ГАЛГОФА ПЯРШАЙСКІХ КСЯНДЗОЎ

Культура

Калі я праязджаю праз Пяршаі і бачу каля касцёла самотную магілу, успамінаю добрым словам гэтых людзей. Яны пражылі на гэтым свеце столькі, колькі Езус Хрыстус, калі прымалі пакутніцкую смерць на сваёй Галгофе. Яны засталіся ў памяці людзей маладымі, стойкімі, мужнымі, самаахвярнымі.

Дзясяткі гадоў я шукаў іхнія сляды, часта думаў аб іх, распытваў многіх люзей… 15 ліпеня 1943 года, два пяршайскія ксяндзы пражылі апошнія хвіліны свайго зямнога існавання ў маёй роднай вёсачцы…

…Яны былі законнікі-францысканцы, ксяндзы-манахі “аднаго з каталіцкіх жабрацкіх ордэнаў, названага імем яго заснавальніка Францыска Асізскага…”, што быў “створаны ў 1209 годзе ў Італіі”. Манахі-францысканцы былі “вандроўныя, паходзілі з беднага насельніцтва і прапаведвалі рэлігійны аскетызм” (звесткі з БелСЭ). Тры свае галоўныя запаведзі – чысціню, паслушэнства і ўбоства – яны свята захоўваюць і сёння. Пры ўступленні ў ордэн яны атрымліваюць новыя імёны, якія носяць да канца жыцця. Выкарыстоўваю звесткі з “Мартыралога польскага духавенства рымска-каталіцкага пад гітлераўскай акупацыяй у 1939-1945 гадах”, выдадзенага Акадэміяй каталіцкай тэалогіі ў Варшаве (1981).

ПУХАЛА ЮЗАФ (АХІЛЕС) – вікарый парафіі ў Гродне, пасля ў Івянцы і ў Пяршаях. Нарадзіўся 18 сакавіка 1911 года ў мястэчку Косіна каля Ланьцута, уступіў у закон 21 верасня 1927 года, пасвечаны ў законнікі 28 верасня 1928 года, пасвечаны ў святары 5 снежня 1936 года (вікарый – памочнік пробашча, пробашч – ксёндз, які мае парафію – Г. Р.).

СТЭНПЕНЬ КАРАЛЬ (ГЕРМАН) – вікарый парафіі ў Івянцы, кляштары ў Вільні. Нарадзіўся 21 кастрычніка 1910 года ў Лодзі, уступіў у закон 2 верасня 1929 года, пасвечаны ў законнікі 3 верасня 1930 года, пасвечаны ў святары 25 снежня 1937 года (імя ў дужках дадзена ў ордэне – Г. Р.).

Пасля 75 гадоў адсутнасці 3 мая 1939 года ў касцёл святога Міхаіла (Белы касцёл) і кляштар у Івянцы вярнуліся айцы-францысканцы, далёкія продкі якіх заснаваліся тут яшчэ ў 1702 годзе, калі мінскі стольнік Тэадор Ваньковіч надзяліў іх зямлёй і выдзеліў фундуш на будаўніцтва касцёла.

Свецкі ксёндз-пробашч Вінцэнт Францкевіч і вікарый Лявон Хрызстоўскі былі пераведзены ў іншыя парафіі.

Стаў пробашчам івянецкай парафіі пры Белым касцёле і ўзначаліў кляштар (духоўная пасада – гвардыян – Г. Р.) Гіляры Прач-Прачынскі (нарадзіўся 8 ліпеня 1900 года).

Вікарыем і настаўнікам рэлігіі (прэфектам) прызначылі Цэлестына Гацэка (нарадзіўся 3 студзеня 1914 года). Быў кухарам і ўвогуле памочнікам у многіх справах брат Войцех.

Такім чынам тры законнікі-францысканцы адразу шчыра ўзяліся за аднаўленне на Івянеччыне традыцый свайго ордэна. Пачалі з неабходнага рамонту самога касцёла і кляштара. Патрэбна было на належны ўзровень паставіць рэлігійную работу ў парафіі, у якой налічвалася звыш 5000 душ. Работы ў іх было вельмі многа. І таму яны вельмі ўзрадаваліся, калі 17 мая 1939 года прыбыў у якасці другога вікарыя з Гродна Ахілес Пухала. Яго прыслаў Правінцыял (старшы над францысканцамі ў пэўным рэгіёне – Г. Р.) айцец Маўрыцы. Айцец Ахілес адразу ўключыўся ў работу. Працаваў плённа, шчыра, самаахвярна. Ужо 18 мая ён прымаў актыўны ўдзел у набажэнствах і ў Белым касцёле, і ў капліцы вёскі Старынкі, што побач з Івянцом. 13 чэрвеня ён адпраўляў імшу ў белым касцёле, 29 чэрвеня, на дзень святых Пятра і Паўла, удзельнічаў у набажэнстве ў каменскім касцёле. Стараннасць айца Ахілеса была заўважана і належным чынам ацэнена. І калі пяршайскі ксёндз, асцерагаючыся рэпрэсій, пакінуў сваю паству і некуды прапаў, ксёндз-дэкан з каменскага касцёла святых Пятра і Паўла Леапольд Аўліх паслаў айца Ахілеса пробашчам у Пяршаі. Гэта было недзе ў кастрычніку 1939 года. У 1941 годзе пасля прыходу немцаў з Вільні прыехаў Герман Стэнпень. Спачатку ён памагаў айцу Гіляру ў Івянцы, а пасля пайшоў працаваць вікарыем да айца Ахілеса ў Пяршаі. Сумленныя, міласэрныя, самаахвярныя маладыя ксяндзы заваявалі сярод пяршайскіх парафіян высокі аўтарытэт.

Наступіў чэрвень 1943 года. У Івянцы ўспыхнула паўстанне. Партызаны Арміі Краёвай разграмілі івянецкі гарнізон. Паліцыя перайшла на бок партызанаў. У падрыхтоўцы разгрому варожага гарнізона прымалі актыўны ўдзел Казімір і Люцыя Дзяржынскія. Не былі ўбаку ад гэтай справы ксяндзы дзвюх івянецкіх і каменскай парафій. Айцец Гвардыян (Гіляры Прач-Прачынскі) даў знаць пяршайскім ксяндзам аб паўстанні ў Івянцы і раіў як мага хутчэй схавацца. Айцец Ахілес сказаў, што ён, як пробашч, павінен застацца на месцы, раздзяліць лёс са сваімі парафіянамі. Айцец Герман быў яго аднадумцам.

У “Мартыралогу” сказана, што айцец Ахілес быў арыштаваны 19 чэрвеня, гэта значыць у дзень івянецкага паўстання. Парафіяне гэтага не пацвярджаюць. Я звярнуўся да айца біскупа Казіміра Свёнтка, мітрапаліта Мінскага і Магілёўскага, з просьбай дапамагчы ў пошуках звестак пра загінуўшых у нашым краі ксяндзоў. Ён параіў мне шукаць людзей, якія былі сведкамі тых крывавых падзей, яны могуць успомніць патрэбныя ў пошукавай рабоце факты. Што я і раблю. Ксяндзы, са слоў некалькіх чалавек, загінулі ў той жа дзень, калі былі арыштаваны.

Прыводжу кароткія запісы ўспамінаў людзей з Пяршаяў і Баравікоўшчыны.

ШАПАРЭВІЧ ВАЦЛАЎ ФЕЛІЦЫЯНАВІЧ (1924 года нараджэння, Пяршаі):

— …Гэта было, добра помню, 15 ліпеня 1943 года. У гадзін 11 немцы і ўласаўцы сагналі нас, пяршайцаў, на гмінны (гміна – сельская ўправа пры Польшчы – Г. Р.) двор. Больш двухсот чалавек. Акружылі, загналі ў хлеў. Прынеслі ў каністрах бензін… Былі сярод нас і два пяршайскія ксяндзы. Забралі іх з плябаніі. Оберлейтэнант з пяршайскага гарнізона, які таксама жыў у плябаніі, раіў ім схавацца, не ісці, але ксяндзы сказалі, што яны будуць там, дзе людзі, і выйшлі. Людзі плакалі, чакаючы расправы, ксяндзы маліліся, заклікалі людзей быць стойкімі. Начальнік пяршайскага гарнізона яшчэ раней пазваніў гебітскамісару ў Вілейку аб бясчынствах карнікаў. І ў самы крытычны момант падаспела легкавая машына, з якой каля Пяршаяў пускалі нейкія ракеты, мы гэта бачылі праз шчыліны ў сцяне. Ксяндзы суцяшалі нас, гаворачы, што нас не заб’юць. З легкавушкі выйшлі нейкія афіцэры, пагаварылі з карнікамі. Пасля гэтага нас выгналі з хлева. Адлучылі ад нас старых і дзяцей. Загадалі ім ісці дамоў і нікуды не выходзіць са двара, нават не выганяць у поле кароў.

Нас жа, маладых разам з ксяндзамі пастроілі ў калону па чатыры чалавекі ў рад і пагналі ў напрамку Баравікоўшчыны. Папярэдзілі, што калі хто ўцячэ, то адразу застрэляць ксяндзоў. Ішлі мы ўсе 10 кіламетраў пешшу, па баках – аўтаматчыкі з закасанымі рукавамі. Было нас каля ста чалавек. У Баравікоўшчыне да нас пад’ехалі на брычцы немцы, сталі па-свойму гаварыць з ксяндзамі. Ксяндзы былі вельмі ўстрывожаныя. Адзін з іх стаў ламаць сабе пальцы. Немцы ад’ехалі, праз хвілін 15 зноў вярнуліся. Ксяндзы нам сказалі, што іх заб’юць, суцешылі нас, што мы будзем жыць, паблаславілі і пайшлі на смерць. Пасля паліцыянты расказвалі, якую пакутніцкую смерць прынялі ксяндзы…

ШАЛКОЎСКАЯ РОМА СТАНІСЛАВАЎНА, па мужу Гасюк (1930 года нараджэння, Пяршаі):

– Гэта было ў сярэдзіне ліпеня 1943 года. Немцы і ўласаўцы сагналі на гмінны двор усю вуліцу – нават малых і старых. Шашкевіч і Мікулевіч спрабавалі ўцячы і былі застрэлены. Вакол нас паставілі кулямёты. Пасля прыехаў нейкі важны начальнік, і нас, старых і малых, адпусцілі дамоў, сказалі, каб нікуды не выходзілі. Маладых мужчын і жанчын, пад сто чалавек, пагналі ў бок Баравікоўшчыны. А адтуль павезлі на работу ў Краснае Урочышча пад Мінскам. Ксяндзы супакойвалі людзей, суцяшалі, гаварылі, што калі каго заб’юць, то, відаць, іх. Падтрымлівалі нас у гэты страшны час.

Яны першыя, у чорных сутанах і капялюшыках, у дарожным пыле пад дуламі аўтаматаў ішлі насустрач свайму лёсу…

ГОЛУБ РЫШАРД СТАНІСЛАВАВІЧ (1934 года нараджэння, Баравікоўшчына):

– Недзе ў сярэдзіне ліпеня 1943 года ў нашай хаце пражывалі два нямецкія афіцэры. Мы добра зналі, што менавіта яны перабілі сям’ю Адамовічаў – бацьку, маці і сына, калі забіралі патэфон, а гаспадыня назвала іх ціха бандытамі, схіліўшыся да мужа. Пачулі, зразумелі, расправіліся. Дык вось, у другой палове дня гэтыя афіцэры прывезлі на машыне двух ксяндзоў, маладых мужчын, адзін вышэйшы ростам, другі – ніжэйшы. Пасадзілі іх на ганку на лаўцы. Адзін, вышэйшы, сказаў другому: “Адчуваю сябе вельмі змучаным”. Баця (бабка – Г. Р.) дала ім па шклянцы малака з хлебам. Як звечарэла, немцы на легкавой машыне павезлі некуды ксяндзоў. Ноччу вярнуліся, але адны, без нявольнікаў. Адзін з афіцэраў загадаў баці памыць, высушыць да раніцы і адпрасаваць яго мундзір. Калі гаспадыня ўвайшла ў пакой, то ледзь не абамлела. У кутках на падлозе ляжалі акрываўленыя сутаны і капелюшы, на іх былі ружовыя кроплі мазгоў. У крыві быў і мундзір ката. На правым рукаве таксама ружавелі кроплі мазгоў. Баця (Смольская Гэлена, ва ўзросце каля 70 гадоў – Г. Р.), напружваючы ўсе сілы, памыла мундзір, высушыла да раніцы і адпрасавала. А як пачало світаць, баця, я і мая маці (Ганна Феліксаўна Голуб – Г. Р.), прыхапіўшы з сабой свіны кумпяк і бохан хлеба, уцякалі ў Бажантарню (былы графскі лес – Г. Р.). Там жылі больш тыдня, часта глядзелі ў бок вёскі, дзе наша хата, думалі, што спаляць. Але не спалілі, можа, таму, што ў нас тады жылі двое старых, хворых людзей – Князевы. Там і дачакаліся канца блакады…

РАВІНСКАЯ СТАНІСЛАВА ІОСІФАЎНА (1918 года нараджэння, Баравікоўшчына):

– У адзін з апошніх дзён ліпеня 1943 года мы з мужам вярталіся з пушчы, дзе два тыдні хаваліся ад немцаў у час блакады. Калі выйшлі з лесу на вясковае поле, то аж жахнуліся. На месцы хат Смольскага Яські, Смольскага Косці, Адамовіча Адася, Рудовіча Франка і некаторых іншых бялелі толькі печы і тырчэлі коміны. Калі ішлі каля пажарышча гумна Рудовіча Франка, то ўбачылі на таку два моцна абгарэлыя чалавечыя трупы, ну проста галавешкі, ні рук, ні ног, на грудзях металічныя крыжыкі на ланцужках… Пасля прыехала ксяндзоўская гаспадыня з пяршайскай парафіі, забрала астанкі ксяндзоў і пахавала каля алтарнай сцяны касцёла.

У завяршэнне – выпіскі з польскай акадэмічнай крыніцы, выдання Акадэміі каталіцкай тэалогіі (звесткі падаюцца Шолдрскім): “…19 ліпеня 1943 года ў блізкім Івянцы ўспыхнула паўстанне, прыехала гестапа ў Пяршаі. Нямецкія жандары, якія жылі ў плябаніі, баранілі айцоў. Нішто не памагло. Гестапа і ўласаўцы забралі іх з плябаніі і мучылі. Выкалалі абодвум святарам вочы, вырвалі языкі, збілі дротам і прывезлі іх у гумно, наклалі дрэва і спалілі. Габіт (манаскае адзенне – Г. Р.) далі немцы ўбогай кабеце, каб зрабіла сабе спадніцу. Попел і косці іх знайшла дачка гаспадыні – Гэлена. Пазнала медалілі а. Германа. Немцы спалілі іх у мясцовасці Баркоўшчына. Некаторыя аўтары сцвярджаюць не Баркоўшчына, а Баравікоўшчына”.

Францысканец Цэзар-Чэслаў Баран у сваёй працы “Кляштар айцоў францысканцаў у Івянцы” (Варшава, 1979) сцвярджае, што “сведкам пакут гэтых айцоў быў арганіст з Пяршаяў…”

Я палічыў сваім абавязкам успомніць удзячным словам людзей, якія добра ведалі, для чаго яны нарадзіліся, для чаго жылі, у імя чаго ішлі на Галгофу.

Генадзь РАВІНСКІ.

 



Добавить комментарий