СІТУАЦЫЯ ПАД КАНТРОЛЕМ

Общество

У апошні час на тэрыторыі раёна пачасціліся выпадкі захворвання сярод свойскіх свіней, якія характарызуюцца павышэннем тэмпературы і гібеллю жывёлы.

Па даных з ветэрынарных крыніц, магчыма атручванне свіней ужываннем канцэнтратаў ці камбікармоў невядомай вытворчасці, якія ўтрымліваюць мікатаксін. Цяпер праводзяцца даследаванні па выяўленні гэтага рэчыва для пастаноўкі заключнага дыягназу.

Грамадзянам, якія трымаюць свіней, для захавання свайго пагалоўя неабходна пазбягаць выпадкаў набыцця камбікармоў у падазроных асоб ці невядомай вытворчасці. Усе кармы для хатняй жывёлы купляйце ў магазінах спажывецкай кааперацыі, дзе ёсць сертыфікат якасці.

Так як паходжанне і шляхі распаўсюджвання захворвання да канца не выяўлены, ветэрынарная служба раёна рэкамендуе:

1. Захоўваць правілы санітарнага ўтрымання хатняй жывёлы, дзеля чаго неабходна правесці ўборку памяшкання з прымяненнем дэзынфіцыруючых сродкаў – хлорнай вапны, 2-працэнтнага раствору каўстычнай соды ці іншых дэзсродкаў, якія зарэгістраваны ў Рэспубліцы Беларусь, згодна з інструкцыямі па прымяненні.

2. Для большай бяспекі пры ўваходзе ў памяшканне пакласці дэзпадушку, прамочаную ў дэзынфіцыруючых сродках.

3. Паколькі таксін не ўстойлівы да ўздзеяння высокай тэмпературы, скормліваць кармы неабходна ў тэрмічна апрацаваным выглядзе пасля кіпячэння. Не рэкамендуецца дадаваць у корм харчовыя рэшткі жывёльнага паходжання.

4. Не дапускаць уваходу ў хлеў, дзе знаходзіцца жывёла, пабочных асоб.

У выпадку выяўлення ў жывёлы павышанай тэмпературы – большай за 40 градусаў – звяртайцеся ў прыёмную Валожынскай раённай ветэрынарнай станцыі па тэлефоне: 55-5-19.

Забіваць свіней, якія знаходзяцца ва ўласнай гаспадарцы, можна, але толькі згодна з дзеючымі ветэрынарна-санітарнымі правіламі.

Для падтрымання стабільнай абстаноўкі ветэрынарная служба прымае ўсе неабходныя захады і прафілактычныя меры, сітуацыя знаходзіцца пад кантролем.

Пётр ЖАЛНЯРОВІЧ,

начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

 



Добавить комментарий