НАЛІБОЦКІМ МАРШРУТАМ

Общество

Любавацца на Налібоцкую пушчу, пазнаваць яе таямніцы можна і на веласіпедзе.

Распрацоўкай спецыяльных дарожак займаюцца валанцёры Мінскага роварнага таварыства і супрацоўнікі заказніка «Налібоцкі». Пазнавальная траса, якая злучае аграсядзібы «Марцінова Гусь»(Малая Люцінка), «Васількі» (Белакорац), «Сябрыньскія азёры» (Сябрынь), «За масточкам» (Замасцяны), складае 80 кіламетраў. Часцей за ўсё налібоцкія маршруты наведваюць госці з-за мяжы: палякі, рускія.

Траса на Валожыншчыне  – частка еўрапейскага маршруту «Еўравела-2». Яго яшчэ часам называюць «Трасай сталіц», бо злучаюцца такія гарады, як Дублін, Лондан, Берлін, Варшава, Мінск, Масква.

Беларусы пакуль што не вельмі актыўныя веласіпедысты. Гэтаму ёсць некалькі прычын: адсутнасць гарадской веласіпеднай інфраструктуры, непрыстасаванасць аўтадарог, але галоўнае – людзі не «даспелі» да актыўнага адпачынку.

Таму велапрабег, які не так даўно прайшоў і праз Валожыншчыну, стаў сапраўднай падзеяй. Удзел у ім прыняла рэкордная колькасць спартсменаў-аматараў – 600 чалавек. Узрост – самы розны, людзі прыязджалі цэлымі сем’ямі. Прыехалі яны цягніком, высадзіліся ў Подберазі і рухаліся праз Поці, Харытоны ў напрамку Налібоцкай пушчы.

За сёлетняе лета плануем пачаць і па магчымасці закончыць маркіроўку з частковым абсталяваннем веламаршрута «Станцыя Багданаў-сядзіба «За масточкам»-Буні-Жоўты Бераг-Сябрынь-заказнік «Налібоцкі»-сядзіба «Налібоцкія васількі-Вялае-Іслачоўка-Явідаўшчына-сядзіба «Марцінова Гусь»-Манькаўшчына-сядзіба «Хутар Барок»-сядзіба «Свет пчол»-сядзіба «Ганка»-Радашковічы».

Пробны велапрабег па гэтым маршруце адбудзецца недзе 5-7 ліпеня. Мяркуем прысвяціць яго памяці герояў антынацысцкага супраціўлення ў пушчы, ахвярам карнай аперацыі «Герман», 70-годдзе якой адзначаецца сёлета. Некаторыя мясціны памяці тых трагічных падзей знаходзяцца непасрэдна на маршруце або паблізу яго.

Частка трасы, пачынаючы ад пераходу праз Іслач, супадае з маршрутам трасы «Еўравела-2». Каардынатарам праекта выбраны В. У. Шакун, гаспадар агрясядзібы «Налібоцкія васількі», якая размяшчаецца прыкладна пасярэдзіне маршруту. Акрамя гэтага, Васіль Уладзіміравіч з’яўляецца супрацоўнікам  заказніка «Налібоцкі», што таксама прынцыпова важна.

У перспектыўных планах – спалучыць размечаную веласіпедную трасу і водна-турыстычную Іслачы. Дарэчы, дзе-нідзе каля ракі ўжо ёсць стаянкі для велатурыстаў, напрыклад, у Вялым, Сутоках, устаноўлены інфармацыйныя шчыты ў экамузеі «Брама ў Налібокі». Вела- і водная трасы могуць выступаць як адзіны турыстычны «калідор», каб з большай магчымасцю даступіцца да славутых мясцін і зон адпачынку.

Алесь БЕЛЫ,

гаспадар экамузея

 



Добавить комментарий