ЖЫЦЬ, ЯК НАБЯЖЫЦЬ?

Общество

Давайце паспрабуем рашыць адну нескладаную матэматычную задачку: у Валожынскім раёне жывуць 18 418 чалавек працаздольнага ўзросту, з іх грамадска-карыснай дзейнасцю займаецца 14 600 чалавек. Колькі ў нас беспрацоўных? Палічыць не складана, але з правільным адказам ваш вынік ніяк не супадзе. Бо афіцыяльна ў раёне 31 беспрацоўны.

Ні адзін працоўны калектыў ці арганізацыя ў раёне нават і да тысячы не дацягваюць па колькасці работнікаў. Дык хто ж яны, непрацуючыя, за што жывуць і чым займаюцца?

Найперш разгледзім асоб, якіх “непрацуючымі” і назваць нельга. Праўда, свае сілу і розум яны трацяць за межамі раёна, а то і рэспублікі. Грошы яны зарабляюць там, а трацяць тут, у нас. Сем’і забяспечваюць усім неабходным, іх дамы і кватэры радуюць вока дагледжанасцю. Засмучае адно: яны – прыклад для іншых. Раён кожны год пакідаюць маладыя і энергічныя людзі, якія зусім не лішнімі маглі бы быць і на малой радзіме. Але ж хіба сярэднераённая зарплата ў эквіваленце прыкладна долараў 300 можа стрымаць, калі там маячыць куды больш доўгі рубель? Нават трагічныя выпадкі, якія здараюцца з бяспраўнымі гастарбайтарамі, не палохаюць. Як гаворыцца: рызыка – справа высакародная…

Працуюць на карысць сям’і толькі па доме і хатняй гаспадарцы некаторыя вясковыя жанчыны. Неяк пазнаёмілася з адной з іх. Разгаварыліся. Муж – механізатар, зарабляе нядрэнна. Двое дзяцей ходзяць, дакладней, ездзяць на школьным аўтобусе за сем кіламетраў у школу, ёсць яшчэ пяцігадовае малое, якое ў садзік за блізкі свет рашыла не вазіць. Работу мела, пакуль не закрылі магазін у вёсцы, бо працавала там. Цяпер жа ні фермы, ні якой іншай вытворчасці непадалёку няма. Даглядае сад, агарод, прыгожа выклала каменьчыкамі склеп, пасадзіла кветкі, часам ездзіць на базар, каб прадаць лішкі малака ад кароўкі.

Ёсць і гарадскія жыхары, якіх матэрыяльна падтрымліваюць сваякі. Частку беспрацоўных складаюць тыя, хто прызвычаіўся жыць на дывідэнды ад замежных ваяжаў. Хтосьці падпрацоўвае ў сусветнай павуціне фрылайсерствам.

Усе апісаныя вышэй людзі хутчэй за ўсё ніколі не пойдуць станавіцца на ўлік па беспрацоўі. Ні гарантаваныя выплаты (100000 рублёў тым, хто не мае працоўнага стажу, і 200000 тым, хто страціў працоўнае месца), ні перспектыва атрымаць рабочае месца іх не спакушае, да таго ж некаторыя катэгарычна не згаджаюцца выходзіць на прымусовыя грамадскія работы, якія неабходна абавязкова адбыць усім, хто зарэгістраваўся ў цэнтры занятасці (пяць дзён у месяц).

Асноўную частку непрацуючых складаюць грамадзяне, якія іншых арыенціраў, акрамя гарэлкі, не маюць. Яны не клапоцяцца ні пра ўласны знешні выгляд, ні пра чысціню ў доме, ні пра тое, што наогул цікавага ёсць на гэтым свеце. Спагадлівыя суседзі пакормяць, хтосьці і сто грам налье, цыгарэтай «пачастуе». А калі ўжо зусім туга, то можна якой бабульцы дроў насячы ці хоць вады нанасіць. Дамы такіх абыякавых да жыцця вылучаюцца абшарпаным выглядам, на падворках – бур’ян і хлам, у гаспадарчых пабудовах гуляе вецер. Ні паленца дроў, ні пасаджанай бульбы тут не ўбачыш. Праўда, часам і яны паказваюць дзівосы вынаходніцтва. Так, адна сям’я з Багданаўскага сельсавета, калі асабліва пачалі даймаць маразы, разабрала столь і спаліла яе ў печы.

Вось і выходзіць, што хтосьці ламае галаву, як пабудавацца, крэдыт узяць, грошай зарабіць, а некаторым прайдзісветам усё за проста так даецца. Неяк канторскія работніцы з Бабровічаў прызналіся, што ездзяць з анучамі і швабрамі да адной жанчыны, каб навесці ў хаце парадак, паклеіць шпалеры, пафарбаваць падлогу, памыць дзецям адзенне. Бо тая нічога сама рабіць не ўмее… Хіба ёй можна даверыць нейкі ўчастак грамадскай работы?

Цікава, што многія прадстаўнікі сацыяльнага дна зусім не агрэсіўныя, ціхія. Магчыма, такія паводзіны – своеасаблівая “ахоўная грамата”, бо нават старшыні сельвыканкамаў за іх заступаюцца: “Так, п’е, не працуе, але больш нічога дрэннага не робіць…”

Вядома, самых злосных алкаголікаў участковыя інспектары міліцыі выкрываюць, па рашэнні суда іх накіроўваюць на год-два ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Летась, напрыклад, з раёна прымусова лячыцца ад алкагалізму было накіравана 32 чалавекі, сёлета – 24. Некаторыя ўжо і не першы раз… Медыцына, як гаворыцца, тут бяссільная. Дарэчы, як і меры выхаваўчага характару. Калі чалавек сам не жадае змяніцца, то яму ніхто не дапаможа.

 



Добавить комментарий