ВАДЗІЦА – У СПЁКУ ЦАРЫЦА

Общество

Што можа быць больш спакусліва, чым акунуцца ў спякотны летні поўдзень у прахалоднай рэчцы? Не стрымлівае і той факт, што за сезон у вадзе тоне больш людзей, чым у аўтамабільных аварыях. Сёлетняя сумная статыстыка па вобласці – 22 тапельцы, у тым ліку двое дзяцей. У нашым раёне затануў адзін дарослы мужчына і адзін двухгадовы хлопчык.

Вядома, прадугадаць усе небяспечныя моманты немагчыма, але памятаць неабходна хаця бы пра галоўнае: не купайцеся там, дзе дно парасло водарасцямі, не кідайцеся адразу ў ваду, дайце целу трохі астыць. Нават калі вы ўпэўнены, што плаваеце не горш за чэмпіёна, то ўсё адно правільна разлічвайце  сілы, а пры сударгах мышцаў змяншайце нагрузку і пастарайцеся іх расслабіць.

Вельмі небяспечна ныраць у незнаёмым месцы, найперш правядзіце агляд дна, каб не было камянёў, выступаючых цвёрдых прадметаў, глею. Перад тым, як сесці ў лодку, пераканайцеся, што яна не працякае. Нельга выкарыстоўваць для плавання дошкі, аўтамабільныя камеры, надзіманыя матрацы.

Старайцеся пазбягаць падчас адпачынку на вадзе непатрэбных забавак і алкаголю. Выходзьце на бераг загадзя, не пераахалоджвайцеся.

Асаблівая ўвага патрабуецца тым, хто адпачывае разам з дзецьмі. Непапраўная бяда можа здарыцца нават каля берага. Так, у Любанскім раёне дзядуля лавіў рыбу, а яго маленькі ўнук гуляў побач. Стары, заглядзеўшыся на паплавок, не заўважыў, як хлопчык упаў у ваду. Дзіця выратаваць не паспелі.

У нашым раёне для купання абсталяваны тры пляжы: Жоўты Бераг, на івянецкім вадасховішчы і вадасховішчы каля Гардынава. Тут працуюць выратавальнікі, пабудаваны раздзявалкі, ёсць і іншыя неабходныя для адпачынку аб’екты.

Па-ранейшаму небяспеку тоіць у сабе і гарадское возера. Нярэдка можна бачыць, як дарослы чалавек катае на катамаране дзіця без выратавальнай камізэлькі, без выратавальнага кола. Няўжо вы так упэўнены, што малое не раздурэецца і не акажацца ў вадзе? Хацелася б звярнуцца да тых службаў, што абслугоўваюць гэты вадаём: паклапаціцеся аб агароджы! Ледзь не кожны дзень нам паступаюць звесткі, што ў возера з берагу ўпала дзіця. На шчасце, непапраўных здарэнняў не адбылося, бо непадалёк аказваліся мужныя людзі. Выбрацца ж з возера не так проста – дно забалочанае, слізкае.

Малым дзецям нельга гуляць без нагляду дарослых, а каля вады – тым больш. Беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Юліян БАЛДОЎСКІ, начальнік раённай

арганізацыі ТВВАД.

 



Добавить комментарий