Халера – вострая бактэрыяльная інфекцыйная хвароба. Яе ўзбуджальнік – халерны вібрыён, таксіны якога пашкоджваюць слізістую абалонку тонкай кішкі, што прыводзіць да страты вадкасці арганізмам.
Інкубацыйны перыяд працягваецца ад некалькі гадзін да 5 дзён. Захворванне пачынаецца востра: спачатку – панос, потым – рвота. Выдзяленні кішэчніка на выгляд напамінаюць рысавы адвар з прымессю слізі ці крыві. У выніку хуткага абязводжвання арганізму ў хворага чалавека рысы твару завастраюцца, слізістыя абалонкі ў роце высыхаюць, голас становіцца хрыплым. З’яўляюцца тахікардыя, задышка, паніжаецца артэрыяльны ціск, узнікаюць танічныя сударгі. Тэмпература цела характарызуецца паніжэннем да 34 градусаў.
Заражэнне халерай адбываецца пры знаходжанні ў забруджаным халерай населеным пункце, раёне, дзяржаве. Часам можна “падчапіць” вібрыён пры доглядзе за хворым чалавекам, пры ўжыванні сырой вады або пры купанні ў забруджаным адкрытым вадаёме. Нельга ўжываць у ежу слабасалёную рыбу, вырабленую ў хатніх умовах, а таксама крыветак, ракаў, крабаў, марской капусты і іншых прадуктаў з недастатковай тэрмічнай апрацоўкай. Прывезеную з нядобранадзейных па халеры раёнаў садавіну і агародніну таксама лепш не спажываць. Вадалазам, рыбакам пры рабоце ў адкрытых вадаёмах, а таксама тым, хто абслугоўвае каналізацыйныя і водаправодныя збудаванні, неабходна быць асабліва пільнымі.
Эндэмічнымі па халеры рэгіёнамі з’яўляюцца некаторыя краіны Азіі, Афрыкі. У Еўропу, Амерыку і Аўстралію халера завозіцца.
Лячэнне халеры праходзіць у бальніцы. Пры своечасовым звароце за медыцынскай дапамогай лячэнню паддаюцца нават самыя цяжкія формы хваробы.
Прафілактычныя меры ў асноўным накіраваны супраць занясення халеры ў нашу краіну з нядобранадзейных рэгіёнаў. Медыкі ажыццяўляюць эпідэміялагічны нагляд і кантралююць санітарна-камунальны стан населеных пунктаў. За асобамі, якія прыехалі з краін, дзе рэгіструюцца ўспышкі халеры, вядзецца медыцынскае назіранне, праводзіцца бактэрыялагічнае даследаванне.
Вольга СЯЛІЦКАЯ,
урач-эпідэміёлаг.