ЛЁС НА ЗЛОМ… ЗА МЕТАЛАЛОМ

Закон и порядок

Нарыхтоўчыя канторы за здадзеныя жалеза і металы даюць прыстойны кошт – гэта абумоўлена шматлікімі фактарамі, сярод якіх важнае месца адводзіцца дэфіцыту гэтай сыравіны ў беларускай прыродзе.

Гэты напрамак даўно аблюбавалі сквапныя да нажывы людзі, якія спекулююць на даверы звычайных грамадзян, не грэбуючы “рабіць” грошы адкрыта незаконнымі метадамі.

12 мая глыбокім вечарам супрацоўнікі дарожна-паставой службы ДАІ РАУС затрымалі каля Пяршаяў фуру, якой кіраваў ураджэнец Баранавіцкага раёна. Дзяржаўтаінспектары агледзелі грузавы адсек машыны – і, як выявілася неўзабаве, інтуіцыя іх не падвяла. Мужчына перавозіў звыш 10 тон алюмінію на суму больш чым 95 мільёнаў рублёў, а неабходных спадарожных дакументаў не меў. Праверкай устаноўлена: перавозімы метал належыць маладому нідзе не працуючаму ўраджэнцу і жыхару Баранавічаў. Увесь выяўлены лом быў канфіскаваны, а на прадпрымальнага беспрацоўнага супрацоўнікі Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Валожынскім раёне склалі адміністрацыйны пратакол – за займанне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па ўзмацненні барацьбы з крадзяжом каштоўных, чорных і каляровых металаў, іх лому і адходаў, каштоўных камянёў”, займацца нарыхтоўкай (закупкай) вышэйадзначанай сыравіны маюць права толькі вызначаныя арганізацыі, у пералік якіх уваходзяць і нарыхтоўчыя арганізацыі спажыўкааперацыі – з абавязковай ліцэнзіяй на гэты від дзейнасці. Пры гэтым трэба адзначыць, што індывідуальныя прадпрымальнікі і іншыя суб’екты гаспадарання недзяржаўнай формы ўласнасці не маюць права атрымаць такую ліцэнзію. У людзей, якія раз-пораз заязджаюць у населеныя пункты з прапановай набыць назапашаны жыхарамі метал, можна смела патрабаваць прад’явіць адпаведны дакумент. Менавіта для таго, каб не застацца з носам: нарыхтоўшчыкі спажыўтаварыства афіцыйна закупяць метал па дзяржаўных цэнах, спекулянты ж будуць імкнуцца максімальна заніжаць кошт набываемага металу – ад гэтага напрамую залежыць іх выручка. Будзьце пільныя, не дазваляйце сябе падмануць!

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий