ВАЙНА ГАРТАВАЛА ХАРАКТАР І ВОЛЮ

Культура

Аляксандр Іванавіч КУЗЬМЕНКА – украінскі салдат, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны абараняў усходнія рубяжы Расіі, аднак лёс на ўсё жыццё цесна знітаваў яго з Беларуссю.

…Ветэран сядзеў пад шатамі разлапістай слівы, пра штосьці глыбока задумаўшыся, калі мы завіталі на яго сядзібу. У вялікай хаце, якую калісьці будаваў сам, Аляксандр Іванавіч цяпер вякуе адзін. Жонкі не стала 15 гадоў таму. Дзве дачкі ўладкаваліся ў Маладзечне і Барысаве. Усе думкі бацькі – пра іх.

Ваенны час Аляксандр Іванавіч стараецца сцерці з памяці. Але былое ліхалецце не перастае нагадваць пра сябе: старым франтавым асколачным раненнем, якое ные ў пахмурнае надвор’е, пунсовымі іскрынкамі ордэнаў на параднай форме, якія ўспыхваюць на сонцы так, як калісьці свяціліся ў густой цемры рубінавыя водбліскі франтавых перастрэлак.

“…Вставай, страна огромная, втавай на смертный бой!” – клікаў мужчын, здольных трымаць зброю, хрыплы рэпрадуктар. Саша, хлапчук з васільковымі вачыма, з заміраннем сэрца слухаў гэту патрыятычную песню, разгараючыся ў сэрцы злосцю да нахрапістага ворага. Аднак у 41-м яму толькі споўнілася пятнаццаць. Таму зброі ў рукі хлапчуку не далі і на фронт не пусцілі.

Тры гады сям’я Кузьменкаў жыла пад нямецкай акупацыяй. Толькі ў 44-м Аляксандра прызвалі ў армію. Але “зялёнага” радавога, яшчэ не паспрабаваўшага салдацкай кашы, адправілі не на Захад ваяваць з ненавісным ворагам, а на Далёкі Усход. Тут дзяржаўным межам СССР пагражала мілітарысцкая Японія – саюзніца Германіі, якая панавала на моры, акупіраваўшы многія ціхаакіянскія краіны.

Служыў радавы Кузьменка ў Паўночнай Карэі сувязным пры камандзіры назіральнага пункта. Дастаўляў сакрэтную пошту з перадавой у штаб тылу. Часцей за ўсё дакументы прыходзілася пераносіць пад покрывам ночы, тады пагрозу ўяўлялі не толькі японцы, але і мядзведзі, якіх было дужа шмат у тых лясах.

На Далёкаўсходнім фронце Аляксандр Іванавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны і медалём “За перамогу над Японіяй”. Яго падраздзяленне ўдзельнічала ў вызваленні Паўночнай Карэі і паўночна-ўсходняй часткі Кітая.

Пасля вайны А. І. Кузьменка яшчэ некалькі гадоў нёс службу ў Хабараўску і Камсамольску-на-Амуры. Затым вярнуўся ў родную вёску Бутоўку Чарнігаўскай вобласці, дзе застаў няшчыміцу і роспач. Галеча вымусіла шукаць лепшай долі, і Аляксандр паехаў у Беларусь “за кампанію” са сваяком-афіцэрам, якога якраз камандзіравалі ў Валожын. Тут А. І. Кузьменка ўладкаваўся слесарам у акруговую аўташколу пры воінскай часці. Затым перайшоў шафёрам у лясгас, дзе на ўральскіх “ЗІС”ах і адпрацаваў усё жыццё.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий