Молодежный курьер

На ўзвядзенні фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры працуюць не толькі вопытныя будаўнікі, але і падлеткі 16-17 гадоў – навучэнцы Валожынскага прафесіянальна-тэхнічнага ліцэя. Знайсці нядрэнны заробак на час летніх канікул ліцэістам дапамог штаб студатрадаў пры раённым камітэце БРСМ.

На будаўніцтве юнакі – з 1 чэрвеня. За працоўны дзень – з 8 раніцы да 16 гадзін – яны выконваюць немалы аб’ём работ: напрыклад, паспяваюць абнесці тэрыторыю агароджай у 105 метраў.

Іх невялікай брыгадай з дзевяці чалавек кіруе майстар ліцэя Іван Мікалаевіч Бугай. Ва ўзведзеных корпусах ФАКа юнакі рыхтуюць падлогу пад бетанаванне: выроўніваюць пясчаную “падушку”, трамбуюць, ушчыльняюць шчэбенем. Стараннасцю вылучаюцца Віталій Шатроўскі, Дзмітрый Хадкевіч, Арцём Ліннік.

Маладыя людзі вучацца на механізатараў, што не перашкаджае ім з ахвотай пераймаюць вопыт прафесіяналаў-будаўнікоў – такія каштоўныя навыкі ў жыцці спатрэбяцца. Да таго ж ёсць стымул старацца: на бетанаванні асновы басейна, напрыклад, за паўдня кожны з іх зарабіў па 250 тысяч рублёў. У месяц жа наймальнік – ААТ “ПМК-188” – абяцае будаўнікам-памочнікам зарплату ў 3 мільёны 500 тысяч рублёў.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий