СЛАВУТЫЯ АСОБЫ

Люди и судьбы

СІКОРСКІ Анатоль Віктаравіч

Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Гінтаўшчына. У 1971 годзе паспяхова скончыў Сугваздаўскую васьмігодку, а праз два гады – Валожынскую СШ № 1. з медыцынай звязаў свой лёс адразу пасля школы – паступіў у тагачасны Мінскі медінстытут. Скончыў педыятрычны факультэт. Яго ўклад у развіццё медыцынскай адукацыі і навукі неаднаразова быў адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі.

КАВАЛЕНКА Віктар Антонавіч

Нарадзіўся 21 ліпеня 1929 года ў вёсцы Сакаўшчына.

Скончыў Шчаўканаўскую сямігадовую школу (1945) і Лідскае педагагічнае вучылішча (1948). Працягваў вучобу ў Мінскім педінстытуце (1949-1953). Настаўнічаў, вучыўся ў аспірантуры Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі, дзе абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, тут працаваў на пасадзе дырэктара з 1982 года.

Крытык, літаратуразнавец, празаік. Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1981), акадэмік АН Беларусі (1994). Доктар філалагічных навук (1978). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа і Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў СССР. Аўтар паўтара дзясятка манаграфій і рамана “Падвышанае неба”.

ЛУКАШАНЕЦ Аляксандр Аляксандравіч

Доктар філалагічных навук, прафесар, старшыня Міжнароднага камітэта славістаў, член-карэспандэнт НАН Беларусі, дырэктар інстытута мовы і літаратуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа.

А. А. Лукашанец нарадзіўся 23 лістапада 1954 года ў вёсцы Жураўцы. Першыя тры класы скончыў у Жураўскай пачатковай школе, потым вучыўся ў Сакаўшчынскай СШ. Пад уплывам настаўніка беларускай мовы Пятра Іосіфавіча Анопа захапіўся філалогіяй і, атрымаўшы ў 1972 годзе атэстат аб сярэдняй адукацыі, паступіў на філалагічны факультэт БДУ імя У. І. Леніна.

Працуе ў галіне мовазнаўства, займаецца пытаннямі беларусістыкі, беларускага і славянскага словаўтварэння, супастаўляльнымі даследаваннямі  сістэм беларускай і рускай моў, праблемамі ўзаемадзеяння моў, моўнай палітыкі і сацыялінгвістыкі. Надрукаваў больш за 240 навуковых публікацый.

 

ПРЫВІТАННЕ З АДЭСЫ…

Шаноўныя землякі! Да мяне дайшлі весткі, што ў вашай газеце ў рубрыцы “Славутыя асобы” быў надрукаваны артыкул пра майго роднага брата Вячаслава Фаміча Стэльмаха, выхадца з Валожыншчыны, а зараз супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Я, Адольф Фаміч Стэльмах, яго родны малодшы брат. Вучыўся таксама ў БДУ, толькі не на фізмаце, як Вячаслаў, а на біялагічным факультэце. Там жа стаў кандыдатам навук і працаваў выкладчыкам на кафедры генетыкі. Дарэчы, у БДУ яшчэ адзін наш наймалодшы брат Георгій працуе дэканам і дацэнтам фізфака.

У 1968 годзе па ініцыятыве ЦК КПСС і Усесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук імя Леніна быў пераведзены ў Адэсу на пасаду загадчыка аддзела генетыкі ва Усесаюзны селекцыйна-генетычны інстытут, з галоўнай мэтай адолення спадчыны “лысенкаўшчыны” і пераводу работы інстытута на рэйкі класічнай генетыкі.

Цяпер я – доктар біялагічных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі аграрных навук Украіны і Нью-Ёркскай акадэміі навук, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Украіны. Валодаю 6 мовамі. На працягу 20 гадоў быў міжнародным куратарам навуковага супрацоўніцтва краін СЭУ у галіне тэарэтычных асноў селекцыі сельскагаспадарчых раслін і членам Саюзнага каардынацыйнага савета гэтага ж напрамку. Затым ва Украіне ўзначальваў 20 гадоў падобны Каардынацыйны савет. Прадаўжаю працаваць галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела генетыкі гэтага ж Селекцыйна-генетычнага інстытута.

Сярод маіх вучняў больш 10 кандыдатаў навук і 6 дактароў навук.

Апошнія 13 гадоў з’яўляюся членам праўлення Нацыянальна-культурнага аб’яднання грамадзян “Беларусь” у Адэсе, удзельнічаю ў самадзейным ансамблі “Беларускі матыў” як сцэнарыст і канферанс’е. Выдаў у Адэсе кніжку сваіх вершаў на беларускай мове “Каб любіць Беларусь”.

КАРПАНАЎ Віталь

Музыкант, кіраўнік гурта «Дразды», тэлевядучы і шоўмэн.

Нарадзіўся 12 студзеня 1982 года ў вёсцы Сівіца. Да пятага класа вучыўся ў мясцовай школе,  потым перавёўся ў Івянецкую СШ, якую закончыў у 1997 годзе. Музыкай захапіўся яшчэ за школьнай партай. Разам з сябрамі-аднадумцамі стварыў групу «ГБС»( героі будучых стагоддзяў). Пасля адзінаццатага класа паступіў у Маладзечанскае музвучылішча па класу балалайкі. Закончыў яго з Чырвоным дыпломам, вучобу прадоўжыў у Акадэміі музыкі ў Мінску.

Самы паспяховы праект  Віталія на сённяшні дзень – гурт «Дразды», які арганізаваў у 2004 годзе. Ужо на наступны год хлопцы сталі пераможцамі фестывалю-конкурсу «Маладыя галасы», які праходзіць у Сочы. Узнагароду ўручала Прымадонна расійскай эстрады Ала Пугачова.

Сёлета на гала-канцэрце «Песня года Беларусі» гурт «Дразды» стаў пераможцам у катэгорыі «Летні хіт».

На гала-канцэрце «Песня года Беларусі» самыя яркія і таленавітыя артысты беларускай эстрады атрымалі ўзнагароды ў дзесяці спецыяльных намінацыях.

Пераможцам у катэгорыі «Летні хіт» стала адна з самых харызматычных груп краіны – «Дразды», нязменным кіраўніком якой вось ужо дзясяты год з’яўляецца наш зямляк, ураджэнец вёскі Сівіца Віталь Карпанаў.

ЛАПО Пётр Міхайлавіч

Дацэнт кафедры верагоднасці і матэматычнай статыстыкі ФПМІ, кандыдат фізіка-матэматычных навук.

Нарадзіўся 16 ліпеня 1957 года ў вёсцы Гілікі. Скончыў з залатым медалём Івянецкую СШ у 1974 годзе. Паступіў на механіка-матэматычны факультэт БДУ, які закончыў з дыпломам з адзнакай.

З 1980 года П. М. Лапо займаецца навукай, абараняе кандыдацкую дысертацыю. У 1996 годзе стажыраваўся ў галіне актуарных навук у дзяржаўным універсітэце штата Джорджыя (ЗША). З 2002 года з’яўляецца прадстаўніком інстытута Актуарыяў Вялікабрытаніі ў Беларусі.

Пастаянны ўдзельнік буйнейшых міжнародных навуковых канферэнцый і кангрэсаў.

 



Добавить комментарий