DOLCHE VITA ПА-КІРАЎСКУ

Общество

Варта толькі звярнуць за краму “Гасцінец” – і вы ўжо не на плошчы Свабоды, а на вуліцы Кірава, якая цягнецца аж да цудадзейнай праваслаўнай крыніцы. На вуліцы – сто тры дамы. Нямала тут дагледжаных падворкаў і яркіх асоб. Узяць, для прыкладу, хоць тры сям’і, якія жывуць адна ад другой у некалькіх кроках…

АВАНГАРДЫСТЫ… АРТЫЛЕРЫСТЫ

Лёгка патрапіць на вудачку цікаўнасці, калі ўздоўж мірнай вуліцы раптам бачыш на высокім насыпе гармату. Самаробная агнястрэльная зброя накіравана на суседскі агарод. Балазе, гармата – бутафорыя: ствол яе – частка жалезнай трубы, колы пазычаны ў калёс. Побач з гарматай  паважна “расхаджвае” драўляны бусел, непадалёк адпачывае бабёр, у траве стракацяць капялюшыкамі волаты-баравікі, праўда, каменныя. Адчыніць брамку ў палісадніку, каб пазнаёміцца з “баявымі” гаспадарамі, не рашылася: дом вартуе злы сабака, пра што папулярна напісана на варотах.

Праўда, як пазней мне расказалі, гаспадары сядзібы зусім не ваяўнічыя, наадварот – дружалюбныя і гасцінныя. Іосіф ЖДАНОВІЧ разам з жонкай Таццянай працуюць на сельгаспрадпрыемстве “Пяршаі-2003”, а ў вольны час увасабляюць у жыццё свае “авангардныя” ідэі, накшталт цяжкай артылерыі, дадаючы экзотыкі правінцыяльнаму пейзажу.

МАСТАК-ПАРТРЭТЫСТ

Суседнічае са Ждановічамі сям’я САЙКО, галоўная знакамітасць якой –  малады мастак Уладзімір. Толькі дома яго не застаць: 21-гадовы хлопец жыве і вучыцца ў Мінску. Карэспандэнта газеты з творчасцю жывапісца-партрэтыста знаёміла яго маці.

Асновы мастацтва Уладзімір спасцігаў у Рэспубліканскай гімназіі-каледжы імя Ахрэмчыка, год вучыўся ў Расійскай акадэміі мастацтваў імя В. І. Сурыкава, цяпер – студэнт Беларускай акадэміі мастацтваў. Нягледзячы на такі ўзрост, Уладзімір ужо атрымаў прызнанне ў мастацкім асяроддзі. Персанальныя выставы праходзілі не толькі ў Валожыне, але і ў Мінску. Уладзімір піша партрэты алеем у рэалістычнай манеры. Натуру знаходзіць сярод родных і знаёмых.

НЯСТОМНЫ ЭНТУЗІЯСТ

Праз дарогу – падворак, дзе, відаць адразу, пасяліліся музы. На даху дома – флюгер-певень, у кацялках, пастаўленых на вілы ад печы, растуць кветкі. Побач – казачная хатка на курыных ножках. Калі зазірнуць у яе шкляное акенца, усярэдзіне ўбачыце рускую печ, стол, лавы і іншыя атрыбуты сялянскай хаты.

Такі эксклюзіў стварае гаспадар – Генадзь Пятровіч МАНДРЫК – энергічны, актыўны і апантаны творчасцю чалавек. Па адукацыі ён – радыётэхнік, доўга служыў у мясцовай воінскай часці. Калі пайшоў на пенсію, вольнага часу прыбавілася, а з ім яшчэ ярчэй разгарэўся агеньчык натхнення і фантазіі.

Творчыя метамарфозы тут на кожным кроку. Задняе сядзенне “Запарожца” ператворана ў шырокія садовыя арэлі, брамкі ў палісадніку і ля гаспадарчых пабудоў зачыняюцца на магніты. Ёсць у майстра і “офіс” на высокіх будаўнічых палях, патрапіць у які можна толькі па падвеснай лесвіцы на хітрым механізме. Так Генадзь Пятровіч “наталяе” смагу творчасці.

Прысядзібны ўчастак, які даглядае жонка Ірына Васільеўна, метадыст РЦК, упрыгожваюць усе магчымыя пладовыя дрэвы і кусты, што растуць у нашых шыротах. Красуюцца тут і многія віды высакародных руж, а таксама гіганцкі квітнеючы часнок, велічынёй з чалавечы кулак.

Генадзь Пятровіч не толькі майстар на ўсе рукі, але і захавальнік гісторыі. Вядзе ён “Бандароўскую хроніку” – летапіс вуліцы Кірава, якая раней была вёскай Бандары. Плюс да ўсяго Г. П. Мандрык – таленавіты мастак. Ён напісаў дзясяткі карцін, дзе адлюстраваны краявіды нашага горада. Многіх будынкаў і пейзажаў Валожына мы не ўбачым больш ніколі: засталіся яны толькі ў рамках пад шклом. Дарэчы, сваю першую выставу азартны мастак ладзіў на нефарбаванай сцяне суседскай хаты. Паглядзець на стары Валожын тады прыйшлі сотні жыхароў райцэнтра.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий