У РОДНЫ ДОМ НІКОЛІ НЕ ПОЗНА ВЯРНУЦЦА?

Культура

У вяргіняў пялёсткі, нібы тонкія пальцы артыстычнай рукі. Вецер гойдае пышную галоўку кветкі, пялёсткі слізгаюць па шыбе акна, нясмела і мякка пастукваючы па гладкім шкле. З глыбіні пакоя даносіцца густы сіпаты кашаль. Старога бацьку хвароба і гады жыцця надоўга ўклалі ў ложак. Міхась патрабуе пастаяннай дапамогі і догляду. І з гэтым выдатна спраўляецца дачка, якая ўжо і сама даўно стала бабуляй…

Пашкадаваў пляменнікаў

Зінаіда стараецца ва ўсім дагадзіць бацьку, хаця ў  яе душы неўтаймоўная і крыўда, і боль, і нават нейкае міжвольнае раздражненне. Але гэта бывае толькі тады, калі жанчына з-за бясконцых клопатаў зусім выбіваецца з фізічных сіл. Асабліва цяжка летам, бо на працы стомішся, а дома яшчэ і агарод вялікі. Каб вырасціць багаты ўраджай, трэба дапазна завіхацца ў градах. Бацька не папракае яе за праяўленую часам рэзкасць паводзін. Ён маўчыць, давіць у сабе калючы боль. Ён ведае, што вельмі-вельмі вінаваты перад сваімі дачушкай Зіначкай і сынам Андрэем. Але ж гэту віну ў кішэні не схаваеш. Не перакрэсліш таго ганебнага, што было ў жыцці.

Дзяцей ён маладушна пакінуў сіротамі. Калі памерла жонка, не доўга жыў адзін. Пазнаёміўся з жанчынай з суседняй вёскі, а праз нейкі час канчаткова перабраўся да яе. Суцяшаў сябе: “Дзеці ж ужо немалыя. Можна сказаць, самастойныя. Самі няхай уласнае жыццё паціху ўладкоўваюць. А мне пра старасць сваю трэба падумаць! Удваіх з другой жонкай лягчэй будзе цягнуць лямку…”

Дачка і сын стараліся зразумець і нават апраўдаць учынак бацькі. Але вельмі цяжка гэта давалася. Зінаіда вучылася ў тэхнікуме на бухгалтара, брат – у вучылішчы на трактарыста. Стыпендыя хутка канчалася. А падтрымкі з дому не было ніякай. Але жыццё – найлепшы мудрэц. Дабрадушны бяздзетны дзядзька Іван прапанаваў пляменнікам перабрацца да яго. Разам з жонкай Гануляй яны ахвярна служылі гэтым сіротам. Сталі ім сапраўднымі клапатлівымі бацькамі. Апраналі, абувалі, спраўлялі вяселлі. Бацька прыходзіў на застоллі, як сціплы госць.

Забыўся пра сям’ю

Новая жонка Міхася мела дачку ад першага шлюбу. Яна лёгка змагла падпарадкаваць свайго другога мужа адной мэце: “Наша Ларыска павінна ні ў чым не ведаць уціску. Усё толькі для яе, любімай!”.

Грошы зараблялі, як кажуць, уласным мазалём.  Старанна працавалі ў калгасе, трымалі вялікую  падсобную гаспадарку. Капейку мелі неблагую. Суседзі зайздросцілі іх заможнасці. Ларысцы куплялі дарагія ўборы, вучылі ў інстытуце, справілі  шыкоўнае, па вясковых мерках, вяселле. Крыху “паднапружыліся” і праз некалькі гадоў купілі ёй дарагую легкавую машыну. Аслепленыя залішнім клопатам пра дачку, яны і не заўважылі, як з сэрца Ларыскі эгаізм канчаткова выцесніў такія паняцці, як  спагада, дабрыня, жаданне падтрымаць хаця б блізкага чалавека, не гаворачы ўжо пра чужога…

Някепска жылося і Зінаідзе з Андрэем у прыёмных бацькоў, якія паступова сталі больш чым роднымі. Але тым не менш дзецям заўсёды хацелася ўвагі  роднага бацькі. Хацелася добрага слова, тэлефоннага званка, дасланага пісьма ў студэнцкі інтэрнат. Гэтымі “дробязямі” бацька іх свядома абдзяляў. А можа, усю дабрыню і спагаду без астатку вычарпала з яго душы падчарка, якая хацела мець у жыцці “ўсё і адразу”, а таму “цягнула жылы” з сумленных і даверлівых бацькоў.

Жыццёвая Загартоўка

Прайшоўшы такую жорсткую школу няўдзячнага сіроцтва, Зінаіда цяпер стараецца ні чым не паўтарыць бацькавых памылак. У выхаванні ўласных траіх дзяцей і дваіх унукаў аддае сябе без астатку. Сама ўжо таксама стала ўдавой, 15 гадоў як засталася без мужа. А ён быў, як сама кажа, “ну проста залаты чалавек”. “Мабыць, у жыцці трэба шмат кепскага выцерпіць, – разважае жанчына, – каб цябе лёс пашкадаваў за пакуты, перажыванні, за сіроцтва, каб пасля чорнай пачалася белая паласа”.  Добры лёс нарэшце павярнуўся да Зінаіды  спагадлівым тварам: даў хоць жменьку, але сапраўднага жаночага шчасця.

Бацька яе жыццём практычна не цікавіўся, матэрыяльна не дапамагаў. Праўда, аднойчы  Зінаіда прыехала дадому на канікулы, а праз нейкі час трэба было вяртацца ў Маладзечна ў тэхнікум. Бацька прыйшоў пабачыцца. Прынёс з дому сваёй другой жонкі гасцінец на дарогу: невялікае колца апетытнай свойскай каўбаскі. Зінаіду тады вельмі ўсцешыла такая нечаканая ўвага. Прыняла пачастунак і не стрымалася – заплакала. Колца каўбаскі – гэта, бадай, і ўсё, чым падзяліўся ён з роднай дачкой, маючы другую сям’ю, дзе ніколі не было нястачы.

Дабрадушная Зінаіда яму ўсё даравала, яна яго пастаралася зразумець. Шкадуе роднага бацьку, як і належыць сапраўднай дачцэ.

Нялёгкі выбар

…Моцна ссутулены, з няголеным, маркотным тварам стары бацька аднойчы вечарам нечакана паказаўся ў двары яе хаты. Пайшоў адсюль гадоў дваццаць надзвычай жвава ў новую сям’ю, а вярнуўся ў родныя некалі сцены, нібы апошні злодзей. Зінаіда калюча глянула на яго, боль успамінаў разануў сэрца. Усё ў памяці пракруцілася зноў, і што хацелася прыгадваць, і што хацелася назаўсёды забыць. Прыгадалася і тая каўбаска, якую везла ў паўпустой сумцы ў Маладзечна. Зінаіда, зірнуўшы на старога бацьку, вобраз якога заўсёды берагла ў сэрцы, знайшла ў сабе сілы задушыць горкую крыўду. Яна не заплакала, не сказала ніводнага калючага слова. І толькі сэрца моцна плакала-галасіла, але гэтага ніхто не бачыў. А можа, бацька – усё ж свая, родная кроў, і адчуваў яе няпросты ўнутраны стан, але не адважыўся суцешыць…

Яна разумела, што Міхась вярнуўся ўжо назаўсёды.  Бо, відаць, баяўся за сваю глыбокую, непрадказальную старасць, баяўся быць выгнаным падчаркай з дому, як сабака ў непагадзь. Бо Ларыска нават родную маці не пашкадавала. Яна доўга і цяжка хварэла, памірала ў бальнічнай палаце. Адзінае роднае дзіця адмовілася забраць дадому, каб правесці з матуляй апошнія развітальныя дні. Чэрствае сэрца стала перашкодай. Дык на якую лістаць разлічваць тады яму, айчыму?!

І ён праз дзесяцігоддзі расстання, разарваных сямейных адносін упершыню з пяшчотнай цеплынёй успомніў пра дачку Зінаіду, якую аднойчы пакінуў сіратой. Ён позна зразумеў, што радней за яе нікога ўжо на свеце няма і не будзе. І першы крок насустрач няпростаму прымірэнню зрабіў сам. І на гэты раз ён прыйшоў у дом з пустымі рукам. Без гасцінца. Бо цяпер і сапраўды не меў чаго ўзяць. Затое ўдосталь было душэўнага болю і глыбокай віны перад Зінаідай.

“Дачка ўжо дарослая. Яна не пакрыўдзіцца”, – разважаў стары. Душэўныя перажыванні вярэдзілі сэрца куды больш глыбока, чым фізічны боль.

…Цяпер удваіх у прасторнай хаце. Крыху нават весялей стала. Не так гнятліва і адзінока. Бацька рэдка выходзіць на вуліцу. Усё ў хаце ды ў хаце. Ён нібы просіць у адзіноце прабачэння, што калісьці пакінуў роднае гняздо з дзецьмі-сіротамі.

Зінаіда часта вяртаецца дадому позна. На працы бываюць начныя змены. Праходзячы паўз сцяны роднага дому, часам чуе глухі кашаль. У сэрцы нешта сціскаецца. Адчувае: шкадуе бацьку, трывожыцца за яго здароўе. Паспешліва ступае на ганак, асцярожна адчыняе дзверы, баіцца, каб не бразнула звонка клямка. Гэтак жа спакойна ўваходзіць у пакой і з парога, баючыся, каб раптам не разбудзіць Міхася, ласкава пытаецца: “Як ты, татачка?!”

Ён не спіць. Ён заўсёды чакае вяртання дачкі дадому…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий