АДЗНАЧАЛІ ДЗЕНЬ ВЁСКІ НЯРОЎЦЫ

Культура

Падзея гэта для населенага пункта неардынарная. Гэта і магчымасць сабрацца ўсім разам, і сустрэцца з тымі, хто тут калісьці нарадзіўся і каго жыццёвая дарога вывела далёка за межы родных мясцін, і проста адпачыць душой. Нядаўна такі  фэст прайшоў і ў маіх родных Няровах.

…Вяскоўцы размясціліся на лаўках у цені разлапістага дуба на падворку галоўных «зачыншчыкаў» мерапрыемства – Святланы і Сяргея Семянягаў. Святлана, дырэктар Адамоўскага СДК, даўно «гарэла» ідэяй даць няроўцам магчымасць адпачыць, прыгадаць былыя дні, убачыцца са старымі сябрамі, пацешыць слых мілагучнымі спевамі. Па задуманым і атрымалася. Пасля таго, як гукавая апаратура абвясціла пачатак мерапрыемства, яго ход узялі ў свае рукі вядучыя Максім Семяняга і Марына Тышкевіч. Юнак і дзяўчына распавялі цікавую легенду пра тое, як узнікла вёска, нагадалі, як яна выстаяла ў вайну…

Няровы – населены пункт унікальны тым, што тут нарадзіліся і пачалі свой шлях у прафесію 37 настаўнікаў! Кожнага з гэтых слаўных людзей узгадалі пайменна, доўга не сціхалі ў іх адрас заслужаныя апладысменты. Многія з іх сёлета адзначылі  круглыя даты. Залатое вяселле ў бягучым годзе святкуюць Аляксандр Канстанцінавіч Каранік і Фаіна Іосіфаўна Драгун, 55-гадовы юбілей сумеснага жыцця спраўляюць Ядвіга Іванаўна і Баляслаў Яцкавіч Біталі (на жаль, гэта пара не прысутнічала на свяце). Неўзабаве ад ухвальных слоў перайшлі і да музычных віншаванняў. Песні былых гадоў прыехалі падарыць  вяскоўцам артысты з Адамоўскага, Сакаўшчынскага, Вішнеўскага і Багданаўскага СДК. А на змену вясёлым гукам магутнай акустычнай сістэмы прыйшла задушэўная мелодыя пяціраднага баяна, якім па-майстэрску валодае колішні вадзіцель ААТ «Белтрубаправодбуд», заўзяты рыбак і проста выдатны чалавек Васіль Аркадзьевіч Скадорва. Ён разам з жонкай Нінай Канстанцінаўнай дзеляцца цяплом сэрцаў ужо 42 гады. Але і гэтая, здавалася б, унушальная лічба амаль у два з паловай разы меншая за гады, пражытыя няроўскай доўгажыхаркай – бабуляй Броняй Скадорва, якую таксама ўшанавалі падчас святкавання.

Ад усёй душы павіншавала вяскоўцаў са святам колішняя настаўніца Няроўскай  школы Марыя Іосіфаўна Жылевіч, якая затым перадала эстафету ўспамінаў калезе Фаіне Іосіфаўне Драгун. А ўспаміны тыя віліся вакол былой школы, якая да апошніх дзён свайго існавання была непахісным цэнтрам культурнага жыцця ваколіцы… Было надзвычай прыемна, калі Фаіна Іосіфаўна запрасіла да мікрафона мяне: «Сярожа, прачытай адзін  верш». Я выканаў гэтую просьбу – і па-добраму здзівіўся. Аказалася, верш быў напісаны мной, калі я вучыўся ў чацвёртым класе. Настаўніца захавала тэкст, каб праз столькі часу зрабіць вучню дарагі падарунак… А для вяскоўцаў такім падарункам стала пранікнёная песня, якую Ф. І. Драгун выканала з дочкамі Анжэлай і Надзеяй.

Слаўна павесялілі няроўцаў адамоўская прыпевачніца В. Т. Садоўская і баяніст-самародак В. А. Скадорва. Іх змяніла на імправізаванай сцэне колішняя жыхарка вёскі Любоў Міхайлаўна Шапоцька. Пажылая жанчына і пра перажытую вайну ўзгадала, і матуліны песні ўспомніла, і прыпеўкамі парадавала.

Завяршэннем мерапрыемства стала выступленне запрошаных самадзейных артыстаў. Але і доўга пасля іх ад’езду па няроўскіх ваколіцах разносіліся вясёлыя галасы вяскоўцаў, якія, расставіўшы на падворках сталы, шчыра частавалі дарагіх гасцей, сяброў, суседзяў…

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий