ПАШТОВЫ СЭРВІС НЕ АДСТАЕ АД ІМКЛІВАГА ЧАСУ…

Общество

Праз Валожынскае аддзяленне РУП “Белпошта” ў мінулым годзе прайшло 17 тысяч 626 пасылак. Жыхары раёна пасылак больш атрымалі – 14192, чым адправілі – 3434. Да адрасатаў бандэролі ехалі не толькі з розных куткоў нашай краіны, але ляцелі самалётамі і дастаўляліся на цягніках з Кітая, Японіі, Італіі, Ізраіля, Амерыкі і іншых заморскіх краін. Дарэчы, з аддзяленняў “Белпошты” можна адпраўляць пасылкі ў 219 краін свету – ад Грэнландыі да Аўстраліі.

Што хаваецца ў паштовых кардонных скрынках і пластыкавых пакетах? Як з дапамогай сістэмы IPS прасачыць увесь шлях сваёй пасылкі ў рэжыме рэальнага часу? – пра гэта карэспандэнт газеты даведалася ў намесніка начальніка ўчастка абмену і апрацоўкі пошты А. А. ТЫШКЕВІЧ.

– Аксана Аляксееўна, якія існуюць умовы адпраўлення пасылак?

– Калі гэта міжнародная пасылка, то прыйдзецца заплаціць за саму адпраўку і за масу, якія залежаць ад спосабу перасылкі – наземнага або авія.

Калі перасылаеце каштоўныя рэчы і хвалюецеся за іх захаванасць, можна аформіць пасылку як “адпраўленне з абвешчанай каштоўнасцю”. Тут бярэцца дадатковая плата за кожны рубель сумы абвешчанай каштоўнасці.

Ломкія і грувасткія рэчы пацягнуць за сабой дадатковую плату ў памеры 50% асноўнага тарыфу.

Плата за ўнутрырэспубліканскія паштовыя адпраўленні залежыць ад масы, сумы абвешчанай каштоўнасці і тэрытарыяльнай прыналежнасці.

– Ці праўда, што адпраўляючы пасылку за мяжу, трэба абавязкова ўказаць усё, што ў ёй знаходзіцца?

– Так, падрабязны вопіс усяго, што там змяшчаецца, павінен прыкладацца абавязкова, а таксама і яго прыблізны ацэначны кошт. На мытні кожную пасылку прасвечваюць праз спецыяльнае рэнтген-устройства, “падазроныя” – ускрываюцца. Калі прагледжаныя на рэнтгене рэчы адпавядаюць заяўленым, праблем не ўзнікае і пасылку не распакоўваюць.

– Адкрыйце, калі ласка, сакрэт: што ў асноўным перасылаюць поштай?

– Зараз заказваюць шмат тавараў у інтэрнэт-крамах, у тым ліку і замежных: адзенне, абутак, посуд, запчасткі для аўтамабіляў. Ідуць пасылкамі і падарункі ад сваякоў з-за мяжы.

Людзі перасылаюць самыя разнастайныя рэчы, часам нават здзіўляюць. Вось, напрыклад, з Валожына ў Амерыку пасылаюць …крэм і калготкі.

Ідуць поштай і саджанцы дрэў, важныя дакументы, забытыя або страчаныя рэчы.

Жыхары раёна летась адправілі 78 пасылак у іншыя краіны, а з-за мяжы атрымалі – 212. Выслалі 3356 унутрырэспубліканскіх пасылак, атрымалі – 13980.

– У вашай практыцы сустракаліся незвычайныя паштовыя адпраўленні?

– Напэўна, сюды можна аднесці пчол. Гэтых працавітых насякомых рэдкіх парод дасылаюць жыхарам раёна ў маленькіх драўляных скрыначках з дзірачкамі. Пасылкі гэтыя ўнутрырэспубліканскія, таму пчолы за дзень-два з камфортам прыязджаюць да месца назначэння.

– Чаго ў пасылцы не павінна быць ні ў якім разе?

– У кожнай краіны свой спіс забароненых рэчаў. Да нас, напрыклад, можна дасылаць усё што заўгодна, акрамя алкаголю, тытунёвых вырабаў і курыльных сумесяў, каштоўных камянёў, культурных каштоўнасцяў, любых відаў зброі і іх частак, радыеактыўных матэрыялаў, тавараў, якія хутка псуюцца, наркатычных сродкаў і некаторых іншых тавараў.

Адзін мастак з нашага раёна высылаў у Англію падарункам сваю карціну вялікага памеру. Перад гэтым ён афармляў дакументы, што палатно не з’яўляецца культурнай каштоўнасцю краіны. Але на мытні з перасылкай карціны ўсё роўна ўзніклі праблемы.

– Аксана Аляксееўна, калі я, напрыклад, атрымаю пасылку з-за мяжы, ці прыйдзецца плаціць пошліну?

– На сёння, калі кошт пасылкі будзе перавышаць 120 еўра, то яна абкладаецца пошлінай у 30% ад кошту, альбо ў 4 еўра за кожны кілаграм змесціва пасылкі. Старайцеся, каб на працягу аднаго каляндарнага месяца на ваша імя прыходзілі пасылкі агульным коштам не больш за 120 еўра, тады не трэба пераплачваць.

– Якімі могуць быць максімальныя вага і памер паштовых адпраўленняў?

– Максімум вагі для міжнародных і ўнутрырэспубліканскіх адпраўленняў – 30 кг, памеры – якія не перавышаюць 1,5 на 1,5 метра.

– Раскажыце, як хутка пасылкі знаходзяць сваіх адрасатаў?

– Дастаўка міжнародных паштовых адпраўленняў у многім залежыць ад работы мытні. Пасылкі ж унутры краіны хутка прыбываюць на месца назначэння. Напрыклад, днём з пошты райцэнтра вы адпраўляеце бандэроль у Гродна. На світанні наступнага дня яе забярэ паштовая машына, што ідзе ў накірунку Гродна, і апоўдні пасылка ўжо будзе ў абласным цэнтры.

З нашай пошты пасылкі адпраўляюцца адрасатам пяць дзён у тыдзень – з аўторка па суботу.

Дарэчы, у раённым аддзяленні “Белпошты” з’явілася новая паслуга EMS – міжнародная паскораная пошта, пры якой паштовыя адпраўленні даходзяць да адрасата ў максімальна кароткія тэрміны. Напрыклад, пасылка ў Маскву можа дайсці за два дні, у Пекін – за тры-чатыры. Праўда, гэта паслуга не з танных. Адпраўляючы пасылку вагой да 500 грамаў у тую ж сталіцу Расіі, прыйдзецца заплаціць 246 тысяч беларускіх рублёў. Паслугай EMS часцей карыстаюцца, калі адпраўляюць дзелавыя паперы, дакументы.

Плюс да ўсяго існуе і сістэма IPS, якая дазваляе прасачыць за адпраўленымі міжнароднымі пасылкамі. Праз Інтэрнэт вы кожную хвіліну можаце бачыць месца знаходжання вашай пасылкі і так сачыць за ўсім яе шляхам, што называецца “ад парога да парога”.

Гутарыла Алена ПАШКЕВІЧ.

 

p



Добавить комментарий