УДЗЯЧНАЙ ПАМЯЦІ НЯЗГАСНАЕ СВЯТЛО

Официально

Гімнам роднай зямлі, старажытнаму, багатаму на гісторыю Валожыну стала раённае свята, якое прайшло ў райцэнтры 3 ліпеня. Урачыстасці з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь ладзіліся па ўсёй нашай краіне. І ў вялікіх гарадах, і на перыферыі іх аб’ядноўвалі высокія паняцці: патрыятызм, святая любоў да роднай зямлі, гонар за нашу Айчыну. На ўсіх такіх мерапрыемствах гучыць лейтматывам – памяць пра гераічнае мінулае, пра подзвіг воінаў-вызваліцеляў.

Плошча горада Валожына, які ў той дзень адзначаў і свой чарговы Дзень нараджэння, стала галоўнай сцэнічнай пляцоўкай ліпеньскай урачыстасці. Паспрыяла выхадному дню і цудоўнае сонечнае надвор’е. Радавала чыстае васільковае неба ў залацістых промнях сонца, а позна вечарам Валожын азарыўся відовішчным феерверкам.

Горад святкаваў, лікаваў, весяліўся з раніцы да позняй ночы. А кульмінацыяй стаў урачысты мітынг, які распачаўся ў 11 гадзін раніцы. Яго прызначэнне – успомніць легендарнае гістарычнае мінулае, пакланіцца светлай памяці і неўміручаму подзвігу пакаленню, якое выратавала свет ад фашысцкай чумы. Па традыцыі да гасцей і ўдзельнікаў свята з вітальным словам звярнуўся кіраўнік раённай вертыкалі ўлады Уладзімір Антонавіч Наумовіч. Ён шчыра павіншаваў прысутных з галоўным нацыянальным святам краіны, а жыхароў Валожына і шматлікіх гасцей – з Днём горада. Старшыня райвыканкама падкрэсліў важнасць подзвігу ўдзельнікаў вайны ў імя будучыні, у імя міру на зямлі. Ён заклікаў захоўваць і прымнажаць слаўныя традыцыі мінулага, услаўляць сённяшні дзень руплівай працай, стараннем. Асабліва хвалюючым момантам ліпеньскай урачыстасці стала мінута маўчання ў памяць тых, хто загінуў за наша шчаслівае сёння  на палях мінулай вайны. Вызваленне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў насіла патрыятычны, інтэрнацыянальны характар, а ядром гэтай барацьбы былі славянскія народы. Ужо шмат дзесяцігоддзяў як рэспублікі колішняга Савецкага Саюза набылі статус суверэнных дзяржаў, але дружба паміж славянскімі народамі па-ранейшаму не аслабела. Яна набывае новыя імпульсы, новыя фарбы ў гарманізацыі культурных, дзелавых, эканамічных адносін. Украінцы, расіяне, беларусы ў Валожыне раздзялілі радасць трыумфальнага ліпеньскага свята. З’яднаныя агульнай воляй у барацьбе з ворагам у далёкія саракавыя гады гэтыя тры народы злучаны і агульнай памяццю пра Вялікую Перамогу над фашызмам. Шматпакутная Беларусь першай у 1941-м прыняла ўдар фашысцкай агрэсіі. А ў раёне расійскага горада Лобня, з якім нядаўна наш раён устанавіў пабрацімскія сувязі, у гады Вялікай Айчыннай вайны было спынена наступленне немцаў на Маскву. У нас агульная неўміручая памяць, агульны боль, агульная гісторыя! Пра ўсё гэта расійскія госці гаварылі на свяце ў Валожыне. Да нас прыбылі дэлегацыі не толькі з падмаскоўнай Лобні, але і з ужо добра знаёмых нам расійскіх гарадоў Зарайска, Арзамаса. Штогод, і сёлетні не выключэнне, прыязджаюць госці і з Макараўскага раёна, што ва Украіне. Братэрскія сувязі наладжаны з горадам Попава ў Балгарыі. Упершыню сёлета на нашым галоўным свяце пабывалі і прыбалтыйцы. З горадам Йёгевам у далёкай Эстоніі наш раён сёлета наладзіў дзелавое супрацоўніцтва, распрацавана мадэль узаемавыгаднага эканамічнага партнёрства.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыяльнага сходу Рэспублікі Беларусь С. Ф. Кулеш, прадстаўнікі замежных дэлегацый, госці з Дзяржынскага раёна выступалі са святочнай сцэны. Яны сказалі шмат удзячных слоў у адрас кіраўніцтва раёна за тыя пазітыўныя змены, якія адбыліся ў рэгіёне, за камфортны, дагледжаны горад. І, вядома ж, кожны выступаючы адрасаваў шчырыя зычэнні валожынцам і шматлікім гасцям з нагоды Дня горада.

На свята валожынцы і госці з вёсак, са сталіцы, іншых гарадоў завіталі сем’ямі. Прыйшлі па традыцыі сюды і працоўныя калектывы. Прадстаўнікі розных устаноў, арганізацый, прадпрыемстваў прайшлі парадным маршам па галоўнай плошчы горада.

Як і на любым свяце, на гэтым было раздольна звонкім песням, яркім мелодыям. А запаліў гэтую яркую вясёлку талентаў папулярны беларускі спявак Аляксандр Саладуха. Яго шлягерам з вялікім задавальненнем падпявала шчаслівая публіка. Галоўная сцэнічная пляцоўка не пуставала ўвесь дзень. На ёй гаспадарылі маладзёжныя музычныя групы з Мінску, самадзейныя артысты з раённых устаноў культуры. У святочным рэпертуары было і выступленне хору ветэранаў “Спяваючыя сэрцы”, запомнілася і канцэртная праграма аматарскіх калектываў клубных устаноў, дзіцячых школ мастацтваў, эстрадных салістаў з горада і раёна.

Самая ўзнёслая, хвалюючая мелодыя гучала позна вечарам. У 22.55 удзельнікі валожынскай урачыстасці далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Спяваем Гімн разам”. Буру радасных эмоцый штораз выклікае і яркі феерверк, які прыгожа расквечвае начное неба.

Гэты святочны дзень лічыцца самым спрыяльным для сямейнага адпачынку. На свяце было прадумана ўсё, каб маглі пазабаўляцца дзеткі, каб з карысцю правялі выхадны дарослыя. Нямала наведвальнікаў было і ў імправізаваным горадзе майстроў народнай  дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Шмат старання па абслугоўванні ўдзельнікаў свята праявілі і работнікі спажыўкааперацыі, прадпрыемстваў грамадскага харчавання.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара і Сяргея БОБРЫКА.

 



Добавить комментарий