УЗРАСТАЮЦЬ У МАЙСТЭРСТВЕ…

Общество

Конкурсы прафесіянальнага майстэрства сярод супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях ладзяцца з пастаяннай перыядычнасцю раз у год. Чацвёртае па ліку мерапрыемства прайшло нядаўна на базе пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Валожына, у ім удзельнічалі каманды з райцэнтра, Ракава, Івянца, Пугачоў, Подберазі, Дораў. Вынікі парадавалі і суддзяў, і ўдзельнікаў.

Падчас такіх мерапрыемстваў выяўляюцца моцныя і слабыя бакі ўменняў прадстаўнікоў адной з самых мужных прафесій.

Распачаўся конкурс з тэарэтычнай часткі. Камандам у складзе камандзіраў аддзяленняў і вадзіцеляў раздалі білеты па 40 пытанняў. Калі з азначанай задачай справіліся, пачалася другая частка конкурсу – практычная. Першым выпала праходжанне агнявой падрыхтоукі. Трэба было паказаць спрыт і хуткасць, пераадолеўшы падвясны мост праз вадаём, затым узняцца на эстакаду, адтуль спусціцца на зямлю па круглым слупе і нарэшце прайсці праз падземны бункер-лабірынт, запоўнены дымам. Найхутчэй з гэтым заданнем справіліся прадстаўнікі ПАВЧ № 1 г. Валожына, якія паказалі вынік за 1 хвіліну 10 секунд. Гэта амаль удвая менш за вызначаны нарматыў, а значыць, і найбольшая колькасць балаў за пройдзены этап.

Наступны этап заключаўся ў дэманстрацыі вязання двайной выратавальнай пятлі і спуск «пацярпелага» з трэцяга паверха трэніровачнай вежы. Хутчэй за ўсіх справіліся з заданнем пажарныя-выратавальнікі з ПАСП № 16 Івянца – на ўсё яны патрацілі 31 секунду.

Таксама канкурсанты праверылі свае сілы і ўменні ў баявым разварочванні пажарна-тэхнічнага абсталявання. Каб дастаць з аўтамабіля ёмістыя «рукавы», іх злучальныя часткі, падключыць іх між сабой, машынай і пажарнай калонкай, існуе зацверджаны нарматыў – 1 хвіліна. Трэба адзначыць, у гэты час уклаліся ўсе, але лепшымі тут аказаліся выратавальнікі з Івянца (41 секунда) і Подберазі (43 секунды). На завяршэнне ўдзельнікаў конкурсу чакала пабудова, запоўненая вуглякіслым газам як пры рэальным пажары. Перад выратавальнікамі паўстала задача ўвайсці туды, вынесці некалькіх «пацярпелых» і растлумачыць парадак аказання першай медыцынскай дапамогі. Ніхто з канкурсантаў не ведаў, дзе канкрэтна знаходзяцца «пацярпелыя»,  а таксама колькі іх. Аднак прафесіяналізм пацвердзілі на ўсе 100…

Першае месца занялі прадстаўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 16 Івянца, за імі размясціліся каманды з Пугачоў і Подберазі. Пераможцы атрымалі і спецыяльны Пераходны кубак, які будуць беражліва захоўваць да наступнага конкурса. Адміністрацыя РАНС пераканалася: байцы з кожным годам узрастаюць у майстэрстве, а значыць, выратаванне чалавека – у надзейных руках!

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий