ПАДФАРЦІЛА!

Культура

Гіперактыўнасць на рынку нерухомасці не спадае. Гараджане так насыціліся зручнасцямі каменных “джунгляў”, што хочуць трохі экзотыкі: пахадзіць басанож па траве, напіцца з калодзежа, заснуць пад шаптанне лістоты і прачнуцца ад заліхвацкіх спеваў пеўня…

А яшчэ бывае, што ні з таго ні з сяго прачнецца раптам у чалавека нейкі ген, што адказвае за цягу да земляробства ці жывёлаводства. Тады толькі дзіву даешся: аказваецца, гарадскі жыхар умела гаспадарыць, ды яшчэ і працуе з радасным бляскам у вачах, не зважаючы на пот і стому.

Вясковыя хаты, выстаўленыя на продаж, доўга ў “векавухах” не застаюцца. Хадавым таварам становяцца любыя пабудовы. Адны спакушаюць пакупніка блізкасцю да сталіцы і цэнтральных трас, іншыя наадварот – аддаленасцю. Камусьці неабходна капітальнае домаўладанне, а хтосьці шукае якраз такое, дзе можна пачынаць усё “з нуля”…

Мела адна сям’я хату. Не хату нават, а так, хатку пры лесе “на курыных ножках”, бо ледзь ліпела тая на ад’ехаўшым ад сцен падмурку. На зарослым дворыку гарбацеў насып старога склепа, які паказваў вуліцы шчарбаты, з абламаным парогам уваход. Непадалёку хавалася ў здзічэлым малінніку замшэлая студня, трохі ўніз ад яе стаялі скасабочаныя хлявы і з дзіравай страхой пунька. Агарод ужо не меў межаў і нічым не адрозніваўся ад таго месца, дзе плуг ніколі не ўгрызаўся. Вакол вар’яцелі нахабныя бур’яны і пустатраўе, паглынаючы старую агароджу, якая ледзь віднелася ў гушчы зеляніны.

Такая карціна была перад вачыма людзей, што прыехалі сюды па справе куплі-продажу. Гаспадар раз-пораз даставаў з кішэні насоўку і праціраў ёю ўзмакрэлы лоб. Прадаць дзедаўскі хутар, да якога ні дайсці, ні даехаць, ён хацеў. Але хто паквапіцца на такое запусценне? А тут раптам “нарысаваўся” нейкі чалавек, расіянін, родам з гэтых краёў, з жаданнем прыдбаць менавіта закінуты куток. Адзінае, пра што прэтэндэнт на маёмасць запытаўся, ці падведзена электрычнасць. Пачуўшы станоўчы адказ, нешта адзначыў для сябе, бо ківок галавы быў такі разважны, быццам шапка на ёй важыла пуд, не меней.

— Ну, гаспадар, гавары цану! Мне тут падабаецца. Ды і барыш пойдзем піць! – загаварыў пакупнік.

Прадавец нерваваўся: “Што ж рабіць? Якую суму назваць? Многа сказаць – брыдка, бо вельмі ж від “нетаварны” ў сядзібы. А за капейкі аддаваць не варта, спадчына ж усё-такі… Добра было б хоць тысячу долараў атрымаць. Але язык не паварочваецца сказаць. Грошы ж таксама немалыя…”

— Бачу, што нерашучы ты нейкі. А мой час каштуе дорага, – сказаў прыезджы. — Даю васемнаццаць тысяч даляраў, каб ні мяне, ні цябе не пакрыўдзіць! Згодзен?

Ад такога неспадзяванага шчасця ў прадаўца аж калені падкасіліся:

— Згодзен! Вядома ж, згодзен! Карыстайцеся на здароўе. Месца тут хвацкае: лясок, рэчачка…

Твар яго ззяў непадробнай радасцю. І была гэта апошняя падараваная яму пакойнікам-дзедам радасць. Сувязь з родам абрывалася на вясёлай ноце…

Алена ЗБІРЭНКА.

 

 



Добавить комментарий