ЗАСНАВАЛЬНІК СЯМЕЙНАЙ ДЫНАСТЫІ

Люди и судьбы

Жыццё складаецца з сустрэч і развітанняў, набыцця і страт… Заўсёды балюча, калі свет пакідае блізкі чалавек, сябар і паплечнік, з якім кожны дзень вітаўся за руку, які заўсёды гатоў быў прыйсці да дапамогу ці падтрымаць шчырым словам.

Сёлетняй вясной заўчасная смерць абарвала жыццё старшага прапаршчыка ўнутранай службы, начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 16 г. п . Івянец Валянціна Лушнікава. Гэта быў добры, спагадны чалавек, выдатны спецыяліст і цудоўны кіраўнік. Ідзе час, а яго калегам усё здаецца, што вось адчыняцца дзверы і зойдзе Валянцін Міхайлавіч, як заўсёды, прывітаецца: «Дзень добры, хлопцы…»

Ён прыйшоў служыць у выратавальную службу ў 1995 годзе, яго адразу назначылі начальнікам асобнага паста ваенізаванай пажарнай службы ў вёсцы Падневічы. Кар’ерны рост Валянціна Міхайлавіча складваўся паспяхова.  І не таму, што шанцавала, а таму, што ён умеў аддаць усяго сябе выбранай справе. Івянецкія выратавальнікі пад яго кіраўніцтвам толькі за 2012 год выратавалі чатырох чалавек, не далі агню ліквідаваць 5 пабудоў, адну адзінку тэхнікі, іншых матэрыяльных каштоўнасцей на 70 мільёнаў рублёў. За гэтымі лічбамі – напружаная штодзённая работа, пастаянныя вучэнні і тэарэтычныя заняткі.

Прафесіяналізм В. М. Лушнікава не застаўся не заўважаным. У 2011 годзе згодна з загадам Міністэрства яго ўзнагароджваюць нагрудным знакам «Выдатнік». Такую адзнаку, дарэчы, у краіне маюць толькі пяць выратавальнікаў. За дасягненне высокіх вынікаў у рабоце атрымаў грамату Мінскага абласнога ўпраўлення МНС, якая таксама даецца выключна рэдка.

Валянціна Міхайлавіча рэдка можна было застаць у кабінеце. Ён ездзіў па вёсках, заходзіў у кожны дом, каб асабіста пераканацца ў надзейнасці супрацьпажарнага стану. Ахвотна выступаў на сельскіх сходах, даходліва тлумачыў і старым, і малым, як важна выконваць усе патрабаванні выратавальнікаў.

Але ж не толькі стаўленне да прафесіі галоўнае ў характарыстыцы чалавека. Можна адточваць майстэрства па спецыяльнасці да бясконцасці, але так і не знайсці агульнай мовы з калегамі. Неабходна яшчэ мець якасці, пра якія не пішуць у службовых характарыстыках – цёплы позірк, добразычлівы голас, нязлобнасць, пачуццё гумару, разважнасць… Усім гэтым спаўна быў надзелены Валянцін Міхайлавіч. Таму і любілі яго ў калектыве шчыра, верылі кожнаму яго слову і стараліся не падводзіць свайго кіраўніка.

…Жыццё ход не спыняе. Вось ужо малодшы сын В. М. Лушнікава Яўген рашыў абраць прафесію бацькі. Гэта яскравы доказ таму, што і дома Валянціна Міхайлавіча любілі і паважалі. Так што Валянцін Міхайлавіч мае яшчэ адно званне – пачынальнік сямейнай дынастыі…

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий