ЗМАГАЎСЯ ЗА САМАЕ ДАРАГОЕ

Культура

Іван Антонавіч КАЧЫНСКІ з Забрэззя нарадзіўся ў 1917 годзе ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Прывычка працаваць, не шкадуючы сябе, прывіта яму з дзяцінства. Зараз, адзначыўшы сваё 96-годдзе, ён таксама не цураецца спрадвечных сялянскіх заняткаў. Мы і сустрэлі ветэрана за справай – ён касіў невялікі лужок каля дома.

Хацелася схіліць галаву перад гэтым нязломным чалавекам. Яго падворак можа паслужыць узорам для малодшага пакалення. Тут усё дагледжана, вычышчана, праполата. Усе гаспадарчыя пабудовы: лазню, хлявы, летнюю кухню Іван Антонавіч узводзіў сам. Ніводнага слова скаргі на здароўе ці гады мы не пачулі з вуснаў ветэрана. Засмучае яго толькі тое, што не засталося ў вёсцы сяброў-равеснікаў, з якімі можна было б узгадаць маладыя гады.

Самыя балючыя ўспаміны пра ваеннае ліхалецце. Вайна для Івана Антонавіча пачалася ў 1939 годзе, калі служыў у Войску польскім. З фронту яго чакалі аж восем гадоў…

Найбольшым болем адгукаецца ў сэрцы першы бой з фашыстамі. Перад наступленнем ворага камандзір загадаў рыць акопы ў рост чалавека. Аднак праціўнік кінуў на пехацінцаў танкі. Івана Антонавіча засыпала пяском, пад націскам цяжкой тэхнікі акопы рухнулі, сціскаючы ў смяротных «абдымках». Моцны боль у зламаных рэбрах не даваў магчымасці рухацца. Цэлае падраздзяленне польскіх супраціўленцаў трапіла ў палон. Разам з імі і Іван Качынскі з Забрэззя.

Калі чырвонаармейцы вызвалілі вязняў, Іван Антонавіч змяніў форму «жоўнежа» на савецкую. Праз некаторы час даведаўся, што недзе на франтах ваююць яго тры родныя браты. Вельмі хацелася іх убачыць, бо даўно не меў вестак з дому. Але сустрэцца было наканавана толькі пасля вайны. Усе чатыры браты Качынскія вярнуліся дадому жывыя і здаровыя.

Свой ратны абавязак Іван Антонавіч выканаў добрасумленна, мае шматлікія ўзнагароды. Але найбольшай лічыць тое, што вярнуўся жывым, выгадаваў дачку, дачакаўся ўнукаў і праўнукаў. «Жыццё – самае дарагое, што толькі можа мець чалавек. Ім трэба даражыць і дзякаваць Богу за кожны дзень», – дае наказ 96-гадовы ветэран. І з гэтым цяжка не пагадзіцца…

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий