ФАК ПАСЛУЖЫЦЬ ДОБРАМУ ЗДАРОЎЮ

Общество

Карэспандэнт раённай газеты пабываў на  будаўнічай пляцоўцы будучага фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры.

У горадзе Валожыне некалькі будаўнічых пляцовак, дзе назіраецца вялікая канцэнтрацыя спецыяльнай тэхнікі, людскіх рэсурсаў. Сярод такіх і тая, што размешчана па вуліцы Партызанскай райцэнтра ў раёне філіяла № 605 АСБ “Беларусбанк” і былой школы-інтэрната. Тут узводзіцца сучасны фізкультурна-аздараўленчы комплекс.

Гэтага аб’екта жыхары райцэнтра чакалі не адно дзесяцігоддзе. І нарэшце надзеі спраўджваюцца. Будуецца ФАК па Інвестыцыйнай праграме, фінансавыя патокі якой накіроўваюцца ў асноўным на ўзвядзенне спартыўна-забаўляльных, аздараўленчых комплексаў.

Доўгачаканая ўстанова, якая паслужыць усталяванню здаровага ладу жыцця насельніцтва, увойдзе ў строй, дзякуючы значнай фінансавай дзяржаўнай падтрымцы. ФАК абыдзецца прыкладна ў 50 мільярдаў беларускіх рублёў.

Дзясяткі падобных аб’ектаў ужо эксплуатуюцца ў нашай рэспубліцы. Але наш мае адметнасць праекціроўкі. Калі на іншых ФАКах, якія прапісаліся ў многіх аналагічных раённых цэнтрах, маецца толькі адзін басейн, то валожынскі можа пахваліцца двума. Дарослы будзе змяшчаць чатыры дарожкі даўжынёй 25 метраў. А для юных жыхароў горада ўзводзіцца аўтаномны водны аб’ект з усім наборам неабходнага спартыўна-аздараўленчага аснашчэння.

Нядаўна мы пабывалі на гэтай будаўнічай пляцоўцы. Яна ўражвае сваім маштабам! Цяпер работы вядуцца адразу на некалькіх аб’ектах, якія аддалены адзін ад аднаго дзясяткамі метраў. Але па фінішы будаўніцтва яны апынуцца пад адным прасторным дахам і ўтвораць прыгожы комплекс у сучасным архітэктурным стылі.

Ад 60 да 90 чалавек працуюць на ўзвядзенні ФАКа. Набліжаюць час доўгачаканага наваселля працоўныя калектывы ААТ “ПМК-188” (дырэктар І. А. Міхалевіч), Валожынскага РБУ ААТ “Універсалрамбуд (В. І. Галабурда), філіяла КУП “Мінскаблдарбуд»–»ДРБУ № 167”  (М. У. Хвядчэня), ДУП “Валожынскае ПМС” (А. М. Нямкевіч) і іншыя спецыялізаваныя прадпрыемствы. У памочніках і некаторыя субпадрадныя арганізацыі.

Работы вядуцца зладжана, скаардынавана. Спрыяе гэтаму і ўстойлівае летняе надвор’е.

ФАК стане адным з буйных сацыяльных аб’ектаў нашага горада. Яго паслугамі будуць карыстацца не толькі жыхары райцэнтра, але і сельскіх населеных пунктаў. Ён будзе, вобразна кажучы, аснашчаны па апошнім слове тэхнікі. Акрамя прасторнага басейна тут у недалёкім будучым прыме сваіх наведвальнікаў крыты стадыён. Пад дахам ФАКа прапішуцца міні-футбольныя і баскетбольныя пляцоўкі. Будуць створаны ўмовы  для заняткаў малым тэнісам, іншымі відамі спорту. Эліксір здароўя прыгатуюць наведвальнікам ва ўтульным фітабары. Абсталёўваецца лазневы комплекс, будуць зманціраваны спецыяльныя ванны для прыняцця аздараўленчых працэдур. Словам, фізкультурна-аздараўленчы комплекс выканае сваю галоўную функцыю: дапамагчы карыстальнікам набрацца бадзёрасці і энергіі, зняць стрэс пасля працы, фізічна і псіхалагічна загартаваць свой арганізм.

Чакаць да восені, калі і запланавана ўрачыстае адкрыццё  ФАКа, засталося не так і шмат. Дружная праца будаўнікоў, кампетэнтная дапамога спецыялістаў набліжаюць радасны дзень, калі яшчэ адзін значны сацыяльны аб’ект справіць сваё наваселле.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.




Добавить комментарий