ПА СЛЯДАХ ДЗЕДА І БАЦЬКІ

Люди и судьбы

Уладзімір Рэут памятае, як бацька прыходзіў з работы і падкідаў яго, малога, аж да столі, потым апускаў долу, адзяваў на галаву міліцэйскую фуражку і хваліў: «Малайчына! Не з баязліўцаў! Міліцыянерам вырасцеш…» А сын глядзеў на бацьку ва ўсе вочы і нічога больш не жадаў, абы тата падкідаў яго ўгору яшчэ і яшчэ… Толькі жорсткі лёс распарадзіўся па-свойму. Валодзю было шэсць гадоў, як яго тата, следчы Валожынскага РАУС, старшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Міхайлавіч Рэут загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

Калі б пасля такой трагічнай падзеі сын не пайшоў па слядах бацькі, то гэта было б зразумелым. Але Валодзя з дзяцінства засвоіў: служба ў органах – самая мужчынская справа. Ды і сямейную традыцыю парушаць не хацеў. Бо служыць у міліцыі пачынаў яшчэ дзед, Міхаіл Ануфрыевіч Рэут, які пасля вайны скончыў школу міліцыі і да выхаду на пенсію сумленна выконваў свой абавязак у РАУС на розных пасадах.

Вырасшы ў сям’і патомных міліцыянераў, Уладзімір добра ведаў, што выбірае не самы просты жыццёвы шлях. Службовая вахта супрацоўніка крымінальнага вышуку можа цягнуцца суткамі, а дадому забягаеш толькі пераапрануцца… Тут ужо патрэбна аддаць належнае членам сям’і, якія ўсё разумеюць, ставяцца з увагай да выбару мужа і бацькі, навучыліся цярпліва чакаць яго з работы.

Вытрымку і цвёрдасць характару гартаваў у сабе і Уладзімір. Адзеўшы міліцэйскія пагоны, ён для некаторых сваіх знаёмых, сяброў па дзіцячых гульнях стаў па другі бок барыкады. Як складана ў маральным плане праяўляць прынцыповасць, настойлівасць, часам жорсткасць да парушальніка закону, з якім калісь дзяліўся юнацкімі марамі… Не раз даводзілася Уладзіміру, ды даводзіцца і зараз, выклікаўшы чалавека ў кабінет, весці сябе афіцыйна, нават калі сэрца сціскаецца ад жалю: «Што ж ты, родны мой, вырабляеш?..»

Кажуць, кожны від дзейнасці накладвае на асобу спецыфічны адбітак. Вось і Уладзімір, папрацаваўшы ў крымінальным вышуку, ловіць сябе на тым, што візуальна вывучае кожнага субяседніка і спрабуе дагадацца: можа ці не той ісці супраць закону. І з цягам часу памылак у вывадах оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку, капітана міліцыі Рэута ўсё менш. Як у спартсмена ад фізічных нагрузак расце мускулатура, так у праваахоўніка ад пастаянных рашэнняў крымінальных загадак выпрацоўваецца прафесіянальнае чуццё. Уладзімір ужо і сам не адкажа, чаму менавіта гэты, а не іншы двор трапіў пад падазрэнне, чаму вось гэты тып не ўнушае даверу…

Калісь ён, як і кожны навічок, не разумеў і абураўся той колькасці пісаніны, якая суправаджае дзейнасць супрацоўніка крымінальнага вышуку. Але свая логіка ёсць і ў гэтай руціннай справе: перапісаўшы некалькі разоў паказанні, прыкметы ці пералік украдзенага, інфармацыя, бы тая таблічка множання, трывала асядае ў галаве. Бывае, што ідзеш раскрываць адно злачынства, а на вочы трапляе рэч, апісаннем якой займаўся гады чатыры назад. І вось ужо злачынства, якое ледзь не трапіла ў разрад «глухога», раскрываецца.

У паслужным спісе капітана Уладзіміра Рэута ёсць справы, якія маглі б стаць асновай для дэтэктыўнай кінастужкі. Праўда, сам ён не вельмі спрыяльна ставіцца да сваіх кіношных «калег», кажа, што там шмат рысоўкі і надуманасці. Толькі серыял Гаварухіна «Месца сустрэчы змяніць нельга» вылучае, як самы цікавы і рэалістычны.

У даволі добранадзейным па крымінальнай абстаноўцы Валожынскім раёне здараліся ў супрацоўнікаў крымінальнага вышуку і засады, і пагоні. Адзін год ціхая вёска Брылькі нечакана ператварылася, як з іроніяй заўважае Уладзімір Рэут, у «маленькі Чыкага». Факты крадзяжоў рэгістраваліся ледзь не штодня. Вяскоўцы недалічваліся самых розных прадметаў побыту: ад прадуктаў харчавання да кузаваў грузавых аўтамабіляў. Зламыснік чыніў сваю чорную справу пад покрывам ночы і слядоў не пакідаў. Якім жа было потым для ўсіх здзіўленнем, калі высветлілася, што ў злачынствах вінаваты пажылы мужчына з сіндромам Плюшкіна. Хворая псіхіка не давала яму спаць і штурхала на «подзвігі». Мужчына зносіў да сябе на двор усё, што толькі змог панесці, не думаючы нават аб тым, патрэбна яму гэта ці не.

Даволі складаным для раскрыцця былі і крадзяжы, учыненыя маладымі наркаманамі з Магілёўшчыны. Гэтыя махляры ўмудрыліся непрыкметна вынесці ў разгар працоўнага дня з магазіна тэлевізар, выкрасці з касы грошы, выцягнуць з кішэняў і сумак некалькі мабільнікаў і кашалькоў. Напэўна, думалі, што ў ціхім гарадку і міліцыя такая ж ціхая. Але пралічыліся. Дарэчы, неаднойчы выхадцы з іншых раёнаў якраз і траплялі на лаву падсудных, дзякуючы валожынскім супрацоўнікам крымінальнага вышуку.

….Калі ў рабоце надараюцца рэдкія перапынкі, Уладзімір любіць пасядзець з вудай на Беразіне. Але і застаўшыся сам-насам з думкамі, ён, бы той шахматыст, прадумвае хады, якія павінны прынесці плён у нераскрытых справах. Такая ўжо раўнівая гэта работа – крымінальны вышук, не адпускае яна тых, хто верна ёй служыць.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий