СЯДЗІБА – ВАЧЭЙ НЕ АДВЕСЦІ!

Общество

Прайсці міма дома Антаніны Антонаўны ДУРКО ў Гародзьках і не азірнуцца – немагчыма. Цуд, дый годзе!

А яшчэ гавораць, што ў наш прагматычны век месцаў для цудаў не засталося. Так, мы ўжо не бачым нічога звышнатуральнага ні ў мабільнай сувязі, ні ў камп’ютары, ні ў магчымасці палётаў на Марс. Затое не перастаюць зачароўваць водар кветак, рознакаляровыя пералівы расы на траве, каменьчыкі, што спяць на пульхных падушках пагоркаў…

Цудам можна назваць і нястомнасць рук вясковых жанчын. Неяк назірала, як маленькая дзяўчынка гладзіла бабуліны рукі і прасіла:»Выпрамі далонь роўненька, гэтак, як я!» Старая смяялася: «Не магу, пальцы не разгінаюцца. Быццам бы спецыяльна для работы сагнуліся…»

На хатнія справы Антаніна Антонаўна адводзіць толькі той час, што застаецца пасля працоўнай змены. Яна – вядучы спецыяліст аддзялення «Беларусбанка» ў Гародзьках. Ці то прафесіянальная прывычка выконваць усё бездакорна дае аб сабе знаць, ці то ўрадзілася жанчына такой дасціпухай, але на яе падворку такая чысціня, якой ні ў кожным доме пабачыш.

Кожны від аздобы, як прызналася Антаніна Антонаўна, найперш выспявае ў галаве. Потым даводзіцца пахадзіць па гандлёвых кропках, каб набыць задуманае. Непасрэдна дэкаратыўная работа – самы прыемны занятак.

Толькі не трэба забываць, што нават неадушаўлёныя рэчы любяць догляд. Кветкі неабходна падразаць і арашаць, выявы звяркоў – мыць, а газон раўняць не радзей, чым два разы на месяц. Ну хіба цяжка? Напэўна, не, калі занятак па душы…

Алена ЗБІРЭНКА.

Фота аўтара.




Добавить комментарий