ДРУГОЕ ЖЫЦЦЁ БАБУЛІНАЙ ХАТЫ…

Общество

Сёлетні год у Мінскай вобласці праходзіць пад знакам навядзення парадку ў населеных пунктах і на зямлі.

Гэты цагляны дом замыкае доўгі ланцужок сядзіб у Макараўцы Валожынскага сельсавета. Але па эстэтычнай культуры, дагледжанасці ў негалосным спаборніцтве за парадак і чысціню яго можна паставіць першым у ліку ўзорных сядзіб вёскі.
Роўным зялёным кілімам распасціраецца газон. Ён не перагружаны рознымі дэкаратыўнымі “атрыбутамі” добраўпарадкавання. Яны тут ёсць, аднак кожны знаходзіцца на сваім месцы і ў агульнай гармоніі. Тут і шматлікія клумбы, і рукатворныя кампазіцыі, і магазінныя садовыя скульптуркі. У некалькіх месцах абсталяваны ўтульныя куткі для вулічных дзіцячых забаў. Адразу няцяжка здагадацца, што жыве тут маладая сям’я. Дапытлівае “вока” фотаапарата выхоплівае найбольш яркія фрагменты дызайну дагледжанай сядзібы. Заўважыўшы цікаўнасць незнаёмых людзей, на ганку неўзабаве з’яўляецца гаспадыня дома. Гэта Наталля Мікалаеўна Кавалеўская.

Яна ветліва запрашае прайсці ў альтанку, якую густа абвілі гнуткія галінкі вінаграду. Ад такога шатра двайная карысць: прыемны выратавальны цянёк у спякотнае лета, а восенню шчодры вітамінны ўраджай сам просіцца на стол.

Аказваецца, гэта зусім не новая сядзіба. Некалі тут жыла бабуля мужа Наталлі. Прама скажам: спадчына дасталася надзвычай рупліваму ўнуку! У тандэме з памочніцай-жонкай Андрэй Валер’евіч пераўвасобіў жытло з улікам сучасных будаўнічых “інавацый”. Дабавілася ў доме камфорту, хоць і фінансавых сродкаў пайшло на такую рэканструкцыю нямала. Пакоі прыведзены ў ідэальны парадак, у хаце з’явілася гарачая вада, абсталяваны ванны пакой, ёсць іншыя бытавыя выгоды. Падкупляе тое, што гаспадар малады па ўзросту, але з умелымі, спрытнымі рукамі і руплівым азартам у душы. Жонка тлумачыць, што Андрэю, відаць, па радаслоўнай лініі перадаліся гены працаголіка. Усе ў радні прагныя да працы! Бацькі жывуць на вуліцы Леніна ў райцэнтры. Гаспадар сям’і, нягледзячы на пачцівы ўзрост, даражыць кожнай хвілінай. Каб паспець зрабіць усё, што запланаваў на дзень, устае ў чатыры гадзіны раніцы.

…Дом № 41 у Макараўцы стаў любімым месцам  сямейных карпаратыўных сустрэч. Над мангалам часта ўецца апетытны пах шашлыкоў. Пры магчымасці любяць тут адпачыць сябры, добрыя знаёмыя. Па сваяцкай лініі ўсе важныя ўрачыстасці ў блізкай радні, важныя сямейныя падзеі найчасцей спраўляюцца за багатым сталом у хаце Наталлі і Андрэя Кавалеўскіх.

У сям’і падрастае двое дзяцей. Дачцэ Насці споўнілася 15 гадоў, а сыночак Юра праз год пойдзе ў дзіцячы садок. І сын, і дачка падсабляюць старэйшым у пасільнай працы. На іх сядзібе прыгожа і ўтульна.

Ля гэтага дома любіць затрымлівацца вясёлае сонца. У светлым двары сярод пышных кветак звіняць шчаслівыя галасы і смех дзяцей. Простае сямейнае шчасце! Каб яго стварыць, а затым зберагчы, – без шчырай душы бацькоў, без ладу і згоды ў хаце, – не абыдзешся. Ды і бабуліна хата, відаць, дапамагае сваёй пазітыўнай энергетыкай!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий