МАРЫ ЗДЗЯЙСНЯЮЦЦА

Общество

Права прадстаўляць Беларусь на міжнародным фестывалі “Кракаўскія сустрэчы” ў Польшчы заваяваў творчы калектыў Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі фізічнага развіцця.

Напрыканцы мая ў Мінску ладзіўся VI Рэспубліканскі фестываль творчасці выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў для дзяцей і маладых людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Мары здзяйсняюцца”, арганізатар якога – дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без межаў” пры падтрымцы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. Традыцыйна прымала ўдзел у гэтым фэсце і каманда Івянецкага дома-інтэрната.

Конкурсная праграма доўжылася ўвесь дзень. Рабяты Івянецкага дома-інтэрната разам з выхавальнікамі А. М. Абрамовіч і Д. Г. Краскоўскім падрыхтавалі выступленне, у якім з дапамогай вялікай ілюстраванай кнігі распавялі пра сябе.

У склад журы ўвайшлі дзеячы культуры і мастацтва нашай краіны, сярод якіх былі вядомыя музыканты.

У фінал трапілі каманда Багушэўска, Мінскі, Васілішкаўскі і Івянецкі дамы-інтэрнаты.

На наступны дзень на сцэне ДК МАЗ адбыўся гала-канцэрт фестывалю. Падтрымаць удзельнікаў прыйшлі зоркі айчыннай эстрады: Герман, Анастасія Ціхановіч, Дарыя, Іван Буслай, Аляксей Хлястоў, струнны квартэт “Anima”, артысты эксперыментальнага тэатра “Etere” і іншыя.

Вынікам конкурснай праграмы стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. Прызы ўручалі знакамітыя спартсмены: Чэмпіён Еўропы па грэка-рымскай барацьбе, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Лондане Аляксандр Кікінёў, Чэмпіёнка Еўропы 2013 года па жаночай барацьбе Анастасія Гучак, заслужаны майстар спорту, двухкратны Чэмпіён свету па грэка-рымскай барацьбе Алім Сялімаў.

На трэцяй прыступцы п’едэстала апынулася каманда Багушэўска, на другой – Мінскі і Васілішкаўскі дамы-інтэрнаты. Першае месца і права прадстаўляць Беларусь на міжнародным фестывалі “Кракаўскія сустрэчы” ў Польшчы заваяваў творчы калектыў Івянецкага дома-інтэрната. Нашым рабятам уручылі памятны кубак пераможцаў і камплект радыёмікрафонаў. Па дарозе дадому дзеці прызналіся, што яны марылі перамагчы. А мары здзяйсняюцца!

Алена АБРАМОВІЧ,

Выхавальнік Івянецкага дома-інтэрната.

 



Добавить комментарий