ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

ВЯРШКІ ЗЛІЗАЛІ

На тэлефон дзяжурнай паступіў сігнал ад пенсіянера з вёскі  Запур’е аб тым, што ў яго скралі дэталі да матацыкла ІЖ-201 К. Падчас следчага разбору было ўстаноўлена, што прапаў карбюратар коштам 300000 рублёў, дзве свечкі запальвання, рэле і іншыя запчасткі, усяго на 750000 рублёў. Зламыснікаў хутка вылічылі. Імі аказаліся трое непаўналетніх, вучні Вішнеўскай школы. За свае недзіцячыя інтарэсы ім давядзецца адказваць перад законам.

«ГАБАРЫТНАЯ» СПРАВА

Вялікагабарытных і каштоўных рэчаў не далічылася дачніца з вёскі Мішаны. У яе ўкралі дзве шафы і два матрацы. Крадзеж учыніў трыццацігадовы жывёлавод з СВК «Пяршаі-2003», які ўжо меў сутычкі з законам. Каб бесперашкодна вынесці габарытныя рэчы, ён спілаваў навясны замок. Агульны ўрон, нанесены гаспадыні, складае 5 мільёнаў рублёў.

ХОЦЬ ПАРВУСЯ, ДЫ НЕ СКАРУСЯ

Тое, што вырошчваць наркатычныя расліны забаронена, сёння ведаюць усе. Але ж некаторыя ніяк не жадаюць падпарадкоўвацца патрабаванням праваахоўнікаў. Пры міліцэйскай адпрацоўцы адміністрацыйных участкаў былі выкрыты шматлікія пасевы наркаўтрымліваючага маку. Так, у пенсіянеркі з Ігнатова канфіскавалі 1 кілаграм небяспечнай сыравіны, у жыхара Пералясанкі – 3,2 кілаграма, у валожынца – 2 кілаграмы. Рэкардсменам стала вёска Раднікі, дзе на закінутым агародзе каля былой школы ліквідавалі 24 кілаграмы маку.

ПЧАЛІНАЯ СЯМ’Я ПАЗБАВІЛАСЯ ДАБРА

Дачнік з Кучкуноў праводзіў падгляд пчол і выявіў, што з яго вуллёў зніклі 37 рамак з сотамі на суму 2 250 000 рублёў. Гэта без падлікаў урону з-за недабору мёду.

Відаць, пчолы абаранялі сваё дабро, бо на месцы злачынства злодзей пакінуў шматлікія рэчавыя доказы.

З ДРЭВАМ НЕ РАЗМІНУЎСЯ

У вёсцы Бабровічы зафіксаваны ўгон прыватнага аўтамабіля. Учыніў злачынства жыхар Подберазі 1991 года нараджэння.

Прыпаркаваны аўтамабіль стаяў адчынены, а ў замку запальвання тырчалі ключы. Малады чалавек не здолеў перадужаць такой спакусы. Ён сеў за руль і паехаў куды вочы глядзяць. Кіроўца з яго аказаўся неважнецкі: не справіўшыся з упраўленнем, урэзаўся ў прыдарожнае дрэва.

КРЫВАВАЯ РАЗБОРКА

У цэнтральную раённую бальніцу ў цяжкім стане быў дастаўлены жыхар Вішнева 1993 года нараджэння. Урачы канстатавалі ў яго разрыў селязёнкі і іншыя траўмы жывата. Са слоў пацярпелага, траўмы яму нанёс старэйшы брат. Між імі ўспыхнуў канфлікт, які перарос у бойку. Браты нідзе не працуюць.

Цяпер адзін з іх на бальнічным ложку, а другі на нарах.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *