КАБ ЛАКАЛІЗАВАЦЬ ХВАРОБУ…

Общество

Частка тэрыторыі Валожынскага раёна згодна з рашэннем райвыканкама № 843 аб’яўлена першай зонай па захворванні свіней афрыканскай чумой (АЧС).

У гэту зону ўвайшлі горад Валожын, Івянец, Багданаўскі, Валожынскі, Вішнеўскі, Івянецкі, Пяршайскі (за выключэннем тэрыторыі свінагадоўчага комплексу), а таксама Пральніцкі, Сакаўшчынскі сельсаветы. У населеных пунктах названых сельсаветаў неабходна да 8 ліпеня бягучага года з мэтай недапушчэння распаўсюджвання захворвання правесці 100-працэнтны забой здаровых свіней для стварэння надзейнай ізаляцыйнай зоны.

Мяса здаровай жывёлы можна выкарыстоўваць для ўласных патрэб сям’і, а лішкі прадукцыі здаць на мясакамбінаты па папярэдніх заяўках праз сельвыканкамы.

Свініну для спажывання трэба абавязкова правяраць. Адбіраюцца пробы ветспецыялістамі, якія затым дастаўляюцца ў спецыялізаваную лабараторыю. І толькі пасля станоўчага заключэння мяса свойскіх свіней можна ўжываць у ежу. Без праходжання кантролю свініна забаронена для выкарыстання! Памятайце, што мяса ад падворнага забою свойскай жывёлы павінна ў абавязковым парадку праходзіць ветэрынарна-санітарны кантроль!

Каб лакалізаваць  захворванне, неабходна прытрымлівацца пэўных правілаў, бо АЧС вельмі небяспечная і досыць жывучая хвароба. Таму ўводзяцца наступныя правілы. Усё пагалоўе ў першай зоне ліквідуецца. Забаронены продаж жывёлы, а таксама гандаль на рынках мясам і іншымі прадуктамі жывёлагадоўлі. Абмежаваны рух транспарту і людзей у першай пагражальнай зоне.

Поспех барацьбы з захворваннем у многім залежыць ад пазіцыі і паводзін саміх грамадзян. Нельга ўтойваць факты захворвання свіней, уціхую самастойна ўтылізоўваць тушы хворых свіней. Бо пераносчыкамі  небяспечнай інфекцыі могуць быць птушкі, грызуны, кляшчы і іншыя. У глебе вірус свабодна захоўваецца да чатырох месяцаў. Заўважым, што для здароўя чалавека гэта інфекцыя небяспекі не ўяўляе.

Асноўным рэзервуарам і пераносчыкам АЧС з’яўляюцца дзікія кабаны, фекаліі хворай і заражанай жывёлы і інш. Нельга набываць і камбікармы сумніўнай якасці.

З моманту заражэння і да праяўлення першых прыкмет хваробы праходзіць ад 2 да 7 сутак.

…Распачаўся летні нарыхтоўчы сезон дароў лесу. Узрасла і верагоднасць пераносу  гэтай хваробы ад дзікоў на асабістыя прыватныя падворкі грамадзян. Таму пры наведванні лясоў трэба старацца  абмінаць месцы пражывання дзікоў. А пры выхадзе з лесу пажадана мець зменны абутак, каб не прынесці на ім узбуджальніка хваробы на свой падворак, неабходна выконваць і іншыя прафілактычныя меры. Дома абутак трэба прадэзінфіцыраваць.

Сітуацыя з АЧС на дадзены момант знаходзіцца пад кантролем. У першай пагражальнай зоне праведзена растлумачальная, інфармацыйная работа сярод гаспадароў прыватных сядзіб, якія ўтрымліваюць свойскую жывёлу. Прыняты іншыя меры перасцярогі па лакалізацыі захворвання, ажыццяўляюцца прафілактычныя мерапрыемствы.

У выпадку выяўлення захворвання свіней самастойна ніякіх мер не прымайце! У тэрміновым парадку звяртайцеся ў ветэрынарную службу па тэлефоне : 55519.

 



Добавить комментарий