АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА ліпень 1968 ГОДА

Культура

СВЯТА НАД ІСЛАЧЧУ.

Раённае свята працы і песні прайшло ва ўрочышчы “Іслачоўка”.

Тут пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве – Івянецкаму кансерваваму заводу і калгасу “Верны шлях” былі ўручаны пераходныя чырвоныя сцягі.

Званне лепшых па прафесіі прысвоена: даярцы калгаса “Верны шлях” Веры Станіславаўне Прыстром, якая надаіла ад кожнай з 12 замацаваных за ёй кароў па 1622 кілаграмы малака; свінарцы калгаса імя  М. Горкага Марыі Іванаўне Давідовіч, якая атрымала ад кожнай з 20 замацаваных за ёй свінаматак па 12,5 парасяці; свінарцы калгаса “краіна Саветаў” Юльяне Паўлаўне Адахоўскай, якая адкарміла 434 свінні жывой вагой 467 цэнтнераў; даглядчыку па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы калгаса “Краіна Саветаў” Івану Вікенцьевічу Марзаку, які атрымаў 749 грамаў сярэднясутачнай прывагі ад кожнай з 50 галоў цялят; даглядчыку па адкорму буйной рагатай жывёлы саўгаса “Ракаўскі” Мацвею Юльянавічу Мякінніку, які дабіўся 621 грама сярэднясутачнай прывагі ад кожнай з 93 галоў жывёлы; птушніцы Івянецкай птушкафабрыкі Эве Баляславаўне Янушкевіч, якая атрымала ад кожнай з 3400 курэй-нясушак па 128 яек; трактарысту калгаса імя Чапаева Міхаілу Рыгоравічу Скапцу, які на трактары МТЗ-52 выпрацаваў 898 гектараў мяккага ворыва.

Пасля ўрачыстай часткі пачалася забаўляльная. Юнакі спрабавалі свае сілы ў перацягванні каната, у выцісканні пудовай гіры. Міхаіл Германовіч, электрык з калгаса імя Чарняхоўскага, лёгка паднімае гіру 40 разоў.

Весела было і ля традыцыйнага атракцыёна – лазання па слупу. Доўгі час усе спрабавалі дабрацца да запаветнага прыза – і ўсё няўдала. Самым жа дужым і спрытным аказаўся трактарыст з калгаса “Запаветы Ільіча” Святаслаў Шукевіч.

УЗНАГАРОДЫ ЗНАЙШЛІ СВАІХ ГЕРОЯЎ

Выканаўшы загад камандавання разведаць варожыя сілы ў адным з раёнаў Кёнігсберга, 6 сакавіка 1945 года радавы Фёдар Пупко з групай разведчыкаў вяртаўся з баявога задання.

Вораг выявіў смельчакоў, адкрыў ураганны агонь з усіх відаў зброі. Аднак было позна. Каштоўныя звесткі разведчыкі перадалі камандаванню 121 стралковага корпуса. Прыкрываючы адыход таварышаў, Фёдар Пупко быў цяжка паранены. Яго вынеслі з поля бою. Потым цягнуліся доўгія месяцы лячэння ў шпіталі.

Закончылася вайна. Не ведаў былы разведчык, цяпер калгаснік сельгасарцелі “Верны шлях”, што яго ваенны подзвіг адзначаны ўрадавай узнагародай. 23 гады ўзнагарода шукала героя. Нядаўна ў райваенкамаце Фёдару Герасімавічу Пупко была ўручана вышэйшая салдацкая ўзнагарода – ордэн Славы трэцяй ступені.

Амаль пасля чвэрці стагоддзя няспынных пошукаў уручаны медалі “За баявыя заслугі”, якімі былі ўзнагароджаны ў час Вялікай Айчыннай вайны былыя воіны Андрэй Васільевіч Ланько, што цяпер працуе ў калгасе імя Леніна, і калгаснік сельгасарцелі “Запаветы Ільіча” Мікалай Раманавіч Гідлеўскі.

Раённы ваенны камісар уручыў ордэн Айчыннай вайны першай ступені інваліду вайны – жыхару вёскі Туркаўшчына Мікалаю Маркавічу Сідаркевічу. Былы воін быў цяжка паранены, страціў зрок, застаўся без нагі. Але ён і цяпер у страі: сваімі расказамі аб падзеях ваенных гадоў выхоўвае моладзь у духу адданасці Айчыне.

ЮНЫЯ ПАМОЧНІКІ

У дні летніх канікул побач са старэйшымі на палях сельгасарцелі “Чырвоны сцяг” працуюць школьнікі.

Яны дапамагаюць дарослым даглядаць пасевы цукровых буракоў, нарыхтоўваюць кармы для грамадскай жывёлы.

Хлебаробам асабліва актыўна дапамагаюць Уладзімір Кулік, Антон Гаспер, Тамара Кулік, Зоя Абановіч.

У калгасе “Перамога” ў паляводчай брыгадзе актыўна працуюць школьнікі Уладзімір Радзівілка, Іван Садоўскі, Іван Багуцкі і Мікалай Радзівілка. Да камсамольцаў далучыліся піянеры Віктар Пятровіч і Анатолій Гарасюк.

Вучні дзявятых класаў СШ № 1 райцэнтра праходзяць летнюю практыку на будоўлях горада. Яны ўдзельнічаюць у будаўніцтве сыраробчага цэха масласырзавода і 70-кватэрнага жылога дома.

ЗАЛАТЫ ЎРАДЖАЙ

Залаты ўраджай пажыналі сёлета выпускнікі валожынскай сярэдняй школы № 2.

За поспехі ў вучобе тут залатых медалёў удастоены 7 выпускнікоў і срэбраных медалёў – 2. Усяго выпускнікі школ раёна ўдастоены 13 залатых і 9 срэбраных медалёў.

У ВОДПУСК – НА РЫЖСКАЕ ЎЗМОР’Е

У саўгасе “Падбярэззе” штогод па пуцёўках прафсаюза рабочыя адпраўляюцца ў санаторыі і дамы адпачынку.

Палявод Рэгіна Васілеўская папраўляла сваё здароўе ў санаторыі “Лётцы”, шафёр Іосіф Юхнеўскі – на Рыжскім узмор’і. У доме адпачынку “Ждановічы” пабывалі механізатары Пётр Язерскі і Канстанцін Карповіч. Яны вызначыліся на рамонце тэхнікі і веснавой сяўбе. Бясплатныя пуцёўкі – узнагарода за старанную працу.

ЭКЗАМЕНЫ ДЛЯ ВАДЗІЦЕЛЯЎ

Майстэрства вадзіцеляў аўтамабіляў і матацыклаў правяралася на спаборніцтвах па тэхнічных відах спорту, што праходзілі ў Івянцы.

Галоўнае патрабаванне ўмоў спаборніцтваў не толькі вялікая хуткасць ваджэння, але і дакладнасць манеўравання.

Дакладна правёў паміж фігурамі-перашкодамі свой аўтамабіль і паказаў высокі клас манеўраў вадзіцель аўтабазы № 14 Леанід Алешка, ён заняў першае месца. Другое месца заваяваў шафёр з саўгаса “Радзіма” Іосіф Кульша, трэцяе – шафёр саўгаса імя Маякоўскага Эдуард Ліпніцкі.

Аднак некаторыя вадзіцелі яшчэ маюць нізкі ўзровень практычнай падрыхтоўкі: яны не маглі выканаць праграмы, адразу ж пасля старту сыходзілі з трасы.

СУМЛЕННЫ ЎЧЫНАК

Спачатку жанчына разгубілася, не паверыла сваім вачам: на стале стаяла раскрытая сумка з акуратна складзенымі ў ёй грашыма. Грошай было многа. Што рабіць?

На апусцеўшай плошчы базару ўжо нікога не было. “Трэба паведаміць участковаму ўпаўнаважанаму”, – мільганула думка. І вось у прысутнасці лейтэнанта міліцыі С. І. Гарасюка і панятых пералічваюцца грошы. Іх аказалася 570 рублёў 92 капейкі.

…Жанчынай, што знайшла грошы, аказалася жыхарка вёскі Ганчыцы Узбалацкага сельсавета Ванда Рындзевіч, якая прыехала ў Гародзькі на базар.

Гандлявала ў той дзень на базары і прадаўшчыца магазіна № 12 райцэнтра Алена Рэут. Закончыла працоўны дзень, пагрузіла тавары ў машыну – і ў дарогу. А сумка з наяўнай выручкай засталася чакаць сумленнага чалавека.

НЯМА ЛАВАК – СЯДЗЕМ НА ПАДЛОГУ

На кінасеанс ў чырвоны куток калгаса “Перамога” прыходзяць і старыя, і моладзь. Кінамеханік прадае білеты і запрашае гледачоў рассаджвацца. І вось тут пачынаецца пакута: людзі штурхаюцца, чуюцца выкрыкі, спрэчкі.

Справа ў тым, што ў чырвоным кутку няма дзе сесці, тут толькі дзве лавы. І на іх, як правіла, рассаджваюцца больш дужыя. Астатнім даводзіцца стаяць. А хіба выстаіш, пакуль скончыцца кіно?

Пачнецца кіно, і тыя, хто стаяў, рассаджваюцца на падлозе. Пройдзе першая частка карціны, запальваецца святло. Некаторыя паднімаюцца з падлогі – усё ж няёмка, а іншыя не ўстаюць, бо спяць. Хто ведае, што ім сніцца: мо прыгожы клуб, дзе стаяць мяккія крэслы, а мо звычайныя лавы, якія, дарэчы, не цяжка зрабіць, каб людзі не пакутавалі.

ЖЫВЕ ЖУРАВЕЛЬ…

Аб гэтым пісала раённая газета з паметкай “ТАСС”.

У магазін зайшла маладая жанчына і… даўганогі шызы журавель. Птушка спынілася ля прылаўка, чакаючы ласунку.

Жыхары сяла Багаслаўка Акцюбінскай вобласці прывыклі ўжо да таго, што Надзею Спотар звычайна суправаджае Журка. Калі ён губляе гаспадыню за зроку, то падымаецца ў паветра і адшуквае яе. Чацвёрты год жыве Журка ў доме шафёра Мікалая Спотара. Ён знайшоў птушаня ў стэпе і выкарміў. Цяпер птушка – добры памочнік у сям’і. Удзень яна ахоўвае куранят і качанят ад драпежнікаў, вечарам заганяе ў хлеў курэй і качак. Ні разу восенню журавель не адлятаў у цёплыя краіны. Толькі аднойчы ён адлучыўся з дому, але праз тры дні вярнуўся…

АДЗІН УРАЧ НА ЎСЮ БАЛЬНІЦУ

У 1939 годзе да вызвалення заходніх тэрыторый у нашым раёне былі дзве гарадскія бальніцы ў агульнай складанасці на 70 ложкаў.

У Валожынскай бальніцы працаваў толькі адзін урач. Акрамя яго ў райцэнтры мелі практыку прыватны ўрач-тэрапеўт і зубны ўрач. Усяго на тэрыторыі раёна было 12 урачоў і 10 чалавек сярэдніх медыцынскіх работнікаў. За 10 дзён знаходжання ў хірургічным аддзяленні трэба было заплаціць 30 злотых, а калі хвораму рабілі аперацыю, то гэта каштавала яшчэ 20, г. зн. 2-3 месячны заробак рабочага ці 25 пудоў хлеба селяніна.

НЕБЯСПЕЧНЫ ШКОДНІК

У некаторых калгасах і саўгасах нашага раёна ў мінулым годзе ўпершыню быў выяўлены вельмі небяспечны шкоднік бульбы – каларадскі жук.

Жук рассяляецца пералётам да 60 км, а пры спадарожным ветры – на 200-300 км. Распаўсюджваецца ён і пасіўна: вадой па цячэнні і ўсімі відамі транспарту.

Кіраўнікам гаспадарак трэба памятаць, што яны нясуць персанальную адказнасць за барацьбу з каларадскім жуком як на калгасных і саўгасных, так і на індывідуальных пасевах бульбы. Грамадзяне павінны памятаць: чым хутчэй будуць знішчаны першыя ачагі шкодніка, тым меншай будзе пагроза яго размнажэння. Пры выяўленні жука на пасевах бульбы неабходна тэрмінова паведаміць міжраённаму атраду па ахове раслін”, – паведамляе А. Яфімчык, начальнік атрада па ахове раслін.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий