ВЕСЯЛІЛІСЯ АМАЛЬ ДА РАННЯ

Официально

На базе адпачынку «Бярозавы двор», што ў Даўбенях, мясцовыя жыхары адсвяткавалі Дзень вёскі. Калісь тут стаяла васьмігодка, потым навучальную ўстанову закрылі, а будынак перайшоў у прыватную ўласнасць прадпрымальніка з Валожына Яўгена Грыбоўскага. І месца зноў ажыло.

Стараннямі работнікаў аддзела культуры райвыканкама, і ў першую чаргу дырэктара Бабровіцкага культурна-спартыўнага цэнтра Ларысы Вітальеўны Тур, сядзіба «Бярозавы двор» напярэдадні свята была не толькі ўпрыгожана, але і абсталявана для правядзення ўрачыстасці. Шмат станоўчых водгукаў гучала ў адрас Галіны Аляксандраўны Унукоўскай, якая здзівіла прысутных цудоўнымі сурвэткамі, звязанымі пруткамі і кручком.

На сцэну выклікаліся лепшыя людзі з Даўбеняў і суседняй Палікшчыны, кожнаму з іх адрасаваліся сардэчныя словы, нумары мастацкай самадзейнасці і каштоўныя падарункі. Пра матэрыяльны бок свята паклапаціўся старшыня Валожынскага сельвыканкама С. Ф. Глінскі.

Найперш ушанавалі гаспадароў узорных падворкаў: Людмілу Анатольеўну Шостак, Тамару Кірылаўну Жукоўскую, Чаславу Сяргееўну Кароль. Героямі свята былі муж і жонка Валерый Кароль і Ірына Брылевіч, якія выхоўваюць пяцёра прыёмных дзяцей. Потым на імпрэзаваную сцэну запрасілі старэйшых жыхароў: 85-гадовых юбіляраў Фадзея Ігнацьевіча Руту, Зінаіду Мікалаеўну Унукоўскую і Лідзію Ільінічну Галоўскую, якая перасягнула 95-гадовы рубеж.

Атрымалі падарункі і самыя юныя жыхары Даўбеняў – гадавалыя Ксенія Жукоўская і Данііл Шастак. Яны пакуль не разумеюць, што за будучыню гэтай вёскі давядзецца адказваць ім. Гэта ў іх маленькія ручкі перададуць бацькі і дзяды радавую спадчыну. І так хочацца спадзявацца, што Даўбені, іншыя маленькія вёскі нашай Валожыншчыны абміне трагічны лёс Атлантыды і яны не знікнуць з твару Зямлі…

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота прадастаўлена Валожынскім сельвыканкамам.

 



Добавить комментарий