З КІТАЙСКІМ КАЛАРЫТАМ

Общество

…Агарод дагледжаны, без адзінага парастку пустазелля, быў ураджайным. Тут заўсёды вырастала самая першая радыска, потым цыбуля, агуркі, памідоры. Гаспадар здымаў плады, сам іх саліў-марынаваў па толькі яму вядомых рэцэптах. З ранняй вясны да позняй восені ён нярэдка і спаў на вузенькім цвёрдым тапчане побач з градамі. Балазе, кусты акацыі так шчыльна перапляталіся ўверсе, што хіба толькі самы моцны дождж мог прабіцца праз жывы дах.

Калі агародныя справы трохі адпускалі старога, ён гатаваў цукеркі на продаж. Варыў густы сіроп з цукру і вады, потым яго адбіваў, расцягваў на вялізным кручку, скручваў, рэзаў, заварочваў у паперкі. Сцены яго дома так напіліся салодкага водару, што здавалася – лізні іх і адчуеш карамельны смак. Яшчэ ён умеў рабіць цукеркі-пекулькі. Толькі недасведчаныя пакупнікі маглі пераблытаць іх са звычайнымі пеўнікамі на палачцы, але стары цукерачнік настойліва паўтараў: «Пекулькі! Каму пекулькі…» Ён быў кітаец, і менавіта на такі манер вымаўляў цяжкае рускае слова «петушкі». Магчыма, меў на гэта права, бо пры перасячэнні расійска-кітайскай граніцы нават яго роднае прозвішча «перакроілі» з Дай на Тай, імя Чжэн на Джэн…

Першая памочніца ў Чжэна – унучка Волечка. З вялізнай ёмістасці яна носіць ваду, а ён нетаропка, з усходняй стрыманасцю ў рухах, палівае кожнае каліва на агародзе з малюсенькай палівачкі. Калі дзяўчынка не вельмі стамілася і ў яе добры настрой, яна па-кітайску хораша называе яго «ее» — дзядуля, а як зазлуецца – «ватру», што значыць стары. Прыгажуня Волечка радуе вока Чжэна. І хто б мог падумаць, што яркія, чорныя вочы дзяўчынцы дастануцца ад маці, беларускі з Валожына! Бо сын Дая Анатоль хоць і мае кітайскія рысы, але сінявокі, як жонка-украінка.

За колькі дзесяцігоддзяў усходняя кроў Тай-Джэй-Цаяў з Валожына перамяшалася з рускай, беларускай, украінскай, азербайджанскай. Род у выніку атрымаўся яркі, прыгожы, кожнага з нашчадкаў Цая калі адзін раз убачыш, то не забудзеш і ні з кім не пераблытаеш. Цікава, што ўнука Віктара, які найбольш падобны на дзеда хударлявай фігурай, высокім ростам, разрэзам вачэй, за бялявасць і сінявокасць успрымаюць як прыбалта…

Прозвішча Тай-Джэн-Цай у Валожыне з’явіліся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі сын кітайца Чжэна Анатоль быў прызваны сюды для нясення тэрміновай службы. Тут Анатоль сустрэў Анастасію Радзевіч, якая працавала ў часці бібліятэкарам. Яны пакахалі адно аднаго, ажаніліся, нарадзілі трое дзяцей: Вольгу, Ірыну і Віктара. Анатоль не цураўся сваіх усходніх каранёў, але і многія асаблівасці беларусаў лічыў за свае. Напрыклад, вельмі любіў бульбяныя бліны з мачанкай, мясцовыя песні, танцы. Таму ўсіх дзяцей аддаў у музычную школу. Да выхавання і адукацыі дачок і сына наогул ставіўся адказна. У выніку ўсе Тай-Джэй-Цаі атрымалі вышэйшую адукацыю, сталі выдатнымі спецыялістамі. Ніколі носьбітам дзіўнага прозвішчам Тай-Джэй-Цай не было ў Валожыне няўтульна ці небяспечна. З імі сябравалі, іх паважалі.

Па анкетных дадзеных дзеці Анатоля Тай-Джэй-Цая – беларусы, але ведаюць пра свае ўсходнія карані. Як прызнаецца Вольга Анатольеўна Аліева, старэйшая ўнучка Цая, яна хоць і не размаўляе на мове дзеда, але некаторыя словы захавала ў памяці, каб перадаць іх у духоўную спадчыну сыну, унукам, як і сакрэты кітайскай кухні. Напрыклад, кітайскія пельмені больш вялікія, у іх акрамя мяса абавязкова кладуцца грыбы, пекінская капуста, соевы соус. Менталітэт беларускіх Тай-Джэй-Цаяў «афарбаваны» усходнім каларытам. Яны не прымаюць публічных скандалаў, высвятлення на людзях адносін, раскрыцця душы перад незнаёмцам, імпульсіўнасці, больш давяраюць тым людзям, якія стрыманыя ў знешнім праяўленні эмоцый, ды і самі немітуслівыя, імкнуцца не траціць разважлівасці ў крытычных сітуацыях.

Прадстаўнікі той галіны кітайскіх сваякоў, што зараз жывуць у Казахстане, спрабавалі на пачатку дзевяностых даведацца пра паходжанне пачынальніка роду Дая. Але звестак пакуль што мала.

Зараз прозвішча Тай-Джэй-Цай у Валожыне няма. У апошняга з валожынскіх кітайскіх «магікан» Віктара толькі дачка Анастасія. Яна выйшла замуж і носіць прозвішча мужа. Гледзячы на яе, бландзінку, але з карымі вачыма, наўрад ці хто западозрыць, што перад ім — носьбіт генаў самага шматлікага ў свеце народа.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий