ДОМ ДЛЯ КЛОПАТУ, ШЧАСЦЯ І ДАБРА

Официально

12 ліпеня ў райцэнтры па вуліцы Горкага, 10 адчыніў дзверы незвычайны дом. Тут будзе жыць шматдзетная прыёмная сям’я.

Шчаслівыя дзеткі вырастаюць толькі ў атмасферы светлага бацькоўскага клопату! Ніякі найлепшы інтэрнат не дасць паўнавартаснага адчування родных сцен, ён ніколі не заменіць галоўны жыццёвы прычал кожнага чалавека – сям’ю, жаданых і любімых матулю і бацьку.

На жаль, праблема сіроцтва, у тым ліку і сацыяльнага, у нашай рэспубліцы да канца яшчэ не вырашана. Аднак мэтанакіравана робіцца ўсё для таго, каб дзеці з маленства выхоўваліся ў цёплай, добразычлівай сямейнай атмасферы. Дзясяткі дзяржаўных праграм служаць гэтай высакароднай мэце. Функцыяніруюць Дзіцячыя вёскі, у тым ліку і ў Мінскай вобласці, адчыняюцца жылыя дамы сямейнага тыпу. Тут Міншчына займае лідзіруючыя пазіцыі. У сталічнай вобласці ўжо працуе 35 дамоў для прыёмных сем’яў. Валожынскі дом па вуліцы Горкага ў мінулую пятніцу папоўніў гэты шчаслівы спіс.

Адкрыццё кожнага такога дома – гэта сапраўднае свята, гэта знамянальная падзея. Так было і на гэты раз. Павіншаваць сям’ю Асянавых з наваселлем завіталі ў Валожын старшыня Мінскага аблвыканкама Б. В. Батура і супрацоўнікі аблвыканкама, Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Н. А. Ермакова, Старшыня Праўлення ААТ “Банк БелВЭБ” П. У. Калаур і іншыя асобы. Прысутнічаў на свяце і кіраўнік раённай вертыкалі ўлады У. А. Наумовіч.

Зразумела, каб рашыцца на любую новабудоўлю, трэба мець вялікі капітал. Не кожная сям’я асіліць гэту ношу. І тут сваё надзейнае плячо падстаўляе дзяржава. Адзін мільярд бюджэтных сродкаў укладзены на ўзвядзенне дома сямейнага тыпу па вуліцы Горкага. Яшчэ адзін мільярд 800 мільёнаў  рублёў спансіраваў ААТ “Банк БелВЭБ”. Дарэчы, сённяшні    яго кіраўнік П. У. Калаур у 80-х гадах узначальваў валожынскае аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк”.

У ліку тых, хто першым падтрымаў у рэспубліцы ідэю ўзвядзення дамоў сямейнага тыпу, было рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз жанчын”, якое тады і цяпер узначальвае Надзея Ермакова, якая сёння кіруе Нацыянальным банкам рэспублікі. Першы сямейны дом  прапісаўся тады ў Шклове Магілёўскай вобласці. У Мінскай вобласці ў 35-і дамах сямейнага тыпу сёння выхоўваецца 248 непаўналетніх дзяцей. Летась дамы накшталт валожынскага былі адчынены ў Чэрвеньскім, Уздзенскім раёнах.

Навасельцамі дома па вуліцы Горкага стала вялікая сям’я Святланы Рамісаўны  Асянавай з Пугачоў і яе мужа Вітаўтаса Шыманоўскіса. Гаспадыня мае педагагічную адукацыю, у свой час скончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Муж працуе тунэльным рабочым службы пуцей Мінскага метрапалітэна. У гэтай сям’і  выхоўваюцца чацвёра прыёмных дзяцей: Паліна і Павел Сівыя, Дзяніс і Алена Віцікавы. Святлана Рамісаўна мае і  родную дачку Юлію, якая сёння ўжо студэнтка ВНУ.

Агульная плошча новага дома, які ўзводзіла валожынскае РБУ  ААТ “Універсалрамбуд”, складае 235 квадратных метраў, жылая – 105. Абсталяваны шэсць жылых пакояў, чатыры дзіцячыя спальні, іншыя пакоі. Дом з мансардай па-сучаснаму абстаўлены мэбляй, закуплены і ўвесь неабходны набор складанабытавой тэхнікі.

…Маёмасці ў гэтай сям’і ў дзень наваселля прыкметна прыбавілася. Шматлікія шаноўныя госці прыехалі з каштоўнымі падарункамі. Дзень адкрыцця дома сямейнага тыпу стаў яркім, запамінальным святам! Пра жыццё гэтай сям’і мы раскажам на старонках газеты больш падрабязна праз нейкі час. А цяпер скажам традыцыйнае: “З наваселлем! Шчасця ў дом!”

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота Сяргея БОБРЫКА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *