ДЗЯДУЛЕВА РАДАСЦЬ І ЎЦЕХА

Культура

У прыгараднай вёсцы Макараўка Валожынскага сельсавета ў гэту маляўнічую пару пярэстымі матылькамі стракацяць кветкі на сядзібах. Ля жылых дамоў корпаюцца жанчыны-пенсіянеркі. Яны заклапочаны адмысловай праполкай агародніны.

На выгане пасуцца коні, некаторыя чатырохногія памочнікі мерна цокаюць падковамі, паважна ідучы вёскай. Трымаючы за кароткі, але надзейны павадок, іх вядуць мужчыны ў свае двары: збіраюцца абганяць бульбу, якая роўнымі зялёнымі радкамі радуе вока сваёй сілай.  Усе  ў  вёсцы занятыя будзённымі справамі.

Не губляе дарэмна часу і Сямён Сямёнавіч Журкевіч, якога я сустрэла на вуліцы.

На руках мужчыны – дзіця. Аказалася, што гэта ўнучка Ірынка. У абавязках дзядулі даглядаць маленькую гарэзу. Дзяўчынцы ўжо два гады, жвава ходзіць ножкамі. Але песта вельмі любіць, каб дзядуля насіў на руках. А ён і не наракае. Сямён Сямёнавіч вельмі рады, што ў яго сям’і папаўненне. Хоць і позняе дзіця нарадзілася на свет у яго дачкі Галіны, але затое такое жаданае…

З задавальненнем ён згадзіўся сфатаграфавацца з любімай унучкай. А пазіраваць перад фотакамерай яны вырашылі ў двары жылога дома, дзе звычайна і забаўляецца ўнучка пад пільным наглядам дзядулі Сямёна і бабулі Тамары.

Я прашу майго субяседніка коратка расказаць пра сябе. Ён бадзёра і лаканічна зазначае: “Усю дарогу тут і жыву!”  Маецца на ўвазе: у  вёсцы Макараўка. Словам “дарога” Сямён Сямёнавіч, аказваецца, свядома замяніў слова “жыццё”. Бо яно з яго прафесіянальнай лексікі. С. С. Журкевіч 44 гады адпрацаваў вадзіцелем “хуткай дапамогі” ў райбальніцы. Не без гонару зазначае, што ў яго працоўнай кніжцы толькі адзін запіс пра звальненне. На адным месцы нязменна прабыў аж да выхаду на пенсію. Ужо 15 гадоў на заслужаным адпачынку. Жонка таксама звязала свой лёс з медыцынай. Працавала медсястрой у дзіцячым аддзяленні.

Цяпер гэта сямейная пара жыве аднастайным жыццём, у асноўным яно абмежавана межамі роднай вёскі. Аднак сумаваць няма калі. Трымаюць вялікую гаспадарку. Не толькі для сябе стараюцца. Хочуць дапамагчы дзецям. Іх у Журкевічаў двое. Прычакалі і чацвёра ўнукаў. У іх бачаць галоўны сэнс жыцця, у іх спазналі і простае шчасце людское…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий