ПАН КУФЭРАК І ПАНІ СКРЫНЯ

Культура

У XIX-м стагоддзі пры гасцініцах і заезджых дамах існавала прафесія – укладчык дарожных скрыняў. Яны так па-майстэрску пакавалі рэчы, што не заставалася ніводнай складачкі.

Куфар – прашчур усёй сучаснай мэблі, яго цанілі і любілі многія народы. Самы старажытны экзэмпляр быў выяўлены пры раскопках Егіпецкіх пірамід.

У доме нашых продкаў прыгожа распісаныя скрыні стаялі на самым ганаровым месцы. Яны захоўвалі не толькі нажытае дабро, але і дух сям’і, былі сімвалам яе заможнасці.

Гэты драўляны бандарскі выраб называлі па-рознаму: куфар, скрыня, кубел, меншыя па памеры – скрынкі. Калісьці іх можна было сустрэць і ў вёсках, і ў гарадах. У адны клалі кажухі, андаракі, бурносы, ручнікі, абрусы і посцілкі, выхадныя чаравікі, каштоўныя паперы, кнігі, у іншыя – прадукты харчавання. Скрыню са стратэгічным запасам сала і каўбас звычайна трымалі дзе-небудзь далей, а пад рукой пакідалі невялікія скрынкі, дзе захоўвалі не толькі мясныя вырабы, але і сыр, тварог, гладыш залітага халоднай вадой масла.

Як успамінае Міхаіл Сікорскі з Аўгустова, у скрынцы пад замком захоўваўся і хлеб. “Хлебам вельмі даражылі. Раніцай снедалі з блінамі, вячэралі з бульбай. А на палудзень дзед браў ключы і ішоў у камору, дзе стаяла запёртая скрынка з боханамі. Кожны за сталом атрымліваў па лусце духмянага чорнага хлеба…”

Калі для гаспадарчых патрэбаў скрынкі звычайна былі прамавугольнай формы, то ў дарогу выраблялі з пакатым вечкам, каб іх можна было пакласці пад галаву, іх часам так і называлі – “падгалоўнікі”. Пакладуць такі самаробны чамадан у сані, і можна аж да Вільні ехаць. Бывала, і начавалі ў санях ці на возе. А падгалоўнік надзейна захоўваў усе пажыткі ад ліхіх людзей.

У хатніх куфрах, вырабленых добрым майстрам, таксама меліся сакрэтныя тайнікі ад нядобразычліўцаў. Каштавалі такія куфры дорага, па цане каровы альбо каня.

Самы прыгожы куфар – жаночы. Яго размалёўвалі кветкамі, аздаблялі разьбой, металічнай акантоўкай. Куфар – найперш рэч жаночая. Галоўнае яго прызначэнне – захоўваць пасаг. Чым большы ў дзяўчыны пасаг – тым больш жаніхоў.

Пасаг звычайна збіраўся загадзя. Ледзь дзяўчынка навучыцца трымаць у руках іголку, вязальныя пруткі ці кручок, як яе прымушалі рыхтавацца да замужжа. Так як усё, чым закладваўся куфар, рабілася ўручную, то бавіцца дзяўчыне асабліва не было калі. І лён сама садзіла, і апрацоўвала яго сама, потым прала і ткала, фарбавала ніткі, выбельвала палатно, вышывала.

Куфар заставаўся сакральнай тэрыторыяй жанчыны ўсё яе жыццё. Яна складала туды мілыя сэрцу прадметы. Белую кашульку, у якой хрысцілі яе першынца, каб потым у ёй хрысціць і наступных дзетак, бо існавала павер’е, што тады ўсе браты і сёстры будуць вельмі між сабой дружныя. У старасці жанчына клала ў куфар чорную хусцінку і сукенку на пахаванне.

Усе віды скрыняў выраблялі з цвёрдых парод дрэва. Драўніна, як вядома, прыродны антысэптык. Таму ў куфрах не заводзілася моль, не маглі забрацца іншыя насякомыя. Вечка мацавалася на штыўныя завесы, замыкалася на ўразны ці навясны замок. Па вуглах, бакавінах, а часам і зверху прыбіваліся металічныя палоскі. Яны не толькі аберагалі ад пашкоджанняў, але і наўмысна рабілі куфр больш цяжкім, каб злодзей не здолеў яго вынесці з дому. Цікава, што цвікі майстар выкарыстоўваў не крамныя, а заказваў у каваля, каб яны былі чатырохкутныя, не круглыя.

Куфар, скрыня, скарбонка маюць нейкую прыцягальную сілу. Пагадзіцеся: нават ведаючы, што там пуста, мы ўсё роўна будзем адчыняць, зазіраць…

Спадзяюся, што куфар зноў спатрэбіцца ў нашых дамах, каб захоўваць гісторыю сям’і, служыць скарбніцай часу розных пакаленняў.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий