ПАЙСЦІ Ў ВЕЧНАСЦЬ ДАРОГАЙ СВЯТЛА…

Культура

У цэнтры Баравікоўшчыны, калі ехаць трасай з Валожына ў Івянец, бярэ разбег вузкая вуліца. Яна цягнецца каля кіламетра і заканчваецца ў прылессі. Высокі драўляны крыж бачны здалёк. Ён сімвалізуе адметнасць гэтага месца. Па перыметры вялікага ўчастка ўзведзены хрысціянскія архітэктурныя мініяцюры, якія сведчаць пра шлях Хрыста на Галгофу. Вянчае месца алтар. Гэта своеасаблівы адкрыты храм пад блакітным небам.

Мемарыял узведзены ў памяць ксяндзоў-францішканцаў – благаслаўлёных Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня, замучаных немцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У нядзелю, 21 ліпеня, тут адбылося богаслужэнне з нагоды 70-годдзя трагедыі. У супольнай малітве аб’ядналіся вернікі Пяршайскай, Івянецкай і іншых парафій.

Прыгадвалася далёкая, балючая гісторыя… У ходзе карнай аперацыі “Герман” фашысты бязлітасна знішчалі вёскі і хутары ў Налібоцкай пушчы, а таксама ўсе хутары ў 15-ці кіламетрах ад лясоў для стварэння буфернай зоны. Вялікую групу людзей пад дуламі аўтаматаў акупанты пагналі ў невядомасць. Кожны з палонных думаў пра жахлівы канец. Нітачка іх жыцця трымцела, як павуцінка на халодным ветры. Каб падтрымаць вяскоўцаў у іх перажываннях, да іх далучыліся ксяндзы Ахілес і Герман. Святароў замучылі і спалілі.

На месцы трагедыі ў мінулую нядзелю сабраліся парафіяне, сваякі бласлаўлёных ксяндзоў-мучанікаў. Многія з пілігрымаў сюды дабраліся пешкі. Прысутнічалі вернікі нават і з далёкага расійскага Краснаярска. Кіраваў нядзельным богаслужэннем біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоній Дзям’янка. На імшу прыехалі таксама прадстаўнікі каталіцкага духавенства з Беларусі і Польшчы.

108 святароў загінулі ў гады вайны за веру, духоўна і маральна падтрымліваючы людзей у час выпрабаванняў. 21 ліпеня вернікі маглі пакланіцца рэліквіям святароў-мучанікаў Ахілеса і Германа. Подзвіг францысканцаў з Пяршайшчыны заклікае нас да любові да бліжняга. Гэта памяць аб хрысціянскім і зямным радаводзе. Як сказаў Антоній Дзям’янка: “Нашы думкі скіраваныя да крыжа, калі мы ўспамінаем пра вайну.” Мільёны людзей аддалі свае жыцці за вызваленне, у іх ліку і святары. Мемарыял у Баравікоўшчыне напамінае нам, жывым, пра гэту святую ахвярнасць.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий