Нарачанскі КРАЙ – турыстычны РАЙ!

Общество

Людзі, як птушкі, чамусьці нярэдка імкнуцца ў далёкія краіны. На жаль. Шмат нязведанага можна пазнаць і ў Беларусі, бясконца здзіўляючыся гістарычнаму, ландшафтнаму багаццю роднага краю. Любы рэгіён унікальны! Любы рэгіён – раскрытая, неспазнаная ў многім кніга. Пагартаць яе старонкі, абагаціцца новымі ведамі, наталіць душу красой беларускай, надыхацца гаючым сасновым паветрам…. Усяго не пералічыць, што было прадастаўлена журналістам рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ ў час прэс-туру, наладжанага Мінскім аблвыканкамам 19 ліпеня.

Ён праходзіў на Мядзельшчыне, а называўся ёміста – “Міншчына – турыстычны, аздараўленчы і культурна-забаўляльны цэнтр Беларусі”. Журналісцкі дэсант “разбіўся” на дзве экскурсійныя групы: першая – цэнтральныя СМІ,  другая – рэгіянальная прэса. Я раскажу пра вандроўку па краі азёр, якую ўдалося ажыццявіць у складзе рэдактараў раённых газет. Першае, што адчулі, пакінуўшы салон рэдакцыйнай “Волгі”,  дык гэта дрыготкая ранішняя прахалода. Азірнуліся, а за плячыма – бясконцая люстраная гладзь возера Мястры, якое амаль ушчыльную падступае да цэнтральнай плошчы раённага цэнтра, дзе традыцыйна размешчаны і будынак райвыканкама. Цудоўная панарама адкрываецца з вокнаў службовых кабінетаў райвыканкама! Група журналістаў ненадоўга затрымлівацца на набярэжнай. Намеснік старшыні райвыканкама Н. І. Барыева з першых слоў свайго яркага аповеду паспявае ўлюбіць нас у гэты край. Сярод эпітэтаў экскурсавода пераважаюць словы “непаўторны”, “маляўнічы”, “унікальны” і г. д.  Гэта правільная пазіцыя сапраўдных патрыётаў малой радзімы: і самі шчыра любяць Мядзельшчыну, і стараюцца, каб яе палюбілі прыезджыя, турысты. А тут ёсць на што паглядзець,  ёсць чаму падзівіцца, ды і павучыцца чаму таксама ёсць!

Азёрны край мяняецца, ён, як  імклівая чайка, сваім “крылом” дакранаецца да ўсяго каштоўнага, новага, што з’яўляецца ў развіцці турыстычнага бізнэсу, і ўмела  матэрыялізуе гэтыя ідэі на роднай зямлі. Адзін перад адным тут спаборнічаюць шматлікія санаторыі ў заахвочванні людзей на лячэнне і аздараўленне, паспяхова развіваюцца эка- і агратурызм. У прыватнасці, нам паказалі адметную сваім каларытам сядзібу “Панскі маёнтак” у аграгарадку “Нарач”. Шмат сіл, старання, фантазіі ўклаў у яе гаспадар Г. Р. Байко.

Апынуўшыся ў дэндрапарку імя С. Гомзы, мы захапляліся ўнікальнасцю прыроды. Прыемна здзівіла, як клапатліва даглядаюць тут серабрыстыя артэрыі ручайкоў і міні-вадаёмаў. Не выпадкова тут хораша адчуваюць сябе рачныя лілеі-гарлачыкі, якія маюць рэдкі ўльтрамарынавы колер. Не толькі гарадскому чалавеку цікава пазнаёміцца і з экспанатамі Музея лесу. Яго будынак драўляным дойлідствам здалёк прыцягвае ўвагу дапытлівых турыстаў.

…Мы рухаемся па маршруце ад адной кропкі да іншай. Гід старанна папаўняе наша знаёмства з Нарачанскім краем усё новымі і новымі звесткамі. З кожным кіламетрам маршруту расце наша захапленне Мядзельшчынай. Першае, што здзіўляе  і захапляе – бясконцая гладзь азёр. Тут сапраўднае мора вады, якую на берагах абрамляюць стромкія  лясы. Пакуль едзем у аўтобусе, і тут, і там заўважаем дарожныя ўказальнікі з месцам  знаходжання санаторыяў. Іх тут дзясяткі. Бізнэс-класа, эканом-класа, фешэнебельных, больш сціплых, шматпавярховых і ў два паверхі. Усе будынкі абноўленыя пасля якаснага рамонту, тэрыторыі дагледжаны, яны патанаюць у кветках і прысадах.

Нас гасцінна запрашаюць на рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Санаторый “Прыазёрны”. Санаторна-курортная ўстанова знаходзіцца на беразе возера Нарач.

Каб не ствараць дыскамфорту адпачываючым, мы разбіваемся на дзве групы. Знаёмства з гэтай установай дастойна самай высокай пахвалы! Не выпадкова сюды з задавальненнем едуць адпачыць замежныя грамадзяне.

Але, як падкрэсліла старшая медсястра ўстановы, кожны беларус пры жаданні можа выкарыстаць сваё прыярытэтнае права на аздараўленне ў названым санаторыі. У “Прыазёрным” пацыенты атрымліваюць паўнавартаснае лячэнне, харчаванне, ім забяспечаны і выдатны адпачынак. Гэта нарачанская здраўніца прызначана для лячэння сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм, спадарожных захворванняў апорна-рухальнага апарата і страўнікава-кішэчнага тракту. Лячэбна-дыягнастычная база выдатная. Гэта і бальнеалячэнне, фізіятэрапія, выкарыстанне мінеральнай вады, практыкуецца цеплалячэнне, абсталяваны фінская, руская, турэцкая саўны, папулярныя міні-саўна “Кедравая бочка”, крыасаўна, масаж, сухія вуглякіслыя ванны, фітатэрапія і інш. У санаторыі 440 месцаў. Усе нумары абсталяваны тэлевізарамі і халадзільнікамі. Арганізавана пяціразовае харчаванне па заказным меню з элементамі швецкага стала. Па меркаванні журналістаў-калег, іх ухвальных ацэнках няцяжка зразумець, што калі паспеюць, то сёлета, а летась абавязкова, яны купяць сюды пуцёўкі. Бо ўбачанае і пачутае ўражвае бясконца.

Наступны пункт нашага маршруту мае духоўны змест. У Мядзельскім раёне шмат праваслаўных і каталіцкіх храмаў. Мы наведалі касцёл манахаў-кармелітаў у пасёлку Нарач. Касцёл у неагатычным стылі ўзведзены ў гонар святога Андрэя Апостала. У Нарачы жыве больш за тры тысячы чалавек, багата летам і турыстаў, таму ў храме ў нядзелю праводзяцца аж тры святочныя імшы.

Рухаемся далей. Па дарозе нам трапляецца кафэ райспажыўтаварыства “Беларуская хата”. Інтэр’ер аформлены ў старажытным беларускім стылі, гэта ўстанова вельмі нагадвае карчму, апісаную ў паэме Я. Купалы. З дрэва зроблены лаўкі, сталы, рамкі люстэркаў. Столь каларытна аздабляюць гаршчэчкі-свяцільнікі з разным узорам па баках, праз якія рассейваецца святло, нібы ранішні малочны туман над ціхай паўнаводнай Нараччу. Графік абслугоўвання ў кафэ мабільны. У рабочыя дні яно працуе па звыклым распарадку, а ў выхадныя аж да дзвюх гадзін ночы.

Турыстаў на Мядзельшчыне, а таксама тых, хто рухаецца праездам, заўсёды нямала. Можна падсілкавацца, дзякуючы мясцовым кухаркам грамхарчу, а можна прыехаць на кароткі адпачынак і са сваім правіянтам. І тут, і там шматлікія кемпінгі. Для кожнай групы адпачываючых абсталяваны аўтаномныя пляцоўкі, узведзены драўляныя альтанкі, ёсць месцы для паркоўкі легкавых машын. Ёсць дзе размясціцца кампаніі сяброў, калег, каб паспытаць шашлыкоў, прыгатаваных сваімі рукамі.

Пятніца. Абедзенная пара. А турысты ўсё пад’язджаюць і пад’язджаюць, і  ўсім ім  знаходзіцца месца для жаданага адпачынку на маляўнічай Мядзельшчыне. Вечарам чакаецца асабліва вялікі наплыў людзей. А ў выхадныя спякотныя дні тут тысячы адпачываючых!

…Па сабе ведаю, каб паступіць на журфак Белдзяржуніверсітэта, трэба было паспяхова вучыцца ў школе. Бо гэта самая прэстыжная ВНУ краіны. Пра гэта згадала не выпадкова. Экскурсавод звяртаецца да рэдактараў, якія едуць у турыстычным аўтобусе, з пытаннем:  “Хто з вас у школьныя гады быў у знакамітым піянерскім лагеры “Зубраня”, што на Мядзельшчыне?” Напомнім, што  як раней, так і цяпер адпачываюць тут выдатнікі вучобы, лаўрэаты розных конкурсаў, алімпіяд і г. д. У салоне аўтобуса наступае працяглае маўчанне. Вядома, у школьныя гады ўсе мы марылі трапіць у гэты прэстыжны лагер, але шчасліўчыкам у свой час стаў толькі адзін журналіст з нашай вялікай турыстычнай кампаніі. Таму для нас нават кароткая экскурсія ў адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” была сапраўдным адкрыццём. За год тут адпачывае звыш 14 тысяч дзяцей. Вотчына лагера ўражвае сваімі памерамі: дзясяткі карпусоў, аздараўленчых зон размешчана на плошчы амаль у 80 гектараў. А кіруе гэтай вялікай гаспадаркай здольны арганізатар Н. Г. Ануфрыева. Усё тут абсталявана па апошнім слове тэхналагічных распрацовак. У цэнтры высокая эстэтычная культура, тут утульна, камфортна дзецям. Абсталяванне адно з навейшых. Не лагер, а дзіўная казка!

Ад нашага экскурсавода на працягу дня нам не раз прыходзілася чуць пафасны выраз: “Нарачанскі край – турыстычны рай!” У многім, каб Мядзельскі раён адпавядаў гэтаму высокаму статусу, паспрыяла рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы па развіцці Нацыянальнага парку “Нарачанскі”.  У гэты рэгіён, зразумела, былі накіраваны значныя фінансавыя сродкі з бюджэту. І вынік адчувальны. Але і самі мядзельцы ўмеюць зарабляць на арганізацыі турызму!

ТУРЫСТЫЧНАЯ ІНДУСТРЫЯ СЁННЯ І ЗАЎТРА

Лагічным працягам знаёмства з Нарачанскім краем, развіццём турызму ў сталічнай вобласці стала прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Б. В. Батуры, наладжаная для журналістаў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Гаварылі не толькі пра здабыткі. Абмяркоўвалі і праблемы, выказвалі прапановы па ўдасканаленні турыстычнага бізнэсу Нарачанскага краю. І не толькі Мядзельшчыны. Распавядалася пра работу Міншчыны як турыстычнага, аздараўленчага, культурна-забаўляльнага цэнтра Беларусі.

Асноўныя характарыстыкі стратэгічнага развіцця турыстычнай работы  прагучалі ва ўступным слове кіраўніка сталічнай вобласці Барыса Васільевіча Батуры.

Дапытлівыя журналісты абагацілі свае блакноты змястоўнымі фактамі, красамоўнымі лічбамі, з’явілася ў іх і шмат новых тэм для напісання будучых матэрыялаў.

Умовы для развіцця турызму ў Мінскай вобласці, якая разам са сталіцай  займае 19,4 працэнта тэрыторыі Беларусі, можна без перабольшання назваць вельмі выгаднымі. 37 працэнтаў яе тэрыторыі пакрытая лесам. Сталічная вобласць займае другое месца ў рэспубліцы па колькасці вадаёмаў і вадатокаў. Яна налічвае 450 рэк, больш за 70 азёр, 31 вадасховішча. У вобласці размешчана 246 асабліва ахоўваемых прыродных аб’ектаў, у тым ліку Бярэзінскі біясферны запаведнік, Нацыянальны парк “Нарачанскі”, 82 помнікі прыроды рэспубліканскага значэння.

Перспектыўным накірункам развіцця індустрыі турызму ў сталічнай вобласці з’яўляецца сельскі турызм ці аграэкатурызм. У рамках праграмы ААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні” распрацаваны зялёныя маршруты “Чароўная стужка Вілейшчыны”, “Валожынскія гасцінцы”, “Міжрэчча Мажы і Морачы ў Капыльскім раёне”. У Маладзечанскім раёне дзейнічае маршрут “Па слядах вялікіх паэтаў і музыкантаў.” Прыкладам экамузеяў можна назваць “Свет пчол”, “Брама ў Налібокі”, “Музычныя інструменты” ў Валожынскім раёне.

Даўно папулярнымі ў турыстаў сталі архітэктурна-культурны комплекс у Нясвіжы, музейна-этнаграфічны комплекс «Дудуткі», Музей народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах.  У 2008 годзе створаны цэнтр экалагічнага турызму “Станькава” ў Дзяржынскім раёне.

У сталічнай вобласці сёлета за паўгода адпачылі больш за 139 тысяч чалавек, з іх 38 тысяч – замежныя грамадзяне. Гэта статыстыка  год ад году мае тэндэнцыю росту. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года колькасць людзей, якія аздараўляліся ў нашым сталічным рэгіёне, павялічылася на 105 працэнтаў. Выручка ад экспарту паслуг вырасла на 134,7 працэнта і склала 338,5 мільярда рублёў.

Каб слава пра гістарычную, культурную, прыродную спадчыну Міншчыны гучала больш маштабна, трэба пастарацца і нам, журналістам. Важна настойліва прапагандаваць тое каштоўнае, што мае наша зямля, адкрываць свету культурныя, этнаграфічныя скарбы, пераканаўча паказваць дасягненні сённяшняга дня. Барыс Васільевіч справядліва папракнуў работнікаў СМІ ў пасіўнасці.

На Міншчыне ёсць яшчэ нямала аб’ектаў, пра якія мала інфармацыі ў прэ           се, электронных СМІ, недастаткова дастойнай рэкламы. Ён прывёў у прыклад Музей салаўя, Музей прасаў, старажытныя мануфактуры і іншыя ўстановы на Міншчыне, якія лічацца ўнікальнымі, бо падобных не сустрэнеш у Еўропе. На жаль, пра гэта мала ведаюць не толькі замежныя, але і айчынныя турысты…

Б. В. Батура мудра заўважыў, што турысты да нас едуць паглядзець унікальную культуру, палюбавацца самабытнасцю краю, удыхнуць, вобразна кажучы, непаўторны эмацыянальны водар традыцыйнай культуры. Таму важна шанаваць сваё, спрадвечнае, і ўмела прапагандаваць гэта, а не старацца патураць зменлівай модзе. І прывёў такі прыклад. Адзін гаспадар аграсядзібы ў Валожынскім раёне раней прымаў замежных гасцей у аўтэнтычнай абстаноўцы, у сціплых трох беларускіх хатках. Але аднойчы ён вырашыў, што турыстаў значна прыбавіцца, калі ў пагоні за модай і камфортам, ён аздобіць будынкі “еўрарамонтам”.  У выніку страціла “ізюмінку” , адметны каларыт тая сядзіба. Не так ахвотна паехалі сюды замежныя турысты, бо камфоту і ўтульнасці ў іх і дома хапае…

У друкаваных і электронных сродках інфармацыі яшчэ не дастаткова рознабаковых звестак пра турыстычныя паслугі. Востры недахоп турыстычная галіна адчувае і ў кваліфікаваных кадрах. Слабае звяно ў нашай вобласці  і прыдарожны сэрвіс. Ды і гандлёвым арганізацыям, камерцыйным структурам трэба больш настойлівасці, прадпрымальнасці ў развіцці сферы турызму і абслугоўванні насельніцтва. У зонах адпачынку, на думку Б. В. Батуры, лепш будаваць не агромістыя стацыянарныя ўстановы гандлю, кафэ, несучы пры гэтым вялікія затраты, а ўзяць вопыт іншых краін. Там розныя кафэ, рэстаранчыкі разгортваюць свае шатры толькі ў сезон масавага адпачынку людзей. Гэта тычыцца і рэалізацыі сувенірнай прадукцыі, вырабаў народных майстроў. А  калі турыстычны сезон заканчваецца, уся гэта вялікая гаспадарка “згортваецца” да наступнага года.

Дастойная рэклама, папулярызацыя турызму – неабходнасць і адметнасць часу. Важна выкарыстоўваць шырэй і магчымасці Інтэрнэту. І тут старшыня аблвыканкама прывёў у прыклад Мядзельскі райвыканкам, які паклапаціўся, каб стварыць дастойны турыстычны інтэрнэт-партал Нарачанскага краю.

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

– Развіццё турызму Мядзельскага раёна заснавана на багатым турысцкім патэнцыяле краю. Перш за ўсё гэта ўнікальныя прыродныя рэсурсы, выгаднае геаграфічнае становішча, а таксама багатая культурна-гістарычная спадчына. Шмат зроблена за апошнія гады і для паляпшэння інфраструктуры курорту “Нарач”.

– Асноўнымі накірункамі турыстычнай дзейнасці Мядзельшчыны з’яўляюцца пазнавальны, экалагічны і аздараўленчы турызм. Пазнавальны турызм зарыентаваны на азнаямленне турыстаў з помнікамі архітэктуры, археалогіі, гісторыі, культуры, прыроды, традыцыямі і звычаямі  краю. Па тэрыторыі Нацыянальнага парку “Нарачанскі” пралягае больш за 25 экскурсійных маршрутаў.

– Мядзельскі раён – адзін з асноўных курортных  цэнтраў Беларусі. Тут функцыяніруюць санаторый “Нарач”, Дом адпачынку “Нарач”, рэспубліканскі дзіцячы аздараўленчы лагер “Зубраня”, санаторый МУС “Белая Русь”, тургасцініца “Нарач”, аўтатурбаза “Нарачанка”, пансіянаты “Будаўнік”, “Спадарожнік”, “Журавушка”, санаторыі “Прыазёрны”, “Баравое”, шматлікія аграсядзібы і базы адпачынку і інш. Добраму адпачынку і аздараўленню спрыяе наяўнасць мінеральных крыніц, гразелячэнне, чыстае паветра сасновых бароў. На тэрыторыях, якія прылягаюць да санаторна-курортных устаноў, пабудавана 75 дамоў гасцінічнага тыпу з падключэннем іх да існуючай інфраструктуры.

– У Мінскай вобласці  больш за 50 сядзібна-паркавых ансамбляў, 246 асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый.

661 аб’ект Мінскай вобласці занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

– Возера Нарач з’яўляецца самым вялікім натуральным вадаёмам у Беларусі. Цэнтрам турызму Мядзельскага раёна распрацаваны маршруты пешых, водных, веласіпедных  экскурсій з наведваннем вядомых мясцін раёна.

– Для арганізацыі якаснага адпачынку на берагах азёр Мядзельскага раёна абсталявана 15 турыстычных стаянак для агульнага карыстання. Тут адпачываючыя могуць устанавіць палаткі, на спецыяльных месцах разводзіць кастры. Ёсць дзе прыпаркаваць асабісты аўтатранспарт. Створаны выдатныя ўмовы для рыбалкі.

– На тэрыторыі Нацыянальнага парку “ Нарачанскі”, які займае больш 87 тысяч гектараў, кожны год адпачывае каля 100 000 чалавек. Флора гэтага ўнікальнага куточка беларускай прыроды налічвае каля 30 рэдкіх і знікаючых відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. На вадаёмах Нацыянальнага парку “Нарачанскі” дазволена платная рыбная лоўля па спецыяльных пуцёўках, якія можна набыць у лясніцтвах.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий