ТУРЫСТЫЧНАЯ МАДЭЛЬ РАЗВІЦЦЯ НАБІРАЕ СІЛУ

Общество

На шматграннасці, прыгажосці краю, спрадвечнай прыродзе, унікальнасці нацыянальнай спадчыны, якае мае гістарычную, культурную, архітэктурную значнасць, грунтуецца турыстычны патэнцыял нашага раёна.

Асноўны накірунак работы па развіцці турыстычнай галіны – стварэнне спрыяльных умоў для турызму, вывучэнне і распаўсюджванне вопыту ў гэтай дзейнасці, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, павелічэнне аб’ёму і пашырэння пераліку турыстычных паслуг, развіццё агра-экатурызму. З гэтай мэтай распрацаваны мерапрыемствы на 2011-2015 гады.

Калегіяй Міністэрства спорту і турызму краіны 2013 год абвешчаны Годам зялёнага турызму. Вялікую работу ў гэтым накірунку праводзіць РУП «Белдзяржпаляванне» і ДЛГУ «Валожынскі лясгас». Назапашваецца інфармацыя пра стан флоры і фаўны заказніка “Налібоцкі”, арганізуюцца экскурсіі ў адукацыйных, выхаваўчых і рэкрэацыйных мэтах. Для заахвочвання турыстаў наведваць заказнік устаноўлены малыя архітэктурныя формы для адпачынку грыбнікоў, ягаднікаў, турыстаў, зроблены стаянкі для турыстаў-воднікаў, аўтамабілістаў. Абсталявана экалагічная сцежка,  а таксама глушцовы ток для фотатурыстаў.

Валожыншчына ўваходзіць у Нарачанскую турыстычную зону. У раёне налічваецца 184 помнікі архітэктуры, гісторыі і культуры. Складзена карта турыстычнай інфраструктуры, вызначаны  схемы тэрытарыяльнай арганізацыі турызму і зон адпачынку.

Абслугоўваннем турыстаў займаецца Мінская абласная спартыўна-аздараўленчая база «Галактыка», прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Шаблі», загарадны клуб «Фестывальны». Распрацаваны экскурсійныя маршруты па тэрыторыі раёна, вобласці, рэспублікі і за яе межамі. Турыстам прапануецца больш за 50 маршрутаў. Гэта і экскурсійныя паездкі, паломніцкія туры, выезд на адпачынак, паходы выходнага дня і шмат іншага. Працуе зялёны маршрут «Валожынскія гасцінцы». У раёне створаны каардынацыйны савет па турызме.

Аб’ём платных турыстычных паслуг за мінулы год склаў 1838,2 мільёна рублёў.

Перспектыўным кірункам развіцця індустрыі турызму з’яўляецца сельскі ці агратурызм. Ён накіраваны на вырашэнне эканамічных, сацыяльных, экалагічных пытанняў, а таксама праблем нацыянальнай культуры. Агратурызм спрыяе і спыненню працэсу ўрбанізацыі, развіццю сельскай мясцовасці, фарміраванню інфраструктуры, адраджэнню нацыянальнай культуры, рамёстваў, народных традыцый. Варта адзначыць, што сельскі турызм становіцца ўсё больш папулярны. Ён дазваляе замацаваць мясцовых жыхароў на вёсцы, стварыць дадатковыя працоўныя месцы, змяніць да лепшага сядзібы, прыцягнуць інвестыцыі ў сельскую інфраструктуру. Агратурызм спрыяе занятасці і самарэалізацыі вяскоўцаў, ён стымулюе павелічэнне вытворчасці экалагічна чыстых прадуктаў харчавання.

У раёне па стане на 1 студзеня 2013 года налічвалася 24 аграсядзібы. Летась паслугамі агратурызму карысталіся 8259 чалавек, з іх 574 – грамадзяне замежных краін, у тым ліку  Расіі, Аўстраліі, Кітая, Індыі, Ізраіля, Літвы, Новай Зеландыі, Польшчы, Англіі, ЗША, Венесуэлы.  Агульная сума прыбытку, атрыманага ад аказання паслуг у сферы агратурызму, склала 1077689,0 тысяч рублёў.

Рашэннем раённага выканаўчага камітэта створана рабочая група па пытаннях крэдытавання ў агра-экатурызме. На сёння 10 аграсядзіб атрымалі крэдыты для паляпшэння ўмоў пражывання турыстаў, будаўніцтва аб’ектаў, для добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі, набыцця спартыўнага і турыстычнага інвентару.

У Валожынскім раёне 29 асоб ажыццяўляюць рамесную дзейнасць у сферы агратурызму.

Сельскімі Саветамі дэпутатаў сумесна з аддзеламі райвыканкама, гаспадарамі аграсядзіб і рамеснікамі праводзяцца Святы вёсак, народныя, абрадавыя гулянні іншыя мерапрыемствы.

Для эфектыўнага развіцця турызму ў раёне прадстаўнікі аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму сумесна з гаспадарамі аграсядзіб у 2012 годзе прынялі ўдзел у Першым Беларуска-Літоўскім форуме рэгіянальнага супрацоўніцтва (г. Маладзечна). Адбылася прэзентацыя мадэльнага турыстычна-экскурсійнага зялёнага маршруту па развіцці сельскага турызму «Валожынскія гасцінцы», прайшоў семінар-практыкум «Развіццё веласіпеднага турызму ў Мінскай вобласці”. Зацікаўленымі арганізацыямі праводзяцца фэсты, што спрыяе прыцягненню турыстаў у раён і развіццю падзейнага турызму (фестывалі «Гліняны звон», «Салодкі фэст» у Івянцы, фестываль «Вольнае паветра» на аграсядзібе «Шаблі». Актыўна працуе конны клуб «Залатая шпора» па рэканструкцыі сцэн знамянальных гістарычных падзей.

Для далейшага развіцця рэгіёна ў сферы сельскага турызму неабходна папулярызаваць падзейны, індывідуальны турызм, праводзіць актыўную рэкламна-інфармацыйную дзейнасць, паляпшаць якасць абслугоўвання турыстаў, удасканальваць сістэму падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў.

Асноўнымі задачамі, на рэалізацыі якіх сканцэнтравана работа органаў мясцовага кіравання і самакіравання, з’яўляюцца: стварэнне камфортных умоў для азнаямлення з гістарычным і прыродным патэнцыялам адміністрацыйных тэрыторый; забеспячэнне рацыянальнага выкарыстання наяўных прыродных комплексаў для развіцця паляўнічага, аздараўленчага, пазнавальнага турызму; стварэнне спрыяльных умоў для развіцця агра-экатурызму.

Аксана ГЛАДЧАНКА.

 



Добавить комментарий