшканняў ёсць указальнікі катэгорыі па ўзрывапажарнай і пажарнай небяспецы. Аднак тут сустракаюцца парушэнні рэжымнага характару, якія паўтараюцца з году ў год: на лямпах адсутнічаюць ахоўныя шкляныя плафоны, злучэнне жыл правадоў выканана «ў скрутку».

На аб’ектах цэнтральнай раённай бальніцы ўзровень супрацьпажарнай аховы адпавядае патрабаванням не ў поўным аб’ёме. Загадам па ўстанове назначаны пажарна-тэхнічныя камісіі, дабравольныя дружыны, зроблена перазарадка 68 вогнетушыцеляў. На 2013 год заключаны дагавор з СРУТ«Медык-2003» на абслугоўванне АПС. Выдзелена 95 мільёнаў рублёў на абсталяванне АПС Вішнеўскай амбулаторыі. Нягледзячы на гэта, патрабуюцца фінансавыя затраты на забеспячэнне будынкаў маланкааховай, абсталяванне сістэмай аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі адміністрацыйнага корпуса, двух інтэрнатаў, Івянецкай паліклінікі, чатырох амбулаторый.

Ацэнка супрацьпажарнага стану СТАА «ІрыёнВуд» дала адмоўны вынік. Прадпрыемства з’яўляецца арандатарам дрэваапрацоўчага цэха ў в. Ракаў па вул. 17 верасня, які належыць ААТ «Мінскрамбуд». Пастановай ад 2004 года яго эксплуатацыя забаронена. Аднак аб’ект працуе і зараз са шматлікімі парушэннямі супрацьпажарных норм, якія не ліквідуюцца ўжо шмат гадоў. Сродкаў на супрацьпажарныя мерапрыемствы і арэндадацелем, і арандатарам выдзяляецца не дастаткова.

На працягу апошніх гадоў прыводзіцца ў пажаранебяспечны стан і дзіцячы аздараўленчы лагер «Барок». ААТ «МАПІД» паэтапна замяніла дзверы ў спальных корпусах. Завяршаюцца мерапрыемствы па раскансервацыі аб’екта. Да пачатку аздараўленчага сезона ўсе недахопы будуць ліквідаваны.

Не выяўлены парушэнні норм і правілаў пажарнай бяспекі ў ААТ «Нафтатрэйдэкспарт» у пас. Багданаў, дзіцячых аздараўленчых лагерах «Крынічка» і «Бярозка».

Ігар ХНЫКАЎ,

інжынер інспекцыі Дзяржпажнагляду РАНС.

 



Добавить комментарий