Общество

Яшчэ адзін маладзёжны будаўнічы атрад нядаўна арганізаваны штабам студатрадаў пры раённым камітэце БРСМ.

Працуе ён на рэканструкцыі малочнатаварнай фермы ААТ “Суднікаўскі”. У атрадзе – восем падлеткаў з Івянецкай і Суднікаўскай школ, ёсць сярод іх і трое дзяўчат. Працуюць маладыя людзі па сем гадзін у дзень. Арганізаваны іх падвоз на працу з Івянца, бясплатнае харчаванне ў сталовай сельскагаспадарчага прадпрыемства. Кіруе будаўнічым атрадам студэнтка 3 курса Белдзяржпедуніверсітэта Кацярына Дубінец, ураджэнка Суднікаў. У канцы жніўня школьнікі атрымаюць сваю першую зарплату за месяц работ на рэканструкцыі фермы. Наймальнік ЗАТ “БК “Белбудаўніцтва” абяцае ім ад 3 да 4 мільёнаў рублёў.

 

У Івянцы з 26 па 28 ліпеня пройдзе Усебеларуская сустрэча моладзі, арганізаваная Каталіцкім Касцёлам. Сёлета яе ўдзельнікаў чакаюць цікавыя лекцыі, круглыя сталы, канферэнцыі з біскупамі, прамая трансляцыя з Сусветнага дня моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра, сустрэча з польскім рэжысёрам Дамінікам Тарчыньскім, канцэрт амерыканскага прафесійнага бас-гітарыста кс. Стэна Фартуна. Дэвіз сустрэчы: “Ідзіце і навучайце ўсе народы”. Папярэднічаць адкрыццю сустрэчы моладзі будзе штогадовая “Музычная майстэрня”.

 

Мець уласны жылы дом заўсёды было прэстыжна. А першы крок да абсталявання сядзібы сваёй мары пачынаецца, вядома ж, з афіцыйнага атрымання зямельнага ўчастка.

Па стане на 1 ліпеня бягучага года ў нашым раёне ўключаны ў пералік свабодных (незанятых) 662 зямельныя ўчасткі. Яны выдзяляюцца грамадзянам, якія ўключаны ў спіс чарговасці. Прапанова, як сведчыць статыстыка, перавышае попыт. Бо сёння ў чарзе тых, хто жадае займець свой кут на зямлі, налічваецца 122 жыхары раёна.

Зямля адводзіцца для абслугоўвання аднакватэрных і блакіраваных жылых дамоў. Спіс участкаў папаўняецца за кошт ушчыльнення пустуючых, а таксама за кошт тых, якія ўжо не выкарыстоўваюцца грамадзянамі для вядзення асабістых падсобных гаспадарак, для сенакашэння, выпасу жывёлы паблізу населеных пунктаў. Пашыраюць афіцыйны спіс свабодных участкаў і землі, на якіх некалі знаходзіліся старыя пустуючыя дамы.

 

Разам з іншымі мерапрыемствамі ў мінулую пятніцу ў праграме прэс-тура журналістаў па Мядзельшчыне адбылося ўшаноўванне пераможцаў штогадовага абласнога спаборніцтва сярод сродкаў масавай інфармацыі, афіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў райвыканкамаў, вызначаны і лепшыя калектывы друкароў.

Лепшым друкаваным выданнем Міншчыны названа газета і праграма радыё

“Жодзінскія навіны.” Другое месца падзялілі “Маладзечанская газета і “Адзінства” з Барысава. На трэцяй прыступцы п’едэсталу гонару калектывы рэдакцый са Стоўбцаў і Вілейкі.

На абласным узроўні высока ацэнены і лепшыя творчыя праекты журналістаў вобласці. Узнагародзілі і рэдакцыі, якія вызначыліся ў дадатковых намінацыях. У гэтым спісе і наша раённая газета ў намінацыі «Лепшыя матэрыялы грамадскай тэматыкі».

 



Добавить комментарий