У ЛАГЕРЫ ПРАЦЫ І АДПАЧЫНКУ

Общество

Гэтыя юнакі і дзяўчаты ў час летніх канікул удала спалучаюць адпачынак з працай. Лагеры працы і адпачынку для падлеткаў на базе ўстаноў адукацыі прыйшліся ім даспадобы.

Вучні восьмых класаў СШ № 1 і восьмых і дзясятых СШ № 2 быццам па дамоўленасці назвалі свае атрады «Лясныя рабінзоны». А высадзіўся працоўны дэсант на тэрыторыі Валожынскага лясгаса – у гадавальніку непадалёк вёскі Дворышча.

Тут школьнікі задзейнічаны на праполцы саджанцаў елкі еўрапейскай і сеянцаў-аднагодкаў сасны звычайнай, якія займаюць участак плошчай каля гектара. Працуюць яны з дзевяці гадзін раніцы да паловы першай дня. У суботу і нядзелю – адпачываюць. Выхадныя дні насычаны разнастайнымі забаўляльнымі мерапрыемствамі. У канцы лагернай змены кожны вучань атрымае заработную плату.

З пачатку года школьнікі раёна пасадзілі лясных культур на 62 гектарах. Зараз саджанцы хваёвых дрэў, дуба звычайнага і чырвонага, ясеня, арэха шэрага патрабуюць праполкі і догляду. Таму і дамовілася кіраўніцтва аддзела адукацыі і лясгаса яшчэ да пачатку працоўнага лета аб узаемасупрацоўніцтве. У будучым плануецца прыцягнуць школьнікаў і да збору лекавых раслін, чарнаплоднай рабіны.

Тэкст і фота Святланы СУХАДОЛЕЦ.

 



Добавить комментарий